У бабруйскай гімназіі № 1 навучэнцы ствараюць сувеніры, ёлачныя цацкі, абярэгі, брошкі, бірулькі ў традыцыях народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Другі год пад кіраўніцтвам настаўніцы абслуговай працы Анжалікі Доўнар у гімназіі рэалізуецца праект “#Ведай сваё!”, які вырашае адразу некалькі важных задач: абуджае цікавасць дзяцей да культурнай спадчыны малой радзімы, папулярызуе народныя промыслы, вучыць захоўваць традыцыі продкаў і прывучае да працы. У ім удзельнічаюць дзяўчынкі і некалькі хлопчыкаў з 5 па 9 клас.
На ўроках працы і занятках аб’яднання па інтарэсах “Вырабы” вучні, асвоіўшы асновы такіх беларускіх рамёстваў, як разьба па дрэве, ткацтва, вышыўка, салома- і лозапляценне, пластычная кераміка, ствараюць простыя вырабы з падручных сродкаў і прыродных матэрыялаў. Гэта, напрыклад, ёлачныя ўпрыгажэнні з драўляных нарыхтовак “Анёлы” і “Калядныя зорачкі”, дэкарыраваныя беларускім арнаментам. А таксама прыхопкі і цукарніцы для велікодных кулічоў і пісанак, выкананыя ў лапікавай тэхніцы, “торбы шчасця” — мяшэчкі-бірулькі з абрэзкаў ільнянога палатна і тасьмы, напоўненыя сухімі лісцікамі мяты. Вырабляюць юныя рукадзельніцы і рукадзельнікі яшчэ абярэгі-бірулькі “ліхаманкі” з абрэзкаў тканіны, брошкі з палявых раслін і кветак або з выявай дзяцей у народных касцюмах розных рэгіёнаў краіны.

— Мэта нашага гімназічнага праекта “#Ведай сваё!” — папулярызацыя мясцовай культуры і захаванне культурнай спадчыны Беларусі, у гісторыі якой глыбока ўкараніліся традыцыі, — гаворыць Анжаліка Фёдараўна. — Удзельнічаючы ў праекце, гімназісты інтэгруюць веды з розных галін: гісторыі, мастацтва, працоўнага навучання. У арнаментах вышывак і карункаў, ляльках-абярэгах, інкрустацыях саломкай, ткацкіх, керамічных і драўляных вырабах — наша тысячагадовая гісторыя. Датычнасць да вытокаў народнай культуры, веданне звычаяў свайго народа спрыяюць фарміраванню ў дзяцей актыўнай грамадзянскай пазіцыі і патрыятызму, развіваюць творчыя здольнасці і эстэтычны густ.
Як адзначае педагог, сёння папулярны такі від турызму, як настальгічны. Людзі наведваюць месцы свайго дзяцінства, глыбей знаёмяцца з традыцыямі родных мясцін і натхняюцца на выраб упрыгажэнняў, абярэгаў, сувеніраў з падручных матэрыялаў.

Актывісты праекта праводзяць майстар-класы для ўсіх жадаючых вучняў падчас прадметнага тыдня па працоўным навучанні. Паўдзельнічаць у вырабе сувеніра або лялькі-абярэга могуць і бацькі на агульнашкольных і гарадскіх сходах.
Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА





