Студэнт з Брэста наведаў за 3 месяцы 315 турыстычных аб’ектаў у Беларусі

- 13:19Новости

Па выніках рэспубліканскага турыстычнага конкурсу першакурснік БрДУ імя А.С. Пушкіна Ілья Ківачук атрымаў дыплом у намінацыі «Я пазнаю Беларусь».

Шлях да гэтага поспеху быў інтэнсіўным і пачаўся нечакана: пра спаборніцтва юнак даведаўся толькі ў канцы чэрвеня. Але гэта стала не перашкодай, а стымулам! На працягу 3 месяцаў Ілья актыўна даследаваў краіну, аб’ездзіў і пазнаў 315 аб’ектаў. Гэта быў сапраўдны марафон па знаёмстве з гісторыяй, культурай і прыродай роднага краю.

— Неверагодна спадабаліся наведаныя мясціны, але асабліва мне даспадобы старажытны касцёл у Жупранах, дзе спачывае паэт Францішак Багушэвіч. Гэта была сапраўдная сустрэча з гісторыяй! Рады, што змог пабываць таксама і ў геаграфічным цэнтры нашай краіны. Кожнае месца пакінула след у памяці і сэрцы, чарговы раз даказаўшы, якая ў нас прыгожая зямля, — расказаў Ілья.

Юнак падарожнічаў не адзін, бо лічыць, што знаёмствы з новым павінны быць агульнымі. Ён заўсёды браў з сабой сяброў з розных куткоў краіны, каб паказаць ім прыгажосць Беларусі. Усе маршруты пракладзены на аўтамабілі, што дазволіла дасягнуць самых аддаленых і цікавых пунктаў. Верным паплечнікам у многіх паездках быў Аляксей з Мінска, з якім яны разам адкрывалі для сябе новыя месцы і дзяліліся радасцю адкрыццяў.

Але падарожжы для Ільі — не проста захапленне. У БрДУ ён асвойвае спецыяльнасць «Урбаналогія і сіці-менеджмент». Кожны горад і мястэчка бачыць вачыма не толькі турыста, але і будучага спецыяліста па развіцці гарадскога асяроддзя.

— Атрыманы дыплом — не проста ўзнагарода,адзначыў юнак. — Гэта сведчанне таго, што нават за 3 месяцы можна зрабіць вельмі многае, калі ёсць мэта і энтузіязм. Кожны аб’ект — каштоўны ўклад і ў маё сэрца, і ў маю будучую прафесію. Раю ўсім пачаць такую цудоўную дарогу пазнання!

А пачаткам гэтай значнай справы стала сямейная ініцыятыва. Захапіцца ідэяй падарожжаў па краіне і далучыцца да конкурсу Ілью натхніла родная сястра, якая з’яўляецца актыўнай удзельніцай спаборніцтва і ўжо наведала 140 турыстычных аб’ектаў.

З любові да роднага кутка пачынаецца шлях у прафесію.

Валянціна ШЫЦІКАВА,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Велікарыцкай сярэдняй школы імя П.В. Саевіча Маларыцкага раёна