Якія інструменты з псіхалогіі экстрэмальных сітуацый могуць быць карыснымі педагогам у іх дзейнасці

- 11:09Актуально

Пра псіхалогію экстрэмальных сітуацый, метадычныя і дыягнастычныя інструменты, што дазваляюць выяўляць навучэнцаў, якім неабходна дапамога, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала дацэнт кафедры эксперыментальнай і прыкладной псіхалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы Таццяна Парфёнава.

— Таццяна Вячаславаўна, што натхніла вас пайсці па навуковай сцяжынцы?

Усё пачалося з жадання стаць псіхолагам. Калі мне было 15 гадоў, я разважала, якую прафесію выбраць. У той час мой старэйшы брат хоць і вучыўся ва ўніверсітэце на інжынернай спецыяльнасці, але, праслухаўшы курс па псіхалогіі, моцна захапіўся ёй. Пачаў чытаць спецыялізаваную літаратуру і нават сабраў невялікую хатнюю бібліятэку па псіхадыягностыцы. Яго кнігі часам праглядала і я і неяк задала яму простае пытанне: “Хто такі псіхолаг?” Брат мне адказаў: “Псіхолаг — спецыяліст, які ведае, чаму чалавек робіць тое, што ён ро­біць, і можа прадбачыць яго паводзіны”. Памятаю, як я здзівілася і нават перапытала: “Праўда, можа? Без усялякага чараўніцтва і магіі?” І ён мне наглядна прадэманстраваў адну з тэхнік нейралінгвістычнага праграмавання, прааналізаваўшы і прадказаўшы некаторыя з маіх дзеянняў. Гэта настолькі ўразіла мяне, што і самой захацелася навучыцца лепш разумець людзей. Так нара­дзілася мара.

Наступным крокам стаў пошук установы, дзе гэтую мару можна было б ажыццявіць. Мне хацелася не проста атрымаць прафесію, а навучыцца мысліць як псіхолаг, а для гэтага неабходна было адпаведнае акадэмічнае асяроддзе. Свой выбар я спыніла на факультэце псіхалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы. Паступіла на спецыяль­насць “Практычная псіхалогія” і скончыла яе з адзна­кай.

Любоў да даследчай работы абудзіла мой першы навуковы кіраўнік — кандыдат псіхалагічных навук дацэнт Тамара Канстанцінаўна Камарова. Яна натхніла мяне на першыя навуковыя артыкулы, выступленні на канферэнцыях, а пасля і на вучобу ў магістратуры і аспірантуры. Пад яе кіраўніцтвам я падрыхтавала некалькі навуковых работ, якія атрымалі прызнанне,  стала пераможцай Рэспубліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў і была ўдастоена прэміі cпецфонду Прэзідэнта Рэспуплікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

— Якія прафесійныя дасягненні выклікаюць у вас найбольшую гордасць?

— Хочацца верыць, што галоўныя дасягненні ў мяне яшчэ наперадзе. Але сёння я перш за ўсё ганаруся тым, якім чалавекам і прафесіяналам стала. Я вучылася ў лепшых з лепшых і абараніла кандыдацкую дысертацыю пад кіраўніцтвам аднаго з вядучых вучоных Беларусі — доктара псіхалагічных навук прафесара Канстанціна Віктаравіча Карпінскага. Ён заснавальнік і лідар навуковай школы “Псіхалогія жыццёвага шляху асобы”, у склад якой маю гонар уваходзіць. Магу шчыра сказаць: я шчаслівы чалавек, бо мне даравана радасць такіх неверагодных навуковых зносін. І гэтым шчасцем дзялюся з калегамі і студэнтамі, якія неаднаразова перамагалі ў розных навуковых конкурсах і алімпіядах, атрымлівалі граматы за лепшыя распрацоўкі і дыпломы з адзнакамі.

— Як і чаму вы захапіліся псіхалогіяй экстрэмальных сітуацый?

Такому выбару паспрыяла маё ўменне суперажываць і спачуваць. Тым больш што мой спосаб спраўляцца з жыццёвымі цяжкасцямі — перш за ўсё зразумець, што адбываецца. Яшчэ ў студэнцкія гады, вывучаючы псіхалогію абараняльных і саўладальных паводзін, факусіравалася ў асноўным на штодзённым стрэсе. А калі прыйшоў час выбіраць тэму для дысертацыі, мой навуковы кіраўнік прапанаваў даследаваць адтэрмінаваныя псіхалагічныя наступствы экстрэмальных падзей для выпадковых сведак. Гэты напрамак слаба вывучаны, і ўсведамленне, што мы ўносім важкі ўклад у яго развіццё, надае рабоце асаблівы сэнс.

— Вы распрацавалі новыя методыкі псіхалагічнай дыягностыкі. Чым яны будуць карысныя педагогам?

— Распрацоўка методык — гэта шлях ад тэарэтычнай ідэі да эмпірычна праверанай і ўзнаўляльнай мадэлі, у якой кожнае пытанне адлюстроўвае зыходную задуму аўтара. У аснове маіх работ ляжыць ідэя пра тое, што экстрэмальная падзея можа стаць персанагеннай, а значыць, не толькі траўміраваць, але і развіваць асобу. Ключавым механізмам тут выступае асобасны сэнс падзеі — суб’ектыўнае перажыванне і разуменне таго, як яна звязана з патрэбамі, каштоўнасцямі, жыццёвымі мэтамі чалавека, чаму яна перашкаджае і куды неабходна накіраваць свае намаганні па яе пераадоленні. У выніку галоўнай задачай асобаснага развіцця павінен стаць агульны арыенцір — каб здабыткі дамінавалі над стратамі. Вельмі складана ўтрымаць гэтую сувязь ва ўмовах перажывання экстрэмальных макрасацыяльных падзей (бо іх немагчыма неяк адмяніць, змяніць, пераўтварыць) чалавекам, які стаў іх сведкам або ахвярай, і застаецца адзін правільны выбар — змяніцца самому. А значыць, вопыт пераадолення, нават самы балючы, можа стаць крыніцай сілы, сэнсу і новых магчымасцей. Часта чалавек не вінаваты ў тым, што апынуўся ў экстрэмальнай сітуа­цыі, але яго адказнасць — яе пера­жыць, знайсці сэнс у змененых умовах і адка­заць сабе на пытанне: “Якую задачу перада мной ставіць жыццё?”.

Мае методыкі — семантычны дыферэнцыял “Ацэнка экстрэмальнай па­дзеі” і “Апытальнік асобасных змяненняў пад уздзеяннем экстрэмальнай падзеі” — дазваляюць ацаніць дынаміку змяненняў і паказаць, якія сферы, напрыклад, асэнсаванасць жыцця і самаадносіны, становяцца апорай у надзвычайнай сітуацыі, а якія патрабуюць увагі, напрыклад, перажыванне пагрозы экстрэмальнай падзеі.

Гэтыя інструменты ўжо прайшлі апрабацыю і стандартызацыю, што робіць іх не толькі даследчым, але і практычным рэсурсам. У прыватнасці, педагогі мо­гуць выкарыстоўваць іх для лакальнай дыягностыкі стану вучняў пасля траўміруючых падзей. Названыя інструменты дапамогуць выяўляць не толькі зоны ўразлівасці, але і ўнутраныя рэсурсы навучэнцаў, такія як здольнасць да асэнсавання, захаванне самакаштоўнасці або пошук новых адчуванняў. На гэтай аснове можна будаваць індывідуальную стратэгію падтрымкі: праз даверлівыя гутаркі, адаптацыю вучэбнай нагрузкі, развіццё навыкаў самарэгуляцыі ці своечасовае падключэнне школьнага псіхолага. Такі падыход дазваляе перайсці ад агульнай дапамогі да сэнсаарыентаванай падтрымкі. Гэта дазво­ліць вучню не проста справіцца з сітуацыяй, але і выявіць у сваім вопыце патэнцыял для асобаснага росту — у адпаведнасці з ключавым прынцыпам: каб здабыткі ў выніку дамінавалі над стратамі.

Дарэчы, зараз я рыхтую да друку манаграфію. Яна стане вынікам шматгадовых даследаванняў па напрамку “Асоба ў экстрэмальнай макрасацыяльнай сітуацыі”. У рабоце праводзіцца аналіз таго, як людзі ўспрымаюць, перажываюць і пераадольваюць такія пагрозы, як вайна, пандэмія і тэракты.

— Таццяна Вячаславаўна, вы не толькі паспяховы вучоны, але і таленавіты выкладчык. Як матывуеце студэнтаў займацца навукай?

— Пры выбары тэм даследаванняў імкнуся заўсёды ўлічваць інтарэсы навучэнцаў, бо ім павінна падабацца будучая работа. Заўсёды расказваю ім пра магчымасці, якія могуць з’явіцца на навуковым шляху, а таксама пра тое, што можа паўплываць на іх асобаснае і прафесійнае развіццё.

Матывую асабістым прыкладам і заўсёды расказваю гісторыю станаўлення нашай навуковай школы, вытокі якой узыхо­дзяць да Маскоўскай псіхалагічнай школы па лініі Л.С.Выгоцкага — Л.І.Бажовіч. Гэта натхняе студэнтаў і выклікае пачуццё гордасці за наш калектыў, стымулюе жаданне адпавядаць сваім настаўнікам.

Да таго ж на нашым факультэце створаны ўсе ўмовы для развіцця навуковай думкі. Наш калектыў — каманда прафесіяналаў, спагадлівых і неабыякавых да лёсаў сваіх вучняў і іх прафесійнага станаўлення. Штогод мы праводзім навуковыя канферэнцыі, актыўна развіваем акадэмічную мабільнасць і арганізоўваем міжнародныя мерапрыемствы.

— Чаго б вы пажадалі калегам як вопытным, так і пачаткоўцам у сувязі з Днём навукі ?
— Жадаю натхнення, стойкасці і ўзаемнай падтрымкі. Няхай вашы ідэі знаходзяць водгук, даследаванні — рэсурсы, а вучні — свой шлях у навуцы. А яшчэ абавязкова беражыце ў сабе дапытлівасць і цікаўнасць, бо менавіта яны служаць рухавіком любога сапраўднага адкрыцця, ператвараючы руціну ў даследаванне, а перашкоды — у цікавыя задачы.

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота з архіва гераіні