Мы тое, што мы ядзім, — сказаў Гіпакрат. Менавіта так, асабліва калі гаворка пра духоўную ежу, — пагаджаецца класны кіраўнік 7 “Б”, настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 20 Брэста імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава Вольга Іванаўна Бурак.
Яе жыццёвае крэда: “Мы тое, што мы чытаем”. Бо літаратура дае адказы на пытанні, што нас трывожаць, вучыць разважаць і мысліць. Менавіта гэтае ўменне — аналізаваць, абагульняць, рабіць высновы Вольга Іванаўна імкнецца развіць у сваіх вучнях.
— Сёння дзеці больш творчыя і разняволеныя, чым раней. Яны любяць, калі да іх ставяцца па-сяброўску, на роўных. Матывацыя і блізкі кантакт даюць цудоўныя вынікі — аб гэтым я папярэджваю педагогаў, якія выкладаюць у маім 7 “Б”, — дзеліцца Вольга Іванаўна. — На шчасце, мне вельмі пашанцавала з калектывам, і яны заўсёды мяне чуюць. А яшчэ я вельмі рада, што ў мяне адразу атрымалася наладзіць адносіны з бацькамі навучэнцаў. Бо клас у мяне незвычайны — з 27 чалавек 17 хлопчыкаў, а гэта значыць, што калектыў нешматслоўны і закрыты. Каб “разгаварыць” яго, трэба шмат сіл. Я з самага пачатку настройвала бацькоў: штодня цікаўцеся ў свайго дзіцяці, як прайшоў дзень. Так, у дзяўчынак часам і пытацца не трэба, яны самі ўсё раскажуць, а з хлопчыкаў даводзіцца выцягваць па слове, па паўслова. І няхай: сёння сказ, заўтра сказ — і мы ўжо выходзім на карціну псіхічнага стану дзіцяці, усталёўваем трывалы кантакт.
Я імкнуся данесці да дзяцей, што выбар слова вызначае наша жыццё. Слова — гэта наша мысленне, нашы звычкі, характар, лёс.
Вядома, душэўны стан вучня — гэта не толькі клопат яго бацькоў.
— Я таксама шмат размаўляю з кожным навучэнцам: і на літаратурныя тэмы, і на пазаўрочныя, — працягвае Вольга Іванаўна. — Многа расказваю пра сябе, каб не быць для дзяцей выключна чалавекам, які дае веды. Такая пазіцыя аддаляе нас, ператварае педагога ў набор функцый. А мне хочацца, каб дзеці бачылі ўва мне асобу, чалавека, які любіць спорт, ведае, у якія секцыі ходзяць яго навучэнцы і якія фільмы глядзяць.
Прэмія за дружбу
У 2011 годзе Вольга Іванаўна стала лаўрэатам штогадовай Пушкінскай прэміі школьным настаўнікам рускай мовы і літаратуры з краін СНД і Балтыі, якая была заснавана ў Маскве для падтрымкі і заахвочвання самых энергічных і таленавітых педагогаў-русістаў. Вольга Іванаўна таксама вырашыла паспрабаваць свае сілы, тым больш, што тэма эсэ — “Дваццаць гадоў без Саюза. Ці трэба сёння вучыць дружбе народаў?” — была для яе зразумелай і блізкай. Тады Вольга Іванаўна якраз выпускала свой першы 11 клас, з якім шмат разважала на полікультурныя і міжэтнічныя тэмы. Разам з вучнямі яны пабывалі ў Расіі, азнаёмілася з літаратурнай сталіцай, пастаянна перапісваліся з навучэнцамі сярэдняй школы № 384 Масквы. Многія выпускнікі В.І.Бурак падтрымлівалі сувязі з маскоўскімі сябрамі па перапісцы яшчэ шмат гадоў пасля заканчэння школы.
Сённяшнім школьнікам зносіны з дапамогай паштовай скрыні падаюцца састарэлымі і маруднымі, затое полікультурныя традыцыі яны з задавальненнем працягваюць.
— Да нас на азнаямленчую практыку часта прыходзяць студэнты з Туркменістана, прадстаўнікі філалагічнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна. Яны праводзяць не толькі ўрокі, але і класныя гадзіны. Часта прашу іх расказаць аб сваёй краіне, яе традыцыях, песнях, нацыянальных стравах. Такія заняткі заўсёды праходзяць на ўра! — дзеліцца педагог.
Гаварыць пра сябе
У 2019 годзе Вольга Іванаўна стала класным кіраўніком 5 “Б” класа, з якім не расстаецца ўжо 3 гады. Хоць яна лічыць сябе добразычлівым і дэмакратычным настаўнікам, у яе маленькім калектыве існуюць свае непахісныя правілы. Самае галоўнае — паважлівае стаўленне да аднакласнікаў, якое выяўляецца нават у дробязях, напрыклад, у звароце адно да аднаго выключна па імені, а не па прозвішчы.
Матэрыялы многіх класных гадзін В.І.Бурак цесна звязаны з літаратурай. У творах класікаў заўсёды можна знайсці адказы на пытанні, якія трывожаць сучасных дзяцей і бацькоў.
— Я імкнуся навучыць дзяцей чуць адно аднаго, — працягвае Вольга Іванаўна. — Для гэтага важна, каб яны адэкватна ўспрымалі чужое меркаванне і маглі спакойна ставіцца да крытыкі. А гэтаму можна навучыцца толькі ў дыялогу. Я імкнуся давесці да дзяцей, што выбар слова вызначае наша жыццё. Слова — гэта наша мысленне, нашы звычкі, характар, лёс.
Педагог упэўнена: трэба часцей пераключаць увагу дзіцяці на самога сябе. Чым больш дзеці ведаюць пра сябе, свой род, уласную сям’ю, тым лягчэй ім знаходзіцца ў цэнтры ўвагі, гаварыць пра сябе, а значыць, тым прасцей ім пасля будзе ў жыцці.
— Напрыклад, пытанне “Аб чым гаворыць табе маё прозвішча?” настолькі зацікавіла навучэнцаў, што яны не толькі сталі вывучаць сямейныя фотаальбомы, архівы і ўспаміны, але і звярнуліся ў архівы горада, сталі шукаць інфармацыю праз інтэрнэт-крыніцы. Нават я не засталася ўбаку! Паходжанне большасці прозвішчаў мы з навучэнцамі разгадалі адразу, аднак, было некалькі складаных выпадкаў, калі мы так і не зразумелі, адкуль пайшло найменне роду. Затое пошукавая работа вельмі з’яднала дзяцей і іх бацькоў, дзядуляў і бабуль, прымусіла акунуцца ў побыт сваіх продкаў, даведацца, чым яны займаліся, — расказвае педагог.
Літаратура — наша ўсё
Адказны падыход і любоў да сваёй справы сталі даваць вынікі і прыводзіць да першых перамог і дасягненняў. У 2020/2021 навучальным годзе навучэнцы прынялі актыўны ўдзел у гарадскім конкурсе “Мая сям’я”, які праводзіў Шматпрофільны цэнтр дзяцей і моладзі Брэста. Дыпломамі І ступені і каштоўнымі прызамі за творчыя работы былі адзначаны Данііл Кавальчук і Ксенія Шагун.
Навучэнцы Вольгі Іванаўны з’яўляюцца прызёрамі раённых конкурсаў юных паэтаў і празаікаў: яна актыўна падштурхоўвае іх да творчасці шляхам дыферэнцыраваных дамашніх заданняў.
— Вядома, не ўсе хочуць пісаць вершы. Але многія дзеці ўдзячны мне за магчымасць паспрабаваць свае творчыя сілы. Няхай рыхтаваць заданне с зорачкай ім дапамагаюць бацькі, галоўнае — каб у дзіцяці было жаданне спрабаваць новае, працаваць са словам, падбіраць рыфмы, узбагачаць свой слоўнікавы запас, — разважае Вольга Іванаўна.
І штодзень нагадвае сваім вучням: “Адважвайцеся! Спрабуйце! Не адкладвайце на потым!” Бо асоба чалавека, асоба самадастатковая, мэтанакіраваная, здольная да самааналізу і пошуку новых ідэй, фарміруецца сёння, зараз. У тым ліку ў школе, з дапамогай нераўнадушнага класнага кіраўніка.
Віталіна НЕСЦЯРОВІЧ.
Фота з асабістага архіва В.І.Бурак.