І практыкі добрыя, і спецыялісты-тэарэтыкі нядрэнныя

- 10:30Адукацыйныя магчымасці

Такога меркавання аб выпускніках каледжаў, якія будуць паступаць на скарочаную форму навучання ва ўніверсітэт для павышэння свайго прафесіяналізму, прытрымліваецца прарэктар па вучэбнай рабоце БДТУ Сяргей КАСПЯРОВІЧ. Яго мы і папрасілі расказаць аб асаблівасцях інтэграванай формы навучання ў БДТУ.

“Выпускнікоў каледжаў для вучобы ў БДТУ па скарочанай праграме набіраюць толькі на завочную форму навучання, — адразу звярнуў увагу Сяргей Каспяровіч. — І на гэта ёсць свае прычыны”.

Як адзначыў прарэктар па вучэбнай рабоце БДТУ, выпускнік каледжа мае добрую спецыяльную падрыхтоўку: у сярэдняй спецыяльнай установе адукацыі ён вывучыў каля 70% агульнапрафесійных і спецыяльных дысцыплін, якія ёсць у вучэбных планах адпаведных спецыяльнасцей вышэйшай адукацыі.

“Па сутнасці, выпускнік каледжа — падрыхтаваны спецыяліст сярэдняга звяна, якому трэба ісці працаваць у галіну”, — упэўнены прадстаўнік універсітэта.

“Мы прытрымліваемся прынцыповага падыходу пры інтэграцыі вучэбных планаў, што дае нам права гаварыць аб якасці адукацыі, якую мы прапаноўваем. Інтэграцыя адбываецца па ідэнтычных ці роднасных спецыяльнасцях і ні ў якім разе не па сумежных”.

Да таго ж, патлумачыў Сяргей Каспяровіч, выпускнік каледжа, які адвучыўся ў сярэдняй спецыяльнай установе адукацыі за бюджэтныя сродкі і якому балаў для вучобы ва ўніверсітэце хапіла толькі на платнае навучанне, згодна з айчынным заканадаўствам, вымушаны адмовіцца ад платнага навучання на дзённай форме і пайсці працаваць па размеркаванні, інакш у выпадку вучобы на платным аддзяленні яму прыйдзецца кампенсаваць сваё навучанне ў каледжы за кошт бюджэту.

“Гэтыя фактары паўплывалі на тое, што ўніверсітэт прыняў рашэнне набіраць абітурыентаў пасля каледжа ва ўніверсітэт на завочную форму навучання”, — сказаў Сяргей Каспяровіч.

Пры гэтым ён адзначыў спецыфічнасць завочнай формы навучання як на скарочаным, так і на поўным тэрміне навучання. Яна заключаецца ў тым, што не кожны з тых, хто паступіў, можа вытрымаць новы тэмп жыцця, бо трэба адначасова працаваць і вучыцца. Для паспяховага сумяшчэння гэтага ад чалавека патрабуецца вялікая сабранасць.

“Колькасць студэнтаў, якія справіліся з праграмай завочнай формы, вучачыся па скарочанай праграме пасля каледжа, у параўнанні з тымі, у каго за плячыма толькі школа і хто вучыцца завочна на поўным тэрміне, у разы большая. Тлумачыцца гэта і тым, што, калі чалавек працуе па спецыяльнасці (многія выпускнікі каледжаў, атрымліваючы вышэйшую адукацыю, паралельна працуюць па спецыяльнасці), ён на больш высокім узроўні гатовы засвойваць прафесійныя веды, якія яму прапаноўваюцца ва ўніверсітэце”, — звярнуў увагу Сяргей Каспяровіч.

Заўважым, што пробныя наборы на скарочаную форму навучання ў БДТУ пачалі праводзіць у 2008 годзе — спачатку па спецыяльнасці “Тэхналогія дрэваапрацоўчых вытворчасцей”, а потым па спецыяльнасці “Лясная гаспадарка”. Актыўнае распаўсюджванне інтэграваная форма атрымала ў 2013 годзе, калі ў структуру БДТУ ўвайшлі 5 каледжаў, якія сталі яго філіяламі. Зараз скарочанае навучанне арганізавана па 10 спецыяльнасцях.

Выпускнікоў каледжаў для вучобы ў БДТУ па скарочанай праграме набіраюць толькі на завочную форму навучання. Заўважым, што пры стабільнай сумарнай колькасці бюджэтных месцаў на завочную форму доля бюджэтных месцаў для скарочанай формы навучання расце.

“Калі каледж набывае статус філіяла ўніверсітэта, сувязі паміж сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай установамі адукацыі становяцца больш цеснымі”, — адзначыў прарэктар па вучэбнай рабоце БДТУ.

Так, выкладчыкі каледжа і ўніверсітэта сумесна рыхтуюць вучэбную літаратуру для каледжа. Выкладчыкі БДТУ абавязкова ўваходзяць у склад ДЭК падчас дзяржэкзаменаў у сярэдняй спецыяльнай установе адукацыі, прысутнічаюць пры абароне дыпломных работ, праводзяць заняткі.

У сваю чаргу прадстаўнікі каледжаў, якія сталі філіяламі ўніверсітэта, прыязджаюць у БДТУ павышаць свой прафесійны ўзровень. Напрыклад, выкладчыкі Полацкага дзяржаўнага ляснога, Бабруйскага дзяржаўнага лесатэхнічнага і Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжаў вучацца ў магістратуры БДТУ.

“Навучэнцы каледжаў-філіялаў універсітэта прыязджаюць да нас на практыку, якую, у прыватнасці, праходзяць у Негарэльскім вучэбна-доследным лясгасе. На яго тэрыторыі размешчаны вучэбны корпус і інтэрнат”, — расказаў пра цеснае супрацоўніцтва ўніверсітэта і з навучэнцамі каледжаў Сяргей Каспяровіч.

Дарэчы, дагаворы аб інтэграванай форме навучання ўніверсітэт заключыў не толькі з філіяламі ўніверсітэта, але і з каледжамі, дзе ёсць падобныя з БДТУ спецыяльнасці.

“Мы прытрымліваемся прынцыповага падыходу пры інтэграцыі вучэбных планаў, што дае нам права гаварыць аб якасці адукацыі, якую мы прапаноўваем. Інтэграцыя адбываецца па абсалютна ідэнтычных ці роднасных спецыяльнасцях. Інтэграцыя па сумежных спецыяльнасцях, якая часам назіраецца, расцэньваецца ў нашым універсітэце як не зусім правільная”, — звярнуў увагу Сяргей Каспяровіч.

Святлана ШЫЯН.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.