Новая форма — сеткавая

- 10:25Адукацыйныя магчымасці

Гісторыя юрыдычнай адукацыі ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы бярэ свой пачатак у 1978 годзе, калі было створана аддзяленне правазнаўства. Праз тры гады ва ўніверсітэце з’явіўся факультэт правазнаўства.

Амаль за чатыры дзесяцігоддзі існавання факультэт заняў аўтарытэтную пазіцыю ў сістэме падрыхтоўкі кадраў. Ён развіваецца, і ў дачыненні да яго часта можна прымяніць слова “ўпершыню”.

Тут першымі ў краіне стварылі залу судовых пасяджэнняў, якая стала месцам правядзення выязных судовых працэсаў і месцам вучобы студэнтаў. 2016-ы год у дачыненні да паняцця “ўпершыню” таксама вельмі выніковы для факультэта.

Аб гэтым мы гутарым з дэканам юрыдычнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы, кандыдатам юрыдычных навук, дацэнтам С.Я.ЧАБУРАНАВАЙ.

— Святлана Ягораўна, Гродзенскі ўніверсітэт і яго юрыдычны факультэт, а таксама факультэт эканомікі і права Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта будуць першапраходцамі сеткавай падрыхтоўкі спецыялістаў?

— Нашы ўніверсітэты падпісалі дагавор аб сеткавай форме рэалізацыі адукацыйнай праграмы па спецыяльнасці “Эканамічнае права” з 2016—2017 навучальнага года. Дагавор аб такой форме падрыхтоўкі студэнтаў першы ў Беларусі. Яго падпісанню папярэднічала вялікая арганізацыйная работа з абодвух бакоў.
Плануецца першы набор у колькасці 25 чалавек на спецыяльнасць “Эканамічнае права” ў Баранавіцкім універсітэце, дзе студэнты будуць вучыцца першы семестр. А ўжо ў другім семестры іх прыме на вучобу наш факультэт. У Гродне баранавіцкія студэнты будуць праходзіць навучанне яшчэ ў 3, 6 і 7-м семестрах, астатні час — у сваім універсітэце і атрымаюць яго дыплом.

Сеткавая форма навучання дазваляе эфектыўна выкарыстоўваць рэсурсы дзвюх устаноў адукацыі. У ГрДУ падрыхтоўка па спецыяльнасці “Эканамічнае права” ажыццяўляецца з 2003 года, і за гэты час тут назапашаны вялікі вопыт і створана добрая база для падрыхтоўкі — па тэарэтычным курсе і базах практык, якія праходзяць у эканамічным судзе Гродзенскай вобласці, камітэце эканомікі Гродзенскага аблвыканкама, інспекцыі па падатках і зборах, пракуратуры.

Усіх 25 студэнтаў, якія будуць вучыцца ў рамках сеткавай формы атрымання адукацыі, паселяць у нашым інтэрнаце. За імі будзе замацаваны куратар з боку ГрДУ, які цесна супрацоўнічае з куратарам з Баранавіцкага ўніверсітэта. І ўвогуле мы разглядаем гэтых студэнтаў як сваіх. Яны атрымаюць чытацкія білеты для карыстання бібліятэкай, паролі для выхаду ў інтэрнэт, азнаёмяцца з факультатыўным курсам па гісторыі ГрДУ, будуць удзельнічаць ва ўсіх навуковых, выхаваўчых, культурных і спартыўных мерапрыемствах. Спадзяёмся, што пазнаёмім іх з Гродна і яго славутасцямі, прадэманструем, як ажыццяўляецца вучэбны працэс у нашых партнёраў, напрыклад, на факультэце права ўніверсітэта ў Беластоку, з якім юрыдычны факультэт цесна супрацоўнічае ў рамках сеткі ўніверсітэтаў памежжа, членам якой з’яўляецца і Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт.

Праграмы падрыхтоўкі ў двух універсітэтах уніфікаваны, але ў “сваіх” семестрах могуць быць уласныя курсы і дысцыпліны. У дадатку да дыплома выпускнікоў спецыяльнасці “Эканамічнае права” Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта будзе пазначана, якія дысцыпліны вывучаліся ў ГрДУ імя Янкі Купалы.

— Святлана Ягораўна, якімі вы бачыце перспектывы сеткавай формы падрыхтоўкі?

— Лічу, што такая форма падрыхтоўкі спецыялістаў вельмі перспектыўная. Яна садзейнічае ўмацаванню навуковага і інтэлектуальнага патэнцыялу выкладчыкаў, мабільнасці студэнтаў і педагогаў, дазваляе маладым людзям атрымліваць новы жыццёвы вопыт. Калі нашы студэнты вучыліся па праграме “Уключаная адукацыя” ў Беларускім дзяржаўным універсітэце на працягу семестра, то іх водзывы былі вельмі станоўчымі: павышаецца матывацыя навучання, набываецца вопыт адаптацыі ў новым калектыве, цікава наведаць лекцыі і заняткі выкладчыкаў з іншага ўніверсітэта, даведацца, як там арганізаваны працэс навучання.

На стажыроўку ў Гродна будуць прыязджаць выкладчыкі з Баранавіцкага ўніверсітэта, некаторыя з іх вучацца ў нашай аспірантуры. Вялікую карысць, на маю думку, можа даць такая форма падрыхтоўкі ў магістратуры.

На нас сеткавая форма накладае вялікую адказнасць. Мы гэта разумеем, таму ўжо зараз плануем, хто будзе працаваць са студэнтамі з Баранавіцкага ўніверсітэта. Спадзяёмся, што наш вопыт прыёму замежных студэнтаў (толькі ў апошнім навучальным годзе на юрыдычным факультэце вучылася каля 300 студэнтаў з Азербайджана, Туркменістана, Таджыкістана, Расіі, Анголы) дапаможа ў рэалізацыі новага праекта.

— Раскажыце, калі ласка, і пра другое новаўвядзенне будучага навучальнага года.

— Плануем адкрыць новую спецыяльнасць — “Мытная справа”. На тэрыторыі нашай вобласці працуюць дзве мытні — гродзенская і ашмянская. Выпускнікі факультэта размяркоўваюцца туды, але яны праходзяць адпаведную перападрыхтоўку на месцы з улікам асаблівасцей работы на мытні. Таму патрэба ў адкрыцці новай спецыяльнасці была актуальнай. На “Мытную справу” выдзелена 20 бюджэтных і 5 платных месцаў.


Вялікая ўвага на факультэце ўдзяляецца практыка-арыентаванай падрыхтоўцы спецыялістаў. У нас дзейнічае каардынацыйны савет па падрыхтоўцы кадраў, у які ўваходзяць прадстаўнікі пракуратуры, следчага камітэта, судоў, адвакатуры і іншых заказчыкаў кадраў, створаны філіялы кафедраў у органах улады і кіравання, праваахоўных органах і органах юстыцыі. Такі каардынацыйны савет плануем стварыць і з прадстаўнікамі мытных органаў, што дазволіць хутка рэагаваць на новыя запыты ў падрыхтоўцы кадраў.

Сёння вынікам нашага супрацоўніцтва з’яўляецца тое, што практычны блок прадметаў новай спецыяльнасці быў складзены пры непасрэдным удзеле супрацоўнікаў мытных органаў. Яны будуць выступаць і ў ролі выкладчыкаў, членаў экзаменацыйнай камісіі.

— Дзякуй за размову, Святлана Ягораўна. І поспехаў у новых справах.

Гутарыла Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Таццяны АНАЧКА.