Ад абітурыента да спецыяліста

- 9:03Адукацыйныя магчымасці

Днямі Валерый Галянкоў, студэнт факультэта біялогіі і экалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, правёў майстар-класы ў некалькіх школах і гімназіях Гродна. Перад навагоднімі святамі тэмай сустрэч была падрыхтоўка святочнага стала. Студэнт спецыяльнасці “Вытворчасць прадукцыі і арганізацыя грамадскага харчавання”, які сам учора быў абітурыентам, расказаў абітурыентам сённяшнім пра тое, як вучацца на факультэце біялогіі і экалогіі, што ён ужо ўмее, чаму хоча навучыцца, а таксама прадэманстраваў свае ўменні.
Ад абітурыента да студэнта, ад студэнта да спецыяліста з прадпрымальніцкімі кампетэнцыямі і навукоўца — такі маршрут дзейнасці факультэта біялогіі і экалогіі ГрДУ мы сёння разглядаем у размове з яго дэканам Аляксандрам КАРЭЎСКІМ
.

— Аляксандр Яўгеньевіч, у якім узросце навучэнцы пачынаюць знаёміцца з факультэтам біялогіі і экалогіі?

— У школе дакладных навук па прадметах “Хімія” і “Біялогія” некаторыя дзеці пачынаюць займацца ў 7 класе. Але асноўная частка — з 9 класа. Развіццю цікавасці школьнікаў да біялагічных і хімічных ведаў, навуковай дзейнасці, прафарыентацыі садзейнічаюць і штогадовыя алімпіяды па хіміі і біялогіі. Сёлета ў іх прынялі ўдзел больш за 500 школьнікаў з розных рэгіёнаў Беларусі.

Кожная алімпіяда праходзіла ў тры этапы і ўключала ў сябе закрытыя тэставыя заданні рознага ўзроўню складанасці. На першым этапе дыстанцыйнай алімпіяды па біялогіі школьнікі выконвалі заданні па батаніцы і заалогіі, на другім — па анатоміі, фізіялогіі і біяхіміі, на трэцім — па тэорыі эвалюцыі і экалогіі. Дыстанцыйная алімпіяда па хіміі ўключала заданні па агульнай, неарганічнай і арганічнай хіміі. З задавальненнем назаву пераможцаў. Так, па прадмеце “Біялогія” дыпломамі 1-й ступені адзначаны адзінаццацікласнікі Павел Журавіцкі з Гродна, Руслана Прахарэнка і Ульяна Тагай з Мазыра, дзесяцікласніцы Ксенія Сімукова і Дар’я Скамейка з Магілёва, навучэнкі 9 класа Дзіяна Мядзведзева і Віталіна Рамашка з Клецка. Па хіміі лепшымі сталі Рэната Гурына (Скі­дзель), Вераніка Палуянчык (Навагрудак) з 11 класа, Уладзіслаў Бадзюкоў (Віцебск), Ірына Ермакова (вёска Лапаціна Гомельскай вобласці) з 10 класа і дзевяцікласнік Іван Будзяну (Гомель).

Згодна з парадкам прыёму ў ГрДУ, пераможцы дыстанцыйных алімпіяд будуць мець пераважнае права на залічэнне ў 2021 го­дзе на факультэт біялогіі і экалогіі. Удзельнікаў алімпіяды традыцыйна запросім на дні адкрытых дзвярэй факультэта, дзе яны змогуць азнаёміцца з вучэбнымі лабараторыямі і наведаць займальныя майстар-класы “Хімічная ацэнка прыроднага асяроддзя”, “Мікраарганізмы вакол нас”, “Зялёнае спажыванне”. Падзячныя лісты за падрыхтоўку пераможцаў алімпіяд накіравалі іх настаўнікам. Дарэчы, дні адкрытых дзвярэй пройдуць у студзені і сакавіку будучага года.

— Якія спецыяльнасці прапануе факультэт біялогіі і экалогіі?

— На факультэце студэнты вучацца па чатырох спецыяльнасцях першай ступені вышэйшай адукацыі. Тры з іх біялагічныя: “Біялогія (навукова-педагагічная дзейнасць)”, “Біяэкалогія” і “Біялогія (біятэхналогія)”, а таксама адна інжынерная спецыяль­насць — “Вытворчасць прадукцыі і арганізацыя грамадскага харчавання”.
На біялагічных напрамках асноўны ўпор робіцца на вывучэнне найважнейшых праблем біялогіі і цесна звязаных з ёй праблем медыцыны, біятэхналогіі і аховы навакольнага асяроддзя.

Спецыяльнасць “Вытворчасць прадукцыі і арганізацыя грамадскага харчавання” дазваляе рэалізаваць сябе ў сферах уласна грамадскага харчавання, кейтэрынгу, рэстараннага і гасцінічнага бізнесу, перапрацоўкі расліннай і жывёльнай сыравіны. Падчас навучання студэнты праектуюць аб’екты грамадскага харчавання пад ключ з поўным разлікам абсталявання, тэхналагічнага складніка, аховы працы і эканамічнай часткі.

Апошнія гады набірае папулярнасць навукова-педагагічны кірунак спецыяльнасці “Біялогія”. Падрыхтоўка па ім адрозніваецца фундаментальнасцю і дае выдатную магчымасць найбольш матываваным студэнтам працягнуць навучанне ў магістратуры, аспірантуры, а пасля папоўніць шэрагі кандыдатаў і дактароў навук нашага ўніверсі­тэта.

Дарэчы, сёння на факультэце пра­цуюць 6 дактароў і 25 кандыдатаў навук. Матэрыяльная база ўключае вучэбна-навукова-вытворчую лабараторыю “Тэхналогіі грамадскага харчавання”, сумесную навукова-даследчую лабараторыю “Інавацыйныя тэхналогіі ў харчовай прамысловасці”, навукова-даследчую лабараторыю “Нейрахімія”.

— Якія перавагі, на ваш погляд, дае студэнтам вучоба на факультэце біялогіі і экалогіі ГрДУ?

— Найбольш паспяховым студэнтам мы прапануем сфарміраваць індывідуальную траекторыю навучання пад кіраўніцтвам вядучых навукоўцаў факультэта. Ужо з трэцяга курса студэнты могуць перайсці на індывідуальны графік і сумяшчаць вучэбны працэс з работай па профілі выбранай спецыяльнасці. Студэнты ўдзельнічаюць у сумесных міжнародных праектах, штогод выступаюць на міжнародным конкурсе Food Technologists у Літве. Для іх мы арганізуем экалагічныя, турыстычныя, культурна-адукацыйныя праграмы; ёсць магчымасць дадатковай адукацыі па замежных мовах. Таксама нашы студэнты могуць атрымаць дадатковую адукацыю па міжнародных адукацыйных праграмах у рамках праектаў Балтыйскага ўніверсітэта, а таксама па праграме акадэмічнай мабільнасці Erasmus.

Студэнты факультэта штогод прахо­дзяць стажыроўкі ва Універсітэце Бірмінгема (Вялікабрытанія), Універсітэце Ло­дзі (Польшча), у Каўнаскім універсітэце прыкладных навук (Літва) і іншых УВА. У рамках праграмы “Запрошаны прафесар” для выкладання асобных спецкурсаў запрашаем аўтарытэтных навукоўцаў з-за мяжы.

Значнай падзеяй з’яўляецца штогадовая міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Актуальныя праблемы экалогіі”, у рамках якой студэнты маюць магчымасць паслухаць лекцыі-даклады не толькі вядомых навукоўцаў, але і спецыялістаў-практыкаў.

На факультэце вельмі багаты бібліятэчны фонд па ўсіх дысцыплінах. Акрамя таго, усе дысцыпліны забяспечаны электроннымі вучэбна-метадычнымі комплексамі, і кожны студэнт мае да іх бесперапынны доступ.

Важна, што нашы хлопцы мо­гуць паралельна вучыцца на ваенным факультэце ГрДУ і атрымаць ваенную спецыяльнасць.

— А якое жыццё студэнтаў факультэта біялогіі і экалогіі па-за межамі аўдыторый і лабараторый?

— Гэта жыццё ў вялікай, дружнай і актыўнай сям’і. Студэнцкае жыццё цудоўнае не толькі вучобай. Для таго каб мозг нармальна ўспрымаў інфармацыю, трэба ўмець расслабляцца. А студэнты нашай біялагічнай супольнасці гэта ўмеюць. Мы разам арганізуем творчыя, спартыўныя, інтэлектуальныя мерапрыемствы. Студэнты штогод выбіраюць сваіх міс і містара факультэта. Абавязкова праводзім пасвячэнне ўсіх першакурснікаў у студэнты-біёлагі, якое арганізуюць старшакурснікі. Ладзім розныя гарадскія і рэспубліканскія экалагічныя акцыі. Мы займаемся экалагічным выхаваннем школьнікаў, студэнтаў і пажылых людзей. Каманда нашых студэнтаў з’яўляецца пастаянным удзельнікам інтэлектуальных баёў, якія праводзяцца ў Гродне.

— Давайце пацвердзім гэта падзеямі апошняга часу.

— Вось толькі падзеі лістапада. Каманда ГрДУ, якую склалі 7 студэнтаў нашага факультэта, стала пераможцай міжуніверсітэцкага “Экалагічнага кубка — 2020”, які праходзіў у Новасібірскім дзяржаўным універсітэце эканомікі і кіравання ў анлайн-фармаце.
Студэнткі спецыяльнасці “Вытворчасць прадукцыі і арганізацыя грамадскага харчавання” Алена Станкевіч і Злата Шпак удзельнічалі ў міжнародным конкурсе “Кулінарны кубак — 2020”. Алена заваявала “золата” ў спаборніцтве кухараў-кандытараў у намінацыі “Закускі”.
Студэнт 3 курса спецыяльнасці “Вы­творчасць прадукцыі і арганізацыя грамадскага харчавання” Уладзіслаў Паўлоўскі выступіў з дакладам “Прабіётыкі ў беларускіх ёгуртах” на XX Рэспубліканскай студэнцкай канферэнцыі “Мова. Грамадства. Медыцына”, якая праводзіцца ў Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце, і заваяваў дыплом I ступені. Яго даклад прызнаны лепшым у секцыі на беларускай мове.

Каманда нашага факультэта стала пераможцай у намінацыі “Лепшы вакальны калектыў праекта” па выніках XXV агульнаўніверсітэцкага конкурсу мастацкай самадзейнасці студэнтаў 1 курса “Almamater — любоў з першага курса!”.

Што да навучальнага працэсу, адзначу выпуск магістрантаў.

Дыпломы магістра атрымалі 18 грамадзян Ірака, якія вучыліся па спецыяльнасцях “Біяхімія” і “Біялогія”. Зараз на факультэце біялогіі і экалогіі ў магістратуры вучацца яшчэ 25 замежных грамадзян. Навучанне вядзецца на англійскай мове.

На агульнаўніверсітэцкім узроўні праведзена алімпіяда “Экалогія Еўрарэгіёна Нёман”. Гэта традыцыйнае мерапрыемства факультэта біялогіі і экалогіі. У апошняй алімпіядзе ўдзел прынялі прадстаўнікі сямі факультэтаў. Перамаглі каманда юрыдычнага факультэта, а ў асабістым заліку — студэнты філалагічнага, юрыдычнага і факультэта мастацтваў і дызайну. Мы ставім задачу не толькі паглыбіць экалагічныя веды мола­дзі, але і павысіць адказнасць за свае паво­дзіны ў прыродзе.

Магістр біялагічных навук Арцём Вейка, які працуе на кафедры біяхіміі, стаў стыпендыятам Польскай нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА і пачаў двухмесячную стажыроўку ў Беластоцкім універсітэце. Разам з польскімі біяфізікамі Арцём зоймецца даследаваннем біяхімічнай і біяфізічнай актыўнасці асобных флаваноідаў з мадэльнымі ліпіднымі мембранамі.

— Аляксандр Яўгеньевіч, якія задачы, на ваш погляд, будуць вырашаць сённяшнія абітурыенты, якія заўтра стануць спецыялістамі?

— У жыццё чалавека ўсё больш актыўна ўваходзяць нана- і біятэхналогіі. Мы назіраем гэта ў медыцыне і прамысловасці, вытворчасці прадуктаў харчавання, сканструяваных пры дапамозе генетычнай інжынерыі, і іншых сферах. Навуковыя інавацыі не стаяць на месцы, і рухацца разам з імі — важная задача маладога пакалення. У сувязі з гэтым асаблівае значэнне набывае інтэрнацыяналізацыя адукацыі і развіццё моўных, інфармацыйна-камунікацыйных і прадпрымальніцкіх кампетэнцый. Вельмі важна, каб за час навучання маладыя лю­дзі змаглі не толькі атры­маць фундаментальныя веды, але і на іх аснове пачаць распрацоўку ўласнага прадукту, які будзе запатрабаваны ў грамадстве. Галоўнае — не быць абыякавым да той прафесіі, якую ты выбіраеш, і матываваць сябе на сістэматычную і карпатлівую працу дзеля дасягнення пастаўленай мэты.

Дырэктар гімназіі № 2 Ваўкавыска Аляксандр ЛІЧЫК, выпускнік факультэта біялогіі і экалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы:
— Паступаючы на факультэт біялогіі і экалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсі­тэта імя Янкі Купалы, я і падумаць не мог, наколькі 5 гадоў навучання зменяць мяне як чалавека і ў перспектыве настаўніка…
Сёння шмат кажуць пра кампетэнтнасны падыход, а нам, выпускнікам 2006 года, асабліва пашанцавала. Нам пра яго не казалі, нас так вучылі. Мы ўдзячныя сваім педагогам: Алегу Віктаравічу Созінаву, які пагружаў нас у асновы сістэмна-дзейнаснага мыслення; Віктару Ільічу Рэзяпкіну, які адкрыў для нас свет камп’ютарных праграм; прафесару Леаніду Іванавічу Няфёдаву, які імкнуўся развіць у нас асновы рэфлексіўнага мыслення і даследчыцкія кампетэнцыі; Сяргею Аляксандравічу Паўловічу, які прывіваў нам сістэмна-катэгарыяльнае мысленне, ды і ў цэлым усім выкладчыкам, якія стараліся ўзгадаваць у нас прафесіяналізм і імкненне дабівацца якаснага выніку.
Мой асабісты прафесійны шлях пачаўся яшчэ ў студэнцкія гады ў ролі выхавальніка аздараўленчага летніка “Зялёная Адысея” на рацэ Вілія, настаўніка ў сярэдняй школе “на замену”… У гімназіі № 2 Ваўкавыска выкладаў хімію, працаваў намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, а з 2017 года ўзначальваю яе.
Больш чым за 10 гадоў апублікаваў каля 40 работ у зборніках рэспубліканскіх і міжнародных навукова-практычных канферэнцый, у рэспубліканскім навукова-метадычным часопісе “Хiмiя і бiялогiя: праблемы выкладання”. Маю тытул “Настаўнік года Ваўкавыскага раёна — 2014”, пераможца абласнога этапу конкурсу “Энергамарафон”. З’яўляюся аўтарам двух паспяхова рэалізаваных рэспубліканскіх інавацыйных праектаў па развіцці і падтрымцы практык адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця.
А пачыналася ўсё на факультэце біялогіі і экалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы…

Падрыхтавала
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.