Прафесіі, якія заўсёды ў модзе

- 6:15Наша пошта

Некалькі гадоў назад я сур’ёзна зацікавіўся фатаграфіяй і жадаю стаць прафесійным фатографам. Падкажыце, калі ласка, дзе, акрамя курсаў фатаграфіі, можна атрымаць адпаведную адукацыю. І ці можна пайсці вучыцца на фатографа пасля 9 класа?

Сяргей Мірончык, Мінск.

На наш погляд, выдатным варыянтам навучальнай установы для Сяргея можа стаць Мінскі дзяржаўны тэхналагічны каледж. Спецыяльнасць “Фатаграфія” там адкрылася яшчэ ў 1982 го­дзе, аднак і ў нашы дні яна карыстаецца вялікім попытам. Не будзем утойваць, што ў апошніх 5 гадоў конкурс на “Фатаграфію” захоўваецца даволі высокі: напрыклад, летась ён складаў каля 3-х чалавек на месца. Але паспрабаваць свае сілы варта, паколькі, калі ўсё атрымаецца, годны ўзровень адукацыі вам будзе забяспечаны.

Як паведаміла нам намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Мінскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа Валянціна Ажар, сёлета на спецыяльнасць “Фатаграфія” плануецца набраць 30 чалавек (25 — на навучанне за кошт бюджэтных сродкаў, і 5 — на платнай аснове). Здаваць давядзецца два ўступныя экзамены — дыктоўку па беларускай ці рускай мове (па выбары) і хімію.

— Нашы навучэнцы спасцігаюць мастацтва партрэтнай, пейзажнай і рэпартажнай фатаграфіі, асвойваць найноўшае фота- і відэаабсталяванне, — расказвае Валянціна Станіславаўна. — Спецыяльныя дысцыпліны выкладаюць высокакваліфікаваныя выкладчыкі. Такім чынам, каледж сёння рыхтуе не проста тэхнікаў-тэхнолагаў, а фотамайстроў. Навучэнцаў мы набіраем на аснове агульнай базавай адукацыі, хаця сёння ёсць жадаючыя атрымаць адукацыю ў каледжы нават пасля заканчэння ВНУ. Мяркую, што неўзабаве каледж будзе рыхтаваць спецыялістаў і на аснове агульнай сярэдняй адукацыі.

Адметнасцю каледжа з’яўляецца тое, што яго навучэнцы (прычым усіх спецыяльнасцей) паспяхова ўдзельнічаюць у шматлікіх конкурсах прафесійнага майстэрства. Што тычыцца фатографаў, то ў 2011 годзе Настасся Канаплянік заняла 3 месца ў рэспубліканскім фотаконкурсе “Лес у жыцці чалавека”, які быў арганізаваны па ініцыятыве Прадстаўніцтва ААН у Беларусі і пры ўдзеле фотастудыі “Краявід” і мастацкай галерэі “Палац” Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі. Навучэнцы ж спецыяльнасці “Цырульніцкае мастацтва і дэкаратыўная касметыка” два разы ў год прымаюць удзел у міжнародным чэмпіянаце па цырульніцкім мастацтве, нэйл-дызайне і дэкаратыўный касметыцы “Неўскія берагі” (Санкт-Пецярбург) і яшчэ ні разу не вярталіся адтуль без прызавых месцаў. Мадэльеры-канструктары швейных вырабаў з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі Міжнароднай асамблеі моды, што праводзіцца ў Маскве. У 2010 годзе навучэнцы каледжа заваявалі там адразу 1, 2 і 3 месца. У гэтым навучальным годзе, па словах В.С.Ажар, усяго ў міжнародных, рэспубліканскіх, абласных, гарадскіх конкурсах, чэмпіянатах, выставах і спаборніцтвах удзель­нічала звыш 170 навучэнцаў, пераможцаў з іх — звыш 80%.

— У 2010 годзе Алена Ясінцава, навучэнка спецыяльнасці “Цырульніцкае майстэрства і дэкаратыўная касметыка”, заняла 4 прызавое месца на чэмпіянаце свету па цырульніцкім майстэрстве ў намінацыі “Fashion-look” (рыхтавала яе выкладчык каледжа Н.В.Мыслявец), — адзначыла Валянціна Станіславаўна. — Чэмпіянат праходзіў у Францыі, удзел у ім прымалі прадстаўнікі 60 краін свету. Удзел у мерапрыемствах такога кшталту, ды і ў іншых конкурсах, павышае прэстыж нашай установы. Навучэнцы ж набываюць выдатны вопыт, удасканальваюць свае навыкі. Дарэчы, на выхадзе з каледжа ім прысвойваецца кваліфікацыя “Мастак-мадэльер”.

Трэба адзначыць, што з гэтага года ў названай установе скараціўся тэрмін навучання па ўсіх спецыяльнасцях (згодна з Кодэксам аб адукацыі Рэспублікі Беларусь). Цяпер ён будзе складаць не больш як 3 гады 10 месяцаў. Да нядаўняга часу спецыялістаў у каледжы рыхтавалі па індывідуальных планах, і па некаторых спецыяльнасцях тэрмін навучання мог складаць 4 гады і больш.

— Напрыклад, навучэнцы спецыяльнасці “Цырульніцкае мастацтва і дэкаратыўная касметыка” адначасова атрымлівалі яшчэ і некалькі рабочых прафесій: цырульнік, візажыст, майстар па манікюры, — патлумачыла В.С.Ажар. — Такую практыку мы плануем прадоўжыць, аднак, магчыма, ужо за кошт платных адукацыйных паслуг. Справа ў тым, што ўніверсальныя спецыялісты сёння ўсё ж такі запатрабаваны, асабліва ў невялікіх гарадах.

Заўважым, што Мінскі дзяржаўны тэхналагічны каледж мае выдатную матэрыяльную базу: напрыклад, цырульніцкія салоны, у якіх практыкуюцца навучэнцы, аснашчаны сучасным абсталяваннем. Высокі ўзровень захоўваецца і ў плане вучэбна-метадычнага і праграмнага забеспячэння адукацыйнага працэсу. Так, для навучэнцаў спецыяльнасці “Канструяванне і тэхналогія швейных вырабаў (па напрамках)” усталяваны ліцэнзійныя праграмы комплекснай аўтаматызацыі канструктарскай і тэхналагічнай падрыхтоўкі вытворчасці швейных вырабаў САПР “Грацыя”, у выніку чаго юнакі і дзяўчаты адыходзяць ад ручнога праектавання аддзення і выконваюць канструктарскую дакументацыю з дапамогай камп’ютараў.

Праграмнае забеспячэнне абнаўляецца ў каледжы штогод дзякуючы рэалізацыі інавацыйнага праекта, які звязаны з укараненнем новай мадэлі спецыяліста па спецыяльнасці “Канструяванне і тэхналогіі швейных вырабаў (па напрамках)”. Па словах Валянціны Станіславаўны Ажар, з 2008 па 2010 год Мінскі дзяржаўны тэхналагічны каледж і Віцебскі дзяржаўны тэхнічны каледж з’яўляліся эксперыментальнымі пляцоўкамі, а з 2010 года Мінскі дзяржаўны тэхналагічны каледж дзейнічае як інавацыйная пляцоўка, прычым адзіная ў краіне па згаданым напрамку.

— Цяпер мы рыхтуем спецыялістаў з пашыранай кваліфікацыяй — “Мадэльер-канструктар. Тэхнік-тэхнолаг”, — паведаміла В.С.Ажар. — Першы выпуск адбудзецца ў студзені 2013 года. Гэтыя спецыялісты будуць арыентаваны на тэхналагічны працэс: змогуць працаваць там, дзе ўсталявана аўтаматызаваная сістэма праектавання адзення, распрацоўваць мадэльныя канструкцыі і выконваць раскладкі лякал на камп’ютары, складаць тэхналагічную паслядоўнасць распрацоўкі вырабаў і г.д. Ужо сёння мы маем нямала заявак на спецыялістаў пашыранай кваліфікацыі. Асабліва запатрабаваны яны на малых і сярэдніх прадпрыемствах.

Данута БУЙНОВА.