Мабільнае навучанне і практыка ў Кітаі

- 11:04Адукацыйныя магчымасці

Нагодай для сустрэчы з дэканам факультэта эканомікі і кіравання Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Марынай Карпіцкай сталі два факты: стапрацэнтнае размеркаванне выпускнікоў (і так адбываецца штогод) і запланаваная на летні перыяд практыка студэнткі спецыяльнасці “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт” у Кітаі. Мы папрасілі Марыну Яўгеньеўну расказаць аб тым, як на факультэце рыхтуюць запатрабаваных спецыялістаў.

“Факультэт з’яўляецца адным з найбуйнейшых у Гродзенскім універсітэце — у нас вучыцца звыш 1800 студэнтаў па сямі спецыяльнасцях на першай ступені навучання і па 5 спецыяльнасцях магістратуры, — гаворыць М.Я.Карпіцкая. — Высокая якасць падрыхтоўкі, авалоданне сучаснымі тэхналогіямі і, самае галоўнае, супрацоўніцтва навукі з вытворчасцю гарантуюць канкурэнтаздольнасць выпускнікоў на рынку працы. Пацвярджэнне гэтага — стапрацэнтнае размеркаванне выпускнікоў, для якіх першым месцам работы сталі эканамічныя і фінансавыя службы прадпрыемстваў Гродзеншчыны, мытныя, падатковыя органы, банкаўскія арганізацыі і IT-кампаніі”.
Набор спецыяльнасцей на факультэце эканомікі і кіравання мяняецца зыходзячы з патрэбнасці эканомікі рэгіёна. Станаўленне спецыяліста і фарміраванне яго акадэмічных, прафесійных і сацыяльна-асобасных кампетэнцый адбываецца ў цесным супрацоўніцтве з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў, дзе сёння размяшчаюцца філіялы факультэцкіх кафедр. Там праводзяцца заняткі і вытворчая практыка студэнтаў, ажыццяўляюцца сумесныя даследаванні, праходзяць практыка-арыентаваныя стажыроўкі выкладчыкаў.
Дзеля павышэння практычнай арыентацыі падрыхтоўкі спецыялістаў эканамічнага профілю сёлета ва ўніверсітэце і на факультэце быў створаны Каардынацыйны савет па падрыхтоўцы кадраў. У яго склад увайшлі прадстаўнікі найбуйнейшых арганізацый, дзяржаўных органаў кіравання. Яны ўдзельнічаюць у рабоце дзяржаўных экзаменацыйных камісій, абмяркоўваюць тэматыку дыпломных, магістарскіх работ, праводзяць практыка-арыентаваныя заняткi са студэнтамі. Па эканамічным напрамку савет узначальваюць намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Ю.В.Шулейка і прарэктар па выхаваўчай рабоце ГрДУ імя Янкі Купалы В.В.Сянько.
“Важную ролю ў падрыхтоўцы кадраў на факультэце эканомікі і кіравання адыгрываюць партнёрскія сувязі з вядучымі навукоўцамі Беларусі і замежжа, — гаворыць Марына Яўгеньеўна. — У нас вельмі плённа дзейнічае праграма “Запрошаны прафесар”, у рамках якой вядучыя айчынныя і замежныя спецыялісты чытаюць нашым студэнтам лекцыі і праводзяць майстар-класы. Толькі за апошні год у рамках гэтай праграмы заняткі праводзілі такія вядомыя навукоўцы, як З.Маляра, В.Вашкілевіч, Х.Хаванец (Польшча), Д.Мадзіярава (Казахстан), Т.Тамашунас (Літва) і інш.”.
Як паказвае вопыт, развіццё адукацыі немагчыма без інтэграцыі ў сусветную адукацыйную прастору. Толькі за апошнія тры гады ў рамках праграмы абменаў студэнты факультэта прайшлі навучанне ва ўніверсітэтах Аўстрыі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Румыніі, Фінляндыі, Кіпра. Адначасова факультэт эканомікі і кіравання з’яўляецца пляцоўкай для стажыровак замежных студэнтаў і выкладчыкаў з Літвы, Польшчы, Расіi.
“Наш факультэт дае студэнтам магчымасць будаваць індывідуальную адукацыйную траекторыю не толькі праз акадэмічную мабільнасць, але і праз так званае мабільнае навучанне, — расказвае Марына Яўгеньеўна. — Перш за ўсё гэта ўключэнне ў адукацыйны працэс дыстанцыйных (анлайн) групавых і індывідуальных заняткаў. Развіваюцца таксама новыя тэхналогіі работы з інфармацыйнымі рэсурсамі і паслугамі — воблачныя тэхналогіі. Падрыхтоўка студэнтаў вядзецца і на міждысцыплінарным узроўні. Так, выпускнікі спецыяльнасці “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі ў эканоміцы” валодаюць не толькі праграмаваннем, але і паспяхова вырашаюць любыя эканамічныя задачы”.
Цеснае супрацоўніцтва з замежнымі ўніверсітэтамі дае магчымасць убачыць новыя напрамкі і метады адукацыйнага працэсу. Сярод партнёраў факультэта — Універсітэт прыкладных навук горада Вісмара (Германія), Кіеўскі нацыянальны ўніверсітэт імя Тараса Шаўчэнкі (Украіна), Тэхніка-гуманітарная акадэмія ў Бельска-Бяла (Польшча), Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт (Расія), Фінансава-тэхналагічная акадэмія (Расія), Шаўляйскі ўніверсітэт (Літва). Сёння фарміруецца і новы вектар навуковага ўзаемадзеяння — з універсітэтамі Казахстана. Так, нядаўна быў заключаны дагавор і распрацавана праграма міжнароднага супрацоўніцтва паміж факультэтам эканомікі і кіравання ГрДУ імя Янкі Купалы і эканамічным факультэтам Еўразійскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Л.М.Гумілёва на 2015—2016 гады. Прадугледжаны сумесныя навуковыя даследаванні, стажыроўкі, публікацыі, магчымасць навучання ў аспірантуры і магістратуры.
“Якаць адукацыі цалкам залежыць ад навуковага патэнцыялу, — гаворыць Марына Яўгеньеўна Карпіцкая. — Таму на факультэце штогод праводзяцца міжнародныя навукова-практычныя канферэнцыі, семінары, прысвечаныя актуальным праблемам развіцця сучаснай эканомікі ў глабальным, нацыянальным і рэгіянальным аспектах. Так, у канферэнцыі, якая адбылася ў маі, прынялі ўдзел звыш 100 навукоўцаў з 35 універсітэтаў Беларусі, Украіны, Польшчы, Казахстана, Літвы і Расіі, а таксама нашы студэнты, магістранты і аспіранты. Уключэнне іх у навуковую, практыка-арыентаваную дзейнасць, фарміраванне актыўнай жыццёвай пазіцыі садзейнічае вырашэнню галоўнай задачы, якая стаіць перад любым універсітэтам, — пастаяннае павышэнне якасці падрыхтоўкі кадраў. А гэта з’яўляецца залогам паспяховага сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна і краіны”.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.