Захапляльнае энергазберажэнне, інтэрактыўныя гульні і метад марфалагічнага аналізу — што пачытаць у «Партфоліа»?

- 16:20Новости

Чарговы выпуск метадычнага дадатку да «Настаўніцкай газеты» выйдзе 30 студзеня. У ім чытачоў чакае шырокая палітра тэм і ідэй ад настаўнікаў краіны, журналісцкія матэрыялы пра лепшы педагагічны вопыт.

Любоў да роднага слова, да культурнай спадчыны продкаў у Крулеўшчынскай сярэдняй школе Докшыцкага раёна імя І.П. Ціткова прывівае настаўніца беларускай мовы і літаратуры Настасся Кухта. Педагог пераканана: сучасны ўрок літаратуры не павінен абмяжоўвацца аналізам тэксту. Яго можна абагачаць праз зварот да сумежных дысцыплін — сусветнай і айчыннай мастацкай культуры, гісторыі, рускай літаратуры, музыкі і інш.

Як з дапамогай метаду марфалагічнага аналізу зрабіць урок эфектыўным і займальным, прадставіць вучэбны матэрыял у зразумелай і даступнай форме, навучыць прымяняць атрыманыя веды, у сваім артыкуле расказала Алена Якубец, настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 1 Ляхавіч.

Настаўніца матэматыкі Поразаўскай сярэдняй школы Свіслацкага раёна Марыя Галась на ўроках не толькі фарміруе вылічальныя навыкі, але і выхоўвае пачуццё гордасці за сваю краіну. Яна падзялілася вопытам выкарыстання заданняў з патрыятычным зместам, куды ўключае важныя гістарычныя звесткі.

Ірына Кахоцкая, настаўніца матэматыкі Пагародненскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці, ведае, як захапіць сучаснае пакаленне тэмай энергазберажэння. Педагог адмовілася ад сумных лозунгаў і запусціла творчую лабараторыю, дзе перагарэлыя лямпачкі ператвараюцца ў арт-аб’екты, а захаванне энергіі — у захапляльны квест.

Настаўніца рускай мовы і літаратуры, настаўнік-метадыст сталічнай сярэдняй школы № 182 імя Уладзіміра Карвата Святлана Назарава ў 2025 г. стала ўдзельнікам і кіраўніком праекта, распрацаванага яе калегамі. У сваім артыкуле яна падзялілася, што творчыя педагогі стварылі для вучняў 5-га класа праграму аб’яднання па інтарэсах «Калейдаскоп навук», якая складаецца з узаемадапаўняльных модуляў «Біялогія» і «Хімія», пачалі фарміраваць банк адпаведных вучэбна-метадычных матэрыялаў.

Каб зацікавіць вучняў прадметам, настаўніца фізікі сярэдняй школы № 40 Віцебска імя М.М. Громава Таццяна Бандарэнка і яе калега з сярэдняй школы № 28 Віцебска імя Е.С. Зяньковай Наталля Хвалько распрацавалі настольную гульню «Мема-фізіка», а настаўніца геаграфіі гімназіі Лагойска Алена Бабкевіч выкарыстоўвае інтэрактыўныя гульні, квестбукі, чат-боты і аўдыягіды. У працяг тэмы — вопыт сярэдняй школы № 1 Бялыніч імя М.І. Пашкоўскага, дзе асаблівую ўвагу ўдзяляюць развіццю прафесійных кампетэнцый настаўнікаў у пытаннях прымянення ў адукацыйным працэсе ІТ. На сайце ўстановы дзейнічае віртуальны метадычны кабінет.

Вялікай папулярнасцю ва ўдзельнікаў XV Рэспубліканскага каляднага фестывалю педагагічнага майстэрства, што праходзіў у Акадэміі адукацыі, карыстаўся фармат кароткіх 20‑мінутных выступленняў «Скарбонка настаўніка», падчас якіх прэзентаваліся эфектыўныя метады і прыёмы навучання і выхавання. Падрабязней пра гэта чытайце ў рубрыцы «Метадычная скарбонка».

Акрамя таго, прапануем азнаёміцца з вопытам карэкцыйна-педагагічнай і лячэбна-аднаўленчай работы ў спецыяльным дзіцячым садзе № 19 Мінска, дзе выхаванцы з парушэннямі зроку акружаны ўвагай і клопатам з боку каманды педагогаў і медыкаў. Настаўнік-дэфектолаг Святлана Грыцкова прадставіла аўтарскі дыдактычны афтальматрэнажор «Бінакуляр» з комплексам гульнявых практыкаванняў для развіцця зрокавага ўспрымання ў двух-, трохгадовых дзяцей з парушэннямі зроку.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота Ульяны КАСЦЮНІНАЙ