Восемдзясят гадоў — многа гэта ці мала? Для чалавека — амаль усё жыццё. Для газеты — цэлая эпоха, напісаная пяром тых, хто заўсёды гаварыў пра галоўнае: пра школу, пра настаўніка, пра адказнасць за будучыню.
…Калі ў 1945 годзе выйшаў першы нумар “Настаўніцкай газеты”, ён быў больш чым проста інфармацыйнай крыніцай — гэта быў сімвал адраджэння краіны пасля найцяжэйшых гадоў Вялікай Айчыннай вайны, веры ў сілу адукацыі. Праз пажоўклыя старонкі архіваў, якія беражліва захоўваюцца ў рэдакцыі, мы можам пачуць жывыя галасы людзей, якія ставілі перад сабой пытанні, як навучыць дзяцей быць сапраўднымі патрыётамі, як прывіць каштоўнасці, як зрабіць жыццё грамадства лепшым. Сёння гэтыя пытанні не страцілі сваёй актуальнасці.

“Настаўніцкая газета” заўсёды была люстэркам часу — уважлівым, крытычным, але добразычлівым. Мы мяняліся разам са школай, перажывалі рэформы, распаўсюджвалі новыя адукацыйныя тэхналогіі і адказвалі на выклікі часу. Але галоўнае, што для нас заўсёды заставалася нязменным, — гэта павага да Настаўніка. І, безумоўна, любоў, без якой няма ні добрых педагогаў, ні добрых журналістаў. Бо толькі праз любоў да чалавека і сваёй справы можна данесці тое, што сапраўды важна.
Сённяшняе інфармацыйнае поле змянілася, яно стала больш хуткім, больш даступным і ў той жа час больш патрабавальным. Таму яшчэ большую каштоўнасць набывае жывое слова, напісанае з веданнем справы і павагай да чытача. Мы ганарымся, што засталіся для беларускай адукацыі не проста выданнем, а пляцоўкай для дыялогу, адкрытай аўдыторыяй, дзе гучаць галасы шматлікіх настаўнікаў — вопытных і маладых, гарадскіх і сельскіх, школьных і ўніверсітэцкіх.
Нам — 80. Але гэта не ўзрост, гэта стымул працаваць з яшчэ большым імпэтам. Газета будзе жывая, пакуль ёй давяраюць, пакуль яна патрэбна тым, хто кожны дзень уваходзіць у клас з верай у дзяцей, у моц слова настаўніка. І мы верым, што лепшыя старонкі “Настаўніцкай газеты” яшчэ наперадзе, бо напісаны яны будуць разам з вамі.
З юбілеем нас усіх!
Кацярына ДУБІНСКАЯ,
галоўны рэдактар
Фота Алега ІГНАТОВІЧА





