Адчуць подых студэнцкага жыцця

- 11:32Наша пошта

Рэспубліканская ўніверсітэцкая субота, якая прайшла 14 мая ў Мінску, сабрала ў адным месцы ўсе ўстановы вышэйшай адукацыі краіны. У абітурыентаў была магчымасць паглядзець, чым жывуць універсітэты, акадэміі, інстытуты ў сталіцы і ў рэгіёнах, параўнаць, пагутарыць з прадстаўнікамі гэтых устаноў і задаць ім пытанні.

Мы таксама пабывалі на ўсіх прафарыентацыйных пляцоўках, якія былі разгорнуты ў Палацы спорту. Выкладчыкі разам са студэнтамі пастараліся як мага лепш, цікавей і ярчэй прадставіць свае ўстановы. У гэтую суботу яны адышлі ад фармату статычнай выставы, а прапанавалі наведвальнікам вельмі шмат інтэрактыву: навуковыя шоу, інтэлектуальныя гульні, інавацыйныя тэхнічныя распрацоўкі накшталт дзеючых робатаў ці мініяцюрных энергетычных установак.

Аглядаючы выставу, мы пастараліся ўбачыць усё гэта багацце навукі, тэхнікі і разнастайнасць студэнцкага жыцця менавіта вачамі абітурыентаў. І пра гэта — наш сённяшні фотарэпартаж.

Ля стэнда Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта быў сапраўдны аншлаг. Прадстаўнікі хімічнага факультэта паказвалі гасцям эфектныя доследы, матэматыкі з мехмата і ФПМІ дэманстравалі цуды робататэхнікі, іншыя факультэты таксама падрыхтавалі шмат цікавага для абітурыентаў.

У гэты час дэкан факультэта даўніверсітэцкай адукацыі адказны сакратар прыёмнай камісіі БДУ Вячаслаў Міхайлавіч Малафееў трымаў асаду абітурыентаў і іх бацькоў.

— Сёлета, як і ў мінулым годзе, абітурыенты Белдзяржуніверсітэта будуць мець магчымасць фарміраваць на нашым сайце свой асабісты кабінет, куды будзе прыходзіць уся актуальная інфармацыя пра ход уступнай кампаніі (конкурсы, прахадныя балы на адпаведныя спецыяльнасці і г.д.), — расказвае Вячаслаў Міхайлавіч. — Кабінет абітурыента пачне функцыянаваць ужо ў другой палове чэрвеня. Зарэгістраваўшыся, там можна будзе ў электронным выглядзе змясціць свае дакументы, самастойна падрыхтаваць анкету і заяву. Летам, падчас прыёмнай кампаніі, гэта дазволіць паскорыць працэс падачы дакументаў і дасць нам больш магчымасцей для аператыўнага інфармавання абітурыентаў.

В.М.Малафееў таксама паведаміў, што кантрольныя лічбы прыёму на бюджэтнае навучанне ў БДУ сёлета крыху павялічыліся (і гэта без уліку таго, што прыём у Міжнародны дзяржаўны экалагічны інстытут імя А.Д.Сахарава, які ўвайшоў у склад БДУ, захаваецца ў ранейшым аб’ёме). У прыватнасці, дабавіліся месцы на спецыяльнасць “Сацыяльная работа” і на ваенны факультэт.

— Структура спецыяльнасцей у цэлым захавалася, — адзначыў Вячаслаў Міхайлавіч, — але, улічваючы тое, што з гэтага навучальнага года ў склад БДУ ўвайшоў інстытут імя А.Д.Сахарава, суадносіны гуманітарных і прыродазнаўчанавуковых спецыяльнасцей змяніліся на карысць апошніх. Зараз 65% бюджэтнага прыёму — на прыродазнаўчанавуковыя спецыяльнасці.

Сёлета БДУ значна (амаль на 400 месцаў) павялічвае набор на платную форму навучання. Прагназуецца таксама павелічэнне колькасці замежных студэнтаў.

— На падрыхтоўчым аддзяленні ў нас вучацца 220 замежных грамадзян і на курсах рускай мовы — 90, — расказвае Вячаслаў Міхайлавіч. — Для іх зараз настае важны перыяд: вучэбны год блізіцца да завяршэння, адпаведна выпускнікі павінны прыняць рашэнне, куды паступаць. Да 15 ліпеня ім ужо трэба падаць дакументы. Таму мы стараемся актыўна ўключаць іх ва ўсе прафарыентацыйныя мерапрыемствы, як універсітэцкія (напрыклад, праводзім для іх экскурсіі па ўсіх факультэтах), так і рэспубліканскія. Сёння, напрыклад, мы запрасілі замежнікаў у Палац спорту, што дазволіць ім убачыць усю адукацыйную палітру нашай краіны.

Увогуле, ў БДУ вучацца прадстаўнікі 26 дзяржаў, і не толькі з былога Саюза і Кітая. Ёсць тут студэнты з Паўднёвай Карэі, Японіі, ЗША, Еўропы, прычым як у магістратуры, так і на першай ступені вышэйшай адукацыі.

Мнагалюдна было і ля стэнда Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Сёлета тут адкрываюцца адразу 4 новыя спецыяльнасці, таму абітурыенты хацелі ведаць падрабязнасці.

Як паведаміў адказны сакратар прыёмнай камісіі дэкан фізіка-матэматычнага факультэта БДПУ Сяргей Іванавіч Васілец, у сувязі з тым, што ў школе пачалі выкладаць новую дысцыпліну, адпаведна ва ўніверсітэце ўводзяцца новыя спецыяльнасці. Гэта “Музычнае мастацтва і сусветная мастацкая культура” (на факультэце эстэтычнай адукацыі) і “Гісторыя і сусветная мастацкая культура” (на гістарычным факультэце). Акрамя таго, на тым жа гістарычным факультэце адкрываецца спецыяльнасць “Гісторыя і экскурсійна-краязнаўчая работа”, а на факультэце сацыяльна-педагагічных тэхналогій — “Сацыяльная і псіхолага-педагагічная дапамога”.

Сёлета педагагічны ўніверсітэт быў адным з лідараў у размеркаванні выпускнікоў, усе без выключэння атрымалі першае працоўнае месца. Больш за тое, значная колькасць заявак на спецыялістаў не была задаволена. Сяргей Іванавіч расказвае, што, напрыклад, на такія спецыяльнасці, як “Пачатковая адукацыя”, “Дашкольная адукацыя”, колькасць заявак у некалькі разоў перавышала колькасць выпускнікоў.

Высокі попыт на рынку працы паказвае на тое, што педагагічны профіль будзе запатрабаваны абітурыентамі. Мы пацікавіліся ў адказнага сакратара прыёмнай камісіі, ці прагназуюць у БДПУ сёлета павышэнне конкурсу.

— Я бачу станоўчую дынаміку па некалькіх параметрах, — заўважыў Сяргей Іванавіч. — Самае відавочнае: колькасць гасцей на нашых днях адкрытых дзвярэй. Калі ў мінулыя гады нам хапала актавай залы, то сёлета мы занялі яшчэ тры вялікія паточныя аўдыторыі, і нават яны не змясцілі ўсіх жадаючых. Яшчэ адным паказчыкам з’яўляецца рэгістрацыя на цэнтралізаванае тэсціраванне, якая ў нас па тэмпах на 60—70% пераважае паказчыкі мінулага года. Безумоўна, не ўсе, хто здае ЦТ у БДПУ, будуць паступаць да нас, але па вопыце мы ведаем, што вельмі многія абітурыенты рэгіструюцца ў тых установах адукацыі, дзе хацелі б вучыцца ў будучыні.

Абітурыенты, якія прыходзілі да стэнда БДПУ, пыталіся пра сёлетняе і будучае размеркаванне, конкурсы, прахадныя балы і льготы. Выпускнікі школы, якія спадзяюцца на залаты медаль, удакладнялі пералік спецыяльнасцей, куды яны могуць паступаць без уступных іспытаў па рэкамендацыі педагагічных саветаў устаноў адукацыі.

— Гэта будзе ўжо трэці год, калі медалісты паступаюць у педагагічны ўніверсітэт без экзаменаў, і мы адзначаем станоўчую дынаміку, — гаворыць Сяргей Іванавіч. — Тры гады назад да нас прыйшлі 40 медалістаў, у пазамінулым годзе, калі пачалі дзейнічаць адпаведныя правілы, — 100, летась — 130. Я думаю, добрыя тэмпы захаваюцца.

С.І.Васілец паведаміў, што ўсе першакурснікі БДПУ, якія маюць патрэбу ў жыллі, будуць забяспечаны месцамі ў інтэрнаце. Дзякуючы таму, што ўніверсітэт атрымаў новы добраўпарадкаваны інтэрнат у Студэнцкай вёсцы, зараз забяспечанасць будучых педагогаў жыллём самая высокая ў горадзе.

— Я запрашаю абітурыентаў паступаць у Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка, — гаворыць Сяргей Іванавіч. — Тут яны змогуць уліцца ў кагорту тых, каму падабаецца ўзаемадзейнічаць з людзьмі, хто жадае несці святло і веды ў свет, каго цікавіць будучыня краіны. На мой погляд, педагагічная прафесія самая гуманная, а значыць, самая лепшая ў свеце.

Каля стэнда Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту абітурыенты маглі паспрабаваць сябе ў пабудове аб’ёмна-прасторавых кампазіцый і, калі ў іх усё атрымлівалася, атрымаць сертыфікат юнага архітэктара.

Дэкан факультэта магістарскай падрыхтоўкі і прафарыентацыі БелДУТ Ала Браніславаўна Няўзорава расказала, што на вучобу ва ўніверсітэт транспарту прыязджае моладзь з усёй Беларусі. Шмат тут і патомных чыгуначнікаў. Ёсць нават цэлыя пакаленні, якія скончылі БелДУТ і зараз адпраўляюць вучыцца ў сваю альма-матар уласных дзяцей.

— У нас палова студэнтаў не з Гомеля, — расказвае Ала Браніславаўна. — Пры гэтым усе іншагароднія студэнты атрымліваюць жыллё. Універсітэту належаць чатыры інтэрнаты літаральна ў пяці хвілінах хады, гэта вельмі зручна.

А.Б.Няўзорава адзначыла, што абітурыенты цікавяцца не толькі першай ступенню вышэйшай адукацыі, але і магістратурай. Відавочна, маладыя людзі загадзя плануюць сваю адукацыйную траекторыю, заглядваюць значна далей атрымання дыплома.

Ля стэнда Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В.Сухога мы гутарым з Аляксандрам Валер’евічам Шапавалавым, які выконвае абавязкі прарэктара. Ён расказвае пра тое, што ў ГДТУ ёсць сапраўды ўнікальныя спецыяльнасці, якіх няма ў іншых установах вышэйшай адукацыі.

Напрыклад, на машынабудаўнічым факультэце вядзецца падрыхтоўка па адзінай у нашай краіне спецыяльнасці, дзе рыхтуюць горных інжынераў, — “Распрацоўка і эксплуатацыя нафтавых і газавых радовішчаў”. Па словах А.В.Шапавалава, гэта адна з самых папулярных спецыяльнасцей універсітэта, тут самыя высокія прахадныя балы не толькі ў ГДТУ, а, магчыма, сярод усіх гомельскіх устаноў вышэйшай адукацыі.

Яшчэ адна вельмі перспектыўная і запатрабаваная спецыяльнасць на машынабудаўнічым факультэце — “Аўтаматызацыя тэхналагічных працэсаў і вытворчасцей”. Яе выпускнікі не толькі валодаюць прыкладнымі праграмнымі сродкамі і мовамі праграмавання, але і добра ведаюць прагрэсіўныя тэхналагічныя працэсы апрацоўкі дэталей машын і наступную іх зборку. Згаданая спецыяльнасць новая, адкрыта ўсяго два гады назад, але таксама карыстаецца вялікай папулярнасцю ў абітурыентаў.

У ГДТУ вельмі інтэнсіўна развіваецца факультэт аўтаматызацыі і інфармацыйных сістэм. У мінулым годзе тут былі адкрыты тры новыя спецыяльнасці, звязаныя з інфармацыйнымі тэхналогіямі. Верагодна, у хуткім часе згаданы факультэт стане найбуйнейшым ва ўніверсітэце.

— Я працую на энергетычным факультэце, і ўсе нашы спецыяльнасці таксама карыстаюцца папулярнасцю сярод абітурыентаў, — расказвае Аляксандр Валер’евіч. — Ну і, безумоўна, вялікі попыт на эканамічныя спецыяльнасці. Напрыклад, у нас ёсць спецыяльнасць “Эканоміка і арганізацыя вытворчасці”, выпускнікі якой атрымліваюць кваліфікацыю “інжынер-эканаміст”. Гэта значыць, што яны ведаюць структуру вытворчасці, праходзяць практыку на прамысловых прадпрыемствах, многія дысцыпліны ім выкладаюць спецыялісты, якія працуюць непасрэдна на вытворчасці. Студэнты гэтай спецыяльнасці хоць і вучацца на год больш, чым астатнія “эканамісты”, але атрымліваюць кваліфікацыю, якая дае ім вельмі шырокія магчымасці для працаўладкавання.

Зрэшты, сталічным абітурыентам Аляксандр Валер’евіч расказваў не толькі пра ўніверсітэт, які носіць імя знакамітага канструктара, але і пра цудоўны горад на Сожы.

— Гомель — гэта культурная сталіца Беларусі, у нас самы прыгожы ў краіне парк і палац на рацэ, — гаворыць А.В.Шапавалаў. — Наш горад вельмі ўтульны і спакойны, таму бацькі адпраўляюць сюды дзяцей з усіх куточкаў краіны. Часам даводзіцца адкрываць карту і глядзець, дзе тая вёска ці мястэчка, адкуль прыехаў да нас студэнт.

Аляксандр Валер’евіч паведаміў, што ўсім іншагароднім першакурснікам БДТУ, як бюджэтнікам, так і платнікам, прапаноўваюцца месцы ў інтэрнаце. З 2 курса пачынае працаваць модульна-рэйтынгавая сістэма, і нядбайныя студэнты могуць пазбавіцца такой прывілеі. Гэта добра стымулюе да вучобы і падтрымання агульнай дысцыпліны. Для студэнтаў, якія жадаюць усебакова развівацца, створаны выдатныя магчымасці для заняткаў спортам, творчасцю і, безумоўна, навукай.

Кансультант Міністэрства адукацыі Марына Эдуардаўна Суворава гаворыць, што да яе з пытаннямі часцей падыходзілі бацькі, чым абітурыенты. Цікавіліся не толькі правіламі прыёму, у большасці выпадкаў пытанні былі спецыфічнымі і тычыліся канкрэтных жыццёвых абставін. Напрыклад, як паступіць маладому чалавеку, які прыехаў у Беларусь з Луганскай вобласці? Ці як паступіць у беларускі ўніверсітэт грамадзяніну Расіі? Былі пытанні, звязаныя з дыстанцыйнай формай навучання.

— Абітурыенты і іх бацькі ўпершыню трапілі на такое маштабнае мерапрыемства, дзе прадстаўлены ўсе ўстановы адукацыі краіны, — гаворыць Марына Эдуардаўна, — таму ім хацелася наведаць як мага больш стэндаў. Зразумела, больш за ўсё пытанняў сёння паступала непасрэдна прадстаўнікам універсітэтаў.

М.Э.Суворава паведаміла, што ўжо 1 чэрвеня ў Міністэрстве адукацыі пачне працаваць гарачая лінія па пытаннях уступнай кампаніі. Званіць можна будзе па тэлефоне 222 4312.

У кансультацыйным пункце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў не мнагалюдна. Рэгістрацыя на цэнтралізаванае тэсціраванне наладжана, і калі нейкія пытанні ўзнікаюць, то яны аператыўна вырашаюцца.

Прадстаўнік РІКВ Наталля Мікалаеўна Вайцэховіч паведаміла, што ў параўнанні з мінулым годам на гэты перыяд зарэгістравалася крыху больш абітурыентаў, чым летась. Па стане на суботу — звыш 13 тысяч чалавек. Больш за ўсё па рускай мове і матэматыцы. Тры абітурыенты зарэгістраваліся на кітайскую мову.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.