Чаму Мсціслаў называюць беларускім Суздалем і нават параўноўваюць з Рымам

- 12:20Репортаж

На першы погляд гэты невялікі райцэнтр не падаецца асаблівым: насельніцтва каля 10 тысяч, няма буйных прадпрыемстваў, шырокіх праспектаў, гандлёвых цэнтраў. Затое якая ў Мсціслава багатая гісторыя! 

А якія тут жывуць гасцінныя людзі і наколькі моцна яны любяць свой горад! І помнікі архітэктуры… Іх тут цэлы россып: цэрквы, касцёлы, грамадскія будынкі розных эпох і нават Замкавая гара вышынёй з 6-павярховы дом з адноўленымі на ёй драўлянымі ўмацаваннямі часоў Сярэднявечча! Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Спатканне з горадам

Журналісцкі лёс падарыў мне ўжо чацвёртае спатканне з гэтым унікальным горадам. Як і папярэднія, яно было насычаным, адметным, напоўненым цікавымі знаёмствамі. Гэтым разам старажытны Мсціслаў здзіўляў марознай казкай і, як заўсёды, захапляльнымі аповедамі настаўнікаў…

Сваё першае спатканне з Мсціславам добра памятаюць і педагогі сярэдняй школы № 2: намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Марыя Уладзіміраўна Асіпенка (ураджэнка Мазыра) і настаўніца гісторыі Вольга Пятроўна Шчыпіла, якая ў 2007 годзе пасля заканчэння БДУ прыехала сюды па размеркаванні з Новалукомля, што ў Чашніцкім раёне.

— Спачатку думала, што ў Мсціславе будзе сумна. Усё ж такі ён значна меншы, чым мой родны Мазыр. Але першая вечаровая прагулка, другая… Цяпер у нас з мужам традыцыя — кожны вечар у цёплае надвор’е стараемся выходзіць у цэнтр горада, каб разам любавацца архітэктурнымі асаблівасцямі будынкаў. За 5 гадоў жыцця ў Мсціславе палюбіла гэты горад, даведалася шмат цікавага з яго гісторыі, — па­дзялілася Марыя Асіпенка.

Мароз не перашкода

На падобныя прагулкі Марыя Уладзіміраўна адпраўляецца і разам з вучнямі ў рамках шостага школьнага дня і работы пры­школьных летнікаў. Канечне, прайсціся па ўтульных вуліцах летнім днём прыемна і карысна. Аднак і цяпер, калі мароз пафарбаваў дрэвы ў белы колер, атры­маеш края­знаўчае задавальненне. А дзякуючы Вользе Пятроўне Шчыпіла і распрацаванай ёй серыі завочных экскурсій, з адметнасцямі Мсціслава можна знаёміцца ў віртуальным фармаце. Ён асабліва актуальны пры мінус 20 за акном.

— Каб такія экскурсіі былі больш запамінальнымі, па кожным гістарычным аб’екце, праз які пралягае маршрут, зрабіла інфармацыйны ліст. Дзеці лю­бяць усё яркае, таму выкарыстала рознакаляровую інфаграфіку, фотаздымкі, вынаскі ў форме геаметрычных фігур, карты. Звесткі старалася адаптаваць пад узрост вучняў, не перагру­жаць іх лішняй інфармацыяй, — паведаміла настаўніца гісторыі.

Падчас завочных экскурсій Вольга Шчыпіла актыўна выкарыстоўвае краязнаўчыя гульні. Заўсёды пад рукой “Мой горад” у стылі папулярнага “Мема”, дзе на адваротным баку картак змешчаны фотаздымкі помнікаў архітэктуры Мсціслава. Задача гульцоў — запомніць выявы аб’ектаў і, пераварочваючы карткі, адзначыць дзве аднолькавыя.

А вось у этнаграфічным раздзеле музейнай экспазіцыі наведвальнікі спрабуюць удачу ў “Народным даміно”. Тут на фішках замест кропак — фота прадметаў працы і побыту нашых продкаў.

— Калі аповед настаўніка чаргуецца з перапынкамі на гульню, гэта робіць экскурсію дынамічнай і больш цікавай для вучняў, — адзна­чыла Вольга Пятроўна.

Напрыклад, інфармацыйныя лісты па тэме “Адметнасці Мсціслаўскага краю” пачынаюцца са скрыншота і спасылкі на адпаведную Google-карту. Далей прапануецца знаёмства з топ-5 гістарычных аб’ектаў Мсціслаўшчыны — Замкавай гарой, музеем Максіма Гарэцкага, пажарнай каланчой, будынкам былой мужчынскай гімназіі, гандлёвымі радамі. Так, экскурсія па Замкавай гары пачынаецца з цікавага факта, змешчанага пад вынаскай “Унікальныя знаходкі”. Аказваецца, дзве з трох выяўленых на тэрыторыі Беларусі берасцяных грамат знойдзены ў Мсціславе. Побач — сучасны здымак помніка археалогіі і яго выява на старых фатаграфіях. На чырвоным фоне (для прыцягнення большай увагі дзяцей) кароткая інфармацыя пра тое, што Замкавая гара з’яўляецца свое­асаблівым музеем пад адкрытым небам, дзе амаль дзевяць стагоддзяў назад пачаў свой летапіс Мсціслаў.

— Гэта першапачатковы цэнтр старажытнага горада, — расказвае Вольга Пятроўна. — Размешчана замчышча на высокім правым беразе ракі Віхра і ўзвышаецца на 20 м над узроўнем вады. Яго атачалі шырокія (каля 60—100 м) і глыбокія (больш за 25 м) равы. Іх рэшткі і цяпер уражваюць сваімі памерамі. Плошча гары каля 2 га, яна была ўмацавана па перыметры кальцавым валам. На вяршыні знаходзіліся абарончыя канструкцыі і ўязная брама. Высокі пад’ёмны мост злучаў замак з навакольным горадам. У цэнтры гара­дзішча ўзвы­шалася васьмівугольная вежа-данжон. Падобныя былі ва ўсіх буйных сярэднявечных гарадах і складаліся з 2—4 ярусаў. Ніжні часта займаў храм, на верхніх жыў князь з сям’ёй, а падчас аблог вежа была апошнім рубяжом абароны, у ёй хаваліся ўцалелыя жыхары горада. Сёння толькі ў Камянцы можна ўбачыць вежу падобнага тыпу.

Вольга Шчыпіла

А вось у літаратурна-края­знаўчым музеі сярэдняй школы № 2 Мсціслава знаходзіцца драўляны макет вежы-данжон. Ён быў створаны некалькі гадоў назад вучнямі і настаўнікам працоўнага навучання Ула­дзімірам Дзмітрыевічам Ешчанкам. Цікавы факт: для будаўніц­тва макета выкарыстаны амаль 270 бярвенчыкаў таўшчынёй не больш за 1,5 см. Арыгінальная канструкцыя цудоўна дапаўняе аповед экскурсаводаў, як і яркія стэнды з фотаздымкамі і кароткім апісаннем найбольш значных аб’ектаў.

Пад самымі аблокамі

У педагагічнай скарбонцы Вольгі Шчыпіла шмат рознатэматычных экскурсій. Такі падыход дазваляе больш грунтоўна даведацца пра архітэктурныя, гістарычныя, культурныя, прыродныя аб’екты. Па словах настаўніцы, ёсць пэўныя стандарты экскурсій, патрабаванні да іх працягласці ў адпаведнасці з узростам дзяцей, таму знаёмства з горадам і раёнам разбіта на некалькі тэм, напрыклад, “Старажытны Мсціслаў”, “Святыні Мсціслаўскай зямлі”, “Гарадскія адметнасці”.

У ранейшыя часы ў Мсціславе, калі ён быў меншы па плошчы, чым сучасны горад, знахо­дзілася значна больш праваслаўных цэркваў, касцёлаў, некалькі сінагог і дзясяткі жылых, адміністрацыйных і гаспадарчых будынкаў. З гэтага скарбу да нашага часу дайшло ўсяго некалькі. Вольга Пятроўна спынілася на трох — пажарнай каланчы, касцёле кармелітаў і Аляксандра-Неўскім праваслаўным саборы.

— Пажарная каланча і цяпер з’яўляецца самым высокім будынкам горада, мясцовым небаскробам, хоць і ўзведзена ў пачатку ХХ стагоддзя. Для таго часу пажары былі не рэдкасцю. Найбольш буйныя здарыліся ў 1858 годзе, калі агонь знішчыў каля 500 дамоў, і ў 1863-м. Тады згарэлі ўсе гандлёвыя рады. Пасля гэтага ў Мсціславе вырашылі стварыць добраахвотнае пажарнае таварыства, крыху пазней узвялі і 20-метровую каланчу. Сёння яна закрыта для наведвальнікаў, аднак на святы, напрыклад, традыцыйны “Рыцарскі фэст”, дазваляецца падняцца на верхні ярус і палюбавацца панарамай горада, — паведаміла Вольга Пятроўна.

Маляўнічы від адкрываецца і са званіцы Аляксандра-Неўскага кафедральнага сабора, узведзенага ў 1870 годзе ў рэтраспектыўна-рускім стылі. Адметнасць храма ў тым, што яго алтарная частка павернута не на ўсход, як прынята ў праваслаўным дойлідстве, а на паўднёвы захад.

З любога пункта Мсціслава бачны і касцёл былога кармеліцкага манастыра. Асабліва прыгожа ён глядзіцца на фоне заснежаных схілаў Замкавай гары. Узведзены храм у 1637 годзе, а ў 1746—1750 гадах перабудаваны знакамітым архітэктарам Янам Глаўбіцам. Менавіта ў такім выглядзе і дайшоў да нашага часу. Касцёл далікатны, светлы, з акуратнымі дэталямі, без лішніх упрыгажэнняў. Храм бачны з розных частак горада і, здаецца, лунае над ім.

This is my hometown

Калі Вольга Пятроўна Шчыпіла распрацоўвае і право­дзіць экскурсіі на беларускай і рускай мовах, то Сяргей Фёдаравіч Ходак з гімназіі Мсціслава — на англійскай. Справа не толькі ў тым, што ён атэставаны гід-перакладчык. Настаўнік англійскай мовы ўпэўніўся: дзеці з большай цікавасцю вывучаюць замежную мову, калі чуюць на ёй аповед пра адметнасці не далёкага Лондана, а роднага Мсціслава.

Напрыклад, вучням 7 класа педагог прапаноўвае скласці міні-экскурсію па горадзе, расказаць пра тыя будынкі, якія яны бачаць па дарозе ў гімназію. Архітэктурнай спадчынай такія заданні не абмяжоўваюцца. Школьнікі ствараюць і паспяхова абараняюць на англійскай мове праекты пра традыцыйную беларускую кухню, помнікі прыроды нашай краіны. Сяргей Фёдаравіч з гордасцю падвёў да шафы і паказаў гэтыя работы.

— Горад, у якім мы жывём, унікальны. Яго называюць беларускім Суздалем за вялікую колькасць помнікаў архітэктуры, якія захаваліся на адносна невялікай тэрыторыі, — паведаміў Сяргей Ходак. — Яшчэ Мсціслаў параўноўваюць са сталіцай Італіі, бо ён таксама размешчаны на сямі ўзгор­ках. І якіх! Напрыклад, вышыня Замкавай гары 20 м. Калі кожны дзень праходзіш побач з будынкамі мінулых эпох, не можаш не зацікавіцца іх гісторыяй. У рамках рэалізацыі рэспубліканскага інавацыйнага праекта па ўкараненні геаінфармацыйных тэхналогій у вучэбную і даследчую дзейнасць мы з калегамі працавалі над работай па тэме “Хрысціянскія святыні Мсціслаўскага раёна”: алічбавалі матэрыялы, стварылі інтэрактыўную Google-карту з апісаннем рэлігійных аб’ектаў. Ідэя ўзнікла падчас наведвання самага старажытнага горада Беларусі.

Калі ўбачыў, колькі турыстаў прыязджае паглядзець на святыні Полацка, то падумаў: нам таксама ёсць што паказаць.

Вярнуць знішчаныя помнікі мы, на жаль, не можам, аднак засяродзіць увагу грамадскасці на важнасці захавання тых, што засталіся, у нашых сілах.

Краязнаўчая ўзнагарода

Слухаючы аповед захопленага педагога, не здзівіўся, калі ён сказаў, што ў невялікім, але багатым на архітэктурную спадчыну Мсціславе 7 атэставаных экскурсаводаў. Прычым 3 з іх працуюць у гімназіі. Акрамя Сяргея Фёдаравіча, гэта і Аляксандра Міхайлаўна Скугарава. Яна трэці год выкладае гісторыю ва ўстанове, якую некалі скончыла сама і дзе вучылася ў педагагічнай групе. Настаўніца з’яўляецца старшынёй маладзёжнага савета пры Мсціслаўскім раён­ным Савеце дэпутатаў і паспела прыняць удзел у рэалізацыі карысных ініцыятыў. Адна з іх — стварэнне ў гімназіі гісторыка-­этнаграфічнага музея.

— Я атэставаны экскурсавод па Магілёўскай вобласці. Свой горад люблю ўсім сэрцам, таму на момант размеркавання хацела вярнуцца толькі ў Мсціслаў і менавіта ў гімназію. Тут для мяне ўсё роднае, знаёмае. У гімназіі я спакойна пачала працоўны шлях, займаюся справай, якая падабаецца. Памятаю і сваё баявое хрышчэнне — на мой першы ўрок у Дзень ведаў завітала кіраўніцтва райвыканкама. Лічу, што годна вытрымала гэты своеасаблівы экзамен, і цяпер мне ў настаўніцкай справе нічога не страшна, — з усмешкай адзначыла педагог.

Ганарыцца Аляксандра Міхайлаўна сваім удзелам у афармленні музейнай экспазіцыі, у прыватнасці, распрацоўцы канцэпцыі стужкі часу. Па яе словах, дзеці больш грунтоўна засвойваюць пэўную тэму па гісторыі Беларусі, калі інфармацыя з падручніка дапаўняецца непасрэдным знаёмствам з прадметамі эпохі, якая вывучаецца. Таму для сваіх вучняў яна часта праводзіць музейныя ўрокі. Падчас іх экспазіцыйная зала на некалькі хвілін ператвараецца ў міні-кінатэатр, дзе навучэнцам прапануецца паглядзець відэаролікі па гісторыі горада.

Замкавая гара з адноўленымі на ёй драўлянымі ўмацаваннямі часоў Сярэднявечча

Як і ў кожнага жыхара Мсціслава, у Аляксандры Скугаравай ёсць любімае месца. Для маладой настаўніцы гэта Траецкая гара.

— Тут мы часта заканчваем экскурсіі, і ў якасці ўзнагароды за добрыя паводзіны падчас краязнаўчай прагулкі дазваляю дзецям залезці на высокі вал. Яны проста ў захапленні. Па выкла­дзенай пліткай сцяжыне, якая вядзе на Замкавую гару, ім падымацца не так цікава, а вось узняцца па траве на Траецкую — у ра­дасць. Дарэчы, асобная мая экскурсія якраз і прысвечана прыроднай адметнасці нашага краю і называецца “Мсціслаўскі раён — сямігор’е”. Справа ў тым, што яго тэрыторыя размешчана на Горацка-Мсціслаўскім узвышшы, чым і тлумачыцца незвычайны рэльеф горада і ваколіц, — адзначыла педагог.

Фотагенічныя мясціны

Будынак былой земскай управы. Сёння гэта адзін з вучэбных карпусоў Мсціслаўскага дзяржаўнага будаўнічага каледжа

Мсціслаў прыцягальны, чароўны, сюды абавязкова захочацца вярнуцца, каб чарговы раз адчуць адметную атмасферу ўтульных вуліц, зрабіць яшчэ некалькі яркіх здымкаў. Прычым іх прыгажосць не залежыць ад пары года. Прыязджайце ў Мсціслаў вясной, калі прырода абуджаецца пасля доўгага сну, — не пашкадуеце. Завітайце летам, у перыяд буянства зялёнага колеру, — таксама будзеце задаволены. Восень падорыць выявы архітэктурных помнікаў на фоне жоўта-чырвонай лістоты, а зіма — кадры з пакрытымі белым фут­рам дрэвамі. Такі ён, Мсціслаў, — унікальны, фотагенічны.

Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара