Чым ганарыцца сістэма адукацыі Глыбоцкага раёна, і якія ўмовы ствараюцца для маладых спецыялістаў

- 12:20Планерка

Перспектывы развіцця сельскіх школ, падрыхтоўку вучняў па рабочых прафесіях і іншыя тэмы абмеркавалі з начальнікам аддзела па адукацыі Глыбоцкага райвыканкама Таццянай Гаўрылавай. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Чым сёння ганарыцца сістэма адукацыі Глыбоцкага раёна?

— Доўгі час мы ўтрымлівалі лідарства па колькасці дзяцей, якія прайшлі навучанне ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку, апярэджвалі па гэтым паказчыку вялікія гарады і раёны вобласці. Зараз раён на трэцім месцы. У мінулым годзе ў тэхнапарку вучыліся 28 школьнікаў, ­адзін з іх атрымаў рэкамендацыі для паступлення ў БДУІР. Глыбоцкі раён стаў адным з першых у краіне, хто далучыўся да супрацоўніцтва з Паркам высокіх тэхналогій. На базе гімназіі і трох сельскіх школ — Карабаўскай, Ломашаўскай і Азярэцкай — створаны цэнтры інжынернай адукацыі, якія ПВТ забяспечыў сучасным абсталяваннем, наборамі па робататэхніцы. Так у раёне пачалося ўкараненне STEM-­адукацыі. З 1999 года трымаем высокую планку ў алімпіядным і конкурсным руху. Сёлета восем вучняў сталі дыпламантамі абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды. Вынік зладжанай работы за 2025 год — 56 узнагарод рэс­публіканскага і 92 — абласнога ўзроўню на конкурсах і канферэнцыях па самых розных напрамках. Ганарымся і педагогамі. У гімназіі працу­юць тры настаўнікі-метадысты: настаўніца пачатковых класаў Святлана Мацулевіч, настаўніца інфарматыкі Лі­дзія Раманчук і настаўніца гісторыі Іна Шымко. Педагогі праводзяць майстар-класы для калег не толькі раёна, вобласці, але і ўсёй краіны.

— Як арганізавана работа па прафарыентацыі і падрыхтоўцы школьнікаў па рабочых прафесіях, у тым ліку будучых кадраў для раённых прадпрыемстваў?

— Большая частка выпускнікоў 9-х класаў Глыбоцкага раёна выбірае каледжы: сёлета такіх дзяцей 52%, у мінулым годзе было 56%. 

Падрыхтоўка па рабочых прафесіях арганізавана на базе кожнай школы. Для вучняў 10–11-х базавых класаў практычныя заняткі праходзяць у Глыбоцкім дзяржаўным каледжы. Кожную суботу школьнікі асвойваюць прафесіі муляра, кветкавода, аператара ЭВМ, трактарыста, слесара па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання і атрымліваюць адпаведныя пасведчанні. Наладжана супрацоўніцтва з прадпрыемствамі і УВА. Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат заключае мэтавыя дагаворы з выпускнікамі, па якіх дзеці паступаюць у каледж ці ва ўніверсітэт харчовых і хімічных тэхналогій у Магілёве. Празароцкая і Залеская школы, а таксама гімназія маюць дагаворы з акадэміяй ветэрынарнай медыцыны ў Віцебску. Акрамя таго, для школьнікаў арганізоўваюцца экскурсіі на прадпрыемствы. За ўстановамі замацаваны шэфскія арганізацыі: напрыклад, малочнакансервавы камбінат курыруе гімназію.

— Якія ўмовы ствараюцца для маладых спецыялістаў?

— У 2025 годзе да нас прыехалі 20 маладых спецыялістаў, з іх трое — па мэтавых накіраваннях. Тры педагогі — не з нашага раёна, астатнія ж вярнуліся на сваю малую ра­дзіму. Радуе, што калектывы папоўнілі спецыялісты-дашкольнікі. У Полацкім педагагічным каледжы рыхтуюць моцныя кадры: там добрая метадычная база і шмат практыкі ў навучэнцаў. За кожным маладым спецыялістам замацоўваецца вопытны настаўнік, які дапамагае адаптавацца ў першыя гады работы. Кіраўнікі ўстаноў таксама клапоцяцца пра маладых педагогаў. Для прыезджых ёсць некалькі варыянтаў жылля. Можна пасяліцца ў інтэрнаце каледжа або на­няць кватэру — пры афіцыйным дагаворы найму каля 40% кошту спецыялісту кампенсуецца згодна з калектыўным дагаворам. У сельскай мясцовасці гаспадаркі прадастаўляюць дамы для педагогаў. Акрамя таго, моладзь ­стаіць у чарзе на арэнднае жыллё.

— Днямі завяршыўся раённы этап конкурсу “Настаўнік года”. На ваш погляд, якімі якасцямі павінен валодаць прэтэндэнт на галоўную перамогу?

— На Глыбоччыне ў конкурсе прынялі ўдзел 16 педагогаў, у тым ліку 2 маладыя спецыялісты. Сем пераможцаў у сваіх намінацыях прадставяць раён на абласным этапе. Прафесіянала ­сваёй справы журы, упэўнена, заўважыць з першых хвілін. На мой погляд, уладальнік звання “Настаўнік года” — гэта эталон у прафесіі, інтэ­лігентная і неардынарная асоба. У аснове яго дзейнасці — глыбокая база ведаў не толькі па прадмеце, але і ў цэлым па педагогіцы і псіхалогіі. Многія чакаюць крэатыву — і гэта важна для вырашэння складаных сітуацый на ўроку, каб разрадзіць атмасферу і падтрымаць вучняў. Але над любымі метадамі і прыёмамі пераважае атмасфера павагі і разумення, якая пануе ў класе. Гэта магчыма, калі педагог працуе не толькі ад розуму, але і ад сэрца.

— Якія ў вас планы па аптымізацыі сеткі ўстаноў?

— На наступны год плануем закрыць толькі Суклінскі дзіцячы сад, дзе сёння займаецца ўсяго 10 выхаванцаў. За чатыры кіламетры ад яго працуе школа, у якой створаны дзве дашкольныя групы. Найбольш маштабная аптымізацыя адбылася яшчэ ў 2017 годзе, калі давялося закрыць пяць устаноў. У 2021 годзе былі аб’яднаны сярэдняя школа № 3 і гімназія Глыбокага, што знаходзіліся ў адным будынку. Сёння ў гімназіі 1108 вучняў. На Глыбоччыне значна раней за іншыя раёны вобласці дашкольныя групы пачалі размяшчаць на базе школ. Для малых ствараюцца камфортныя ўмовы: асобныя групы і спальныя пакоі, санвузлы, сучаснае абсталяванне, аўтаматычная пажарная сігналізацыя і відэаназіранне. Памяшканні сада аддзелены ад асноўнай школы. У прыгарадзе, у вёсцы Петрунова, пабудаваны другі ў раёне дзіцячы дом сямейнага тыпу, разлічаны на 10 выхаванцаў. У 2025 годзе аб’ект уведзены ў эксплуатацыю.

— Ці ёсць прыклады, калі сем’і з горада выбіраюць сельскія школы для навучання дзяцей?

— Сапраўды, назіраецца цікавая тэндэнцыя: некаторыя сем’і з гарадоў з задавальненнем пераязджаюць у вёскі, купляюць пустуючыя дамы і пачынаюць новае жыццё. Так, на хутары Германоўшчына пасяліліся мінчане: бацька заняўся рамёствамі, маці асвоіла вытворчасць сыроў. У сям’і 4 дзяцей, і ўсе яны вучацца ў Падсвільскай сярэдняй школе. У канцы мінулага года сям’я з Наваполацка набыла дом у вёсцы і плануе адправіць дзяцей у мясцовую школу. І некаторыя сем’і з Глыбокага ад­даюць ­перавагу сельскім установам, напрыклад, прыгараднай Мярэцкаўскай базавай школе.

У сістэме адукацыі Глыбоцкага раёна Таццяна Гаўрылава працуе амаль тры дзесяцігоддзі. З іх 10 гадоў узначальвае аддзел па адукацыі райвыканкама.

— Таццяна Вячаславаўна, вы ж таксама вучыліся ў сельскай школе?

— Так. Сёлета Дзеркаўшчынская базавая школа адзначае 65-годдзе. У лютым адбудзецца вечар сустрэчы выпускнікоў, са многімі спа­дзяюся ўбачыцца ў родных сценах. У школе зай­маюцца 60 вучняў. Калісьці толькі ў адным класе магло быць 24 чалавекі, але, нягледзячы на змяненні, установа жыве і па ўзроўні аснашчанасці не саступае гарадскім школам. У дырэктара Віктара Абрамчыка залатыя рукі, разам са сваім калектывам ён шмат робіць для развіцця ўстановы. Школа зарабляе пазабюджэтныя сродкі: працуе падсобная гаспадарка, вырошчваецца збожжа, якое рэалізуецца на камбікормавы завод. На атрыманыя сродкі паляпшаецца матэрыяльна-тэхнічная база. Сёлета тут адкрылася аб’яднанне па інтарэсах па картынгу: пад гэта былі набыты дзве машыны і заасфальтавана тэрыторыя.

— Глыбокае вядома не толькі згушчонкай. Горад называюць віш­нёвай сталіцай Беларусі.

— Сістэма адукацыі актыўна падтрымлівае гэты брэнд: школы і дзіцячыя сады рыхтуюць выставы, конкурсы варэння і пірагоў, тэматычныя касцюмы, песні і вершы. Штогод тут праходзіць Міжнародны вішнёвы фестываль, дзе мясцовыя сельскія школы прэзентуюць свае падвор’і. Гатунак “Глыбоцкая вішня” быў адаптаваны да паўночнага рэгіёна Беларусі яшчэ больш за 100 гадоў назад селекцыянерам Баляславам Лапыром. Нашым культурным брэндам таксама стала рэзідэнцыя Вішнёвай каралевы.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара