Аксана Талстая — пра работу па самазабеспячэнні кадрамі і развіццё супрацоўніцтва з Кітаем

- 12:20Планерка

Пра цікавыя раённыя праекты, работу па самазабеспячэнні кадрамі і развіццё супрацоўніцтва з Кітаем карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала начальнік аддзела па адукацыі Шумілінскага райвыканкама Аксана Талстая.

— Аксана Генадзьеўна, якімі дасягненнямі навучэнцаў і педагогаў запомніўся мінулы год?

— Сярод нашых ключавых задач — выхаванне дастойных грамадзян і патрыётаў. У раёне выбудавана сістэма работы, якую мы комплексна працягваем удасканальваць. Назапашваем, а затым распаўсюджваем эфектыўны вопыт. У мінулым навучальным годзе па выніках удзелу ў рэспубліканскім конкурсе “Лепшыя практыкі і метадычныя інструментарыі ў патрыятычным выхаванні” дыпломамі галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама былі ўзнагароджаны Башнёўская і Амбросавіцкая базавыя школы. Дарэчы, іх навучэнцы сталі пераможцамі заключнага этапу рэспубліканскага конкурсу юных экскурсаводаў. У цэлым мы не толькі актыўна выкарыстоўваем, але і крок за крокам нарошчваем патэнцыял музеяў, музейных пакояў і куткоў устаноў адукацыі.
Так, у маі 2025 года ў сярэдняй школе № 2 імя А.І.Дубасарскага ўрачыста адкрылі музейны пакой “Гісторыя школы”. Узаемадзеянне з прадстаўнікамі духавенства ў пытаннях духоўна-маральнага выхавання, фарміравання этычных норм і сямейных каштоўнасцей маладога пакалення будуецца як у фармаце сустрэч з дзецьмі і іх бацькамі, так і ў ходзе валанцёрскай дзейнасці і праз удзел у тэматычных мерапрыемствах, што ажыццяўляюцца пры падтрымцы Беларускай Праваслаўнай Царквы, абласнога і рэспуб­ліканскага ўзроўняў. Тут варта адзна­чыць педагогаў і навучэнцаў сярэдняй школы № 2 і Башнёўскай базавай школы. На базе сярэдняй школы № 1 імя Героя Савецкага Саюза П.А.Акуцыёнка плённа працуе ваенна-патрыятычны клуб “Юны гвардзеец”. У прыватнасці, клуб наладзіў трывалыя партнёрскія сувязі з Велікалуцкім раёнам Пскоўскай вобласці, а свае лідарскія пазіцыі на Віцебшчыне пацвердзіў на абласным этапе рэспубліканскага агляду-конкурсу ваенна-патрыятычных аб’яднанняў, дзе ўвайшоў у лік лепшых. Асобна хачу вылучыць дасягненні прадстаўнікоў Мікіціхінскай сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза М.А.Ласкунова. На іх рахунку дыплом I ступені па выніках удзелу ў фінале рэспубліканскай патрыятычнай акцыі “Іх подзвіг у памяці нашчадкаў захаваем” і дыплом II ступені, атрыманы на заключным этапе рэспубліканскага конкурсу “Яны вызвалялі Радзіму”.

— Установы адукацыі раёна праводзяць і шэраг сваіх адметных мерапрыемстваў выхаваўчай накіраванасці. Што адзначыце ў першую чаргу?

— Вельмі яркія ўражанні падарылі конкурс паветраных змеяў “Майскае неба Перамогі” і конкурс выцінанак “Вокны Перамогі”. Адзначу і прэзентацыю вынікаў адукацыйнага праекта “Моднае — народнае”, які мы традыцыйна арганізоўваем на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы Шуміліна ў Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Дарэчы, пра гэтую ініцыятыву пісала “Настаўніцкая газета”.

— Завяршаецца трэці этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Колькі шумілінцаў прымае ў ім удзел і як наладжана работа з юнымі талентамі?

Мы імкнёмся да павышэння выніковасці ў алімпіядным руху, і яна паступова расце. Летась прадстаўнікі сярэдняй школы № 1 сталі пераможцамі на вобласці па біялогіі, рускай мове і літаратуры, хіміі, навучэнец Обальскай сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза З.М.Партновай — па вучэбным прадмеце “Фізічная культура і здароўе”. Цяпер у трэцім этапе спаборніцтва ўдзельнічаюць восем нашых школьнікаў. Станоўчую дынаміку назіраем таксама ва ўніверсітэцкіх алімпіядах. Тут кола ўдзельнікаў значна шырэйшае, летась было звыш 30 чалавек. Акрамя таго, дастаткова эфектыўна ажыццяўляецца даследчая дзейнасць. Напрыклад, навучэнка Мікіціхінскай школы паспяхова прадставіла Віцебшчыну на Х Міжнародным культурна-адукацыйным форуме “Дзеці Садружнасці”. Работы вучняў Мікіціхінскай школы і Кардонскай сярэдняй школы імя Героя Беларусі А.І.Дубко адзначаны дыпломамі на XVIII Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Вялікая Айчынная вайна 1941—1945гг. у гістарычнай памяці народа”. Актывізавалася падрыхтоўка да навучання ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку, чаму паспрыяла адкрыццё на базе сярэдняй школы № 1 раённага інжынерна-тэхнічнага цэнтра.

На заключных этапах рэспубліканскіх конкурсаў мастацкага напрамку за 2025 год у нас шэсць дыпломаў. Каманда аб’яднання па інтарэ­сах “Юны хакеіст” — у тройцы лідараў фінальных спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў “Залатая шайба” на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. А зборная раёна — пераможца XXXVII абласной спартакіяды школьнікаў. Васьмі выпускнікам школ уручаны атэстаты аб завяршэнні агульнай сярэдняй адукацыі асаблівага ўзору з узнагароджаннем залатым медалём. Амаль усе выпускнікі, хто вучыўся па адпаведным профілі, паступілі на інжынерныя спецыяльнасці. Адна дзяўчына выбрала блізкі фізіка-матэматычны напрамак, але вырашыла стаць настаўніцай, што зноў жа нас парадавала.

— Ці прываблівае моладзь перспектыва набыць педагагічную спецыяльнасць і вярнуцца працаваць на малую радзіму?

— Лепшы адказ — мовай фактаў: летась мы заключылі 17 мэтавых дагавораў на навучанне па педагагічных спецыяльнасцях. Пытанню самазабеспячэння кадрамі надаём прыярытэтнае значэнне. Замацавальнасць складае 80%. За два гады былі прыняты 24 маладыя спецыялісты: добрае прыйшло папаўненне.

— Акрамя суседняй Расіі, у поле актыўных кантактаў устаноў адукацыі раёна з нядаўніх пор уключыўся Кітай. Што паслужыла асновай сяброўства?

— Мікіціхінская школа носіць імя земляка Мікалая Ласкунова, які свой апошні подзвіг здзейсніў у жніўні 1945-га ў небе над Кітаем і пахаваны ў горадзе Фуцзінь. Супрацоўніцтва з КНР пачалося з пошуку дадатковай інфармацыі пра героя, затым перарасло ў сяброўства, якое на вачах мацнее. Думаю, гэта добрая тэма для публікацыі ў вашым выданні: вопыт актуальны і цікавы.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара