Акцёры-дашкольнікі з Баранавіцкага раёна ў сваіх пастаноўках вучаць равеснікаў правілам жыцця

- 9:00Главная, Новости

Прасачыць мадэрнізацыю прылад працы ў стагоддзях, сваімі рукамі спячы хлеб і збіць масла, у спектаклях асвоіць правілы паводзін… Праекты педагогаў Навамышскага дзіцячага сада Баранавіцкага раёна робяць жыццё выхаванцаў не толькі цікавым, але і бяспечным. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Акцёрскія ўрокі

У Новую Мыш кожную раніцу прыязджаюць хлопчыкі і дзяўчынкі і з навакольных вёсак, і з Баранавіч. Бацькам падабаецца, што сад маленькі (усяго 47 дзяцей), утульны, але галоўнае — тут працуюць творчыя педагогі, з якімі дзецям вельмі цікава.

— Тры з чатырох нашых груп — інтэграванага навучання і выхавання, у іх займаюцца дзеці ў асноўным з маўленчымі парушэннямі. Але мы цалкам адаптуем іх: яны ў нас становяцца выдатнымі акцёрамі і нават перамагаюць у тэатральных конкурсах і на фестывалях, — расказвае загадчыца дзіцячага сада Алена Станіславаўна Гаўрыльчык.

Тэатральныя пастаноўкі сталі выдатным спосабам для маленькіх артыстаў і перамагчы ўласныя моўныя цяжкасці, і ўпэўнена загава­рыць. Акрамя таго, на імправізаванай сцэне дзеці вучацца правілам бяспекі. У пастаноўках яны прайграюць сітуацыі, якія могуць прывесці да бяды.

— Усе нашы тэатралізаваныя пастаноўкі аўтарскія і накіраваны на вырашэнне пэўнай сацыяльнай праблемы. Напрыклад, у музычнай казцы “Самы лепшы дзень”, галоўны герой якой — кульгавае кацяня, мы звярнуліся да тэмы адаптацыі дзяцей з асаблівасцямі развіцця ў грамадстве. У пастаноўцы “Увага, мамы!” юныя акцёры і педагогі звярнуліся да праблемы залішняй захопленасці гаджэтамі сярод дарослых, якія, на жаль, часта пакідаюць дзяцей без нагляду, пакуль самі ў смартфонах. Спектакль “Будзьце пільнымі, ці Староннім уваход забаронены” стаў сучаснай версіяй казкі “Зайчыкава хатка”, герой якой упусціў дадому незнаёмку Лісу. Галоўныя героі спектак­ля “Жаданне горш за няволю, ці Як мы хацелі стаць ратавальнікамі” без дазволу сышлі з дому і траплялі ў розныя небяспечныя сітуацыі. Дарэчы, пасля перамогі на раённым фестывалі аматарскай дзіцяча-юнацкай творчасці “Тэатральная прызба” гэтую пастаноўку мы па запрашэнні ставілі і ў Брэсце, — расказвае А.С.Гаўрыльчык.

Усё гэта — частка праекта “Апрабацыя мадэлі фарміравання асноў бяспекі жыццядзейнасці дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту сродкамі гульнявых адукацыйных рэсурсаў”, які рэалізуецца ў садзе. Задума відавочна яшчэ ў двары. Тут створаны тэматычныя зоны, на кожнай з якіх героі мульт­фільмаў вучаць правільным паводзінам у самых розных небяспечных сітуацыях. Тут дзеці на практыцы засвойваюць сігналы светлафораў, правілы дарожнага руху для пешаходаў і веласіпедыстаў, карыстання пешаходным пераходам і інш. Непадалёк спяшаюцца на выклік Міша і Артур, седзячы за рулём вялікай пажарнай машыны (гордасць абмежаванай аўтарскай серыі спецтранспарту, спраектаванай і выпушчанай педагогамі сада).

Спачатку мы апрабавалі інавацыйны праект, выкарыстоўваючы гульні Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова, а пасля яго завяршэння не спыніліся — нашы педагогі распрацавалі свае інтэрактыўныя электронныя гульні па серыі мультфільмаў “Чароўная кніга МНС”, на тэрыторыі абсталявалі пляцоўкі, дзе з дапамогай прадметнага асяроддзя вучаць дзяцей правілам паводзін на дарозе, у бытавых сітуацыях, падчас пажару, на прыродзе. Тут жа праходзяць інтэрактыўныя гульні, абыгрываюцца розныя сітуацыі. Напрыклад, сёння ў нас адкрыўся выратавальны пункт, у які паступіла паведамленне ад дзяцей пра пажар, — ратавальнікі выбылі на ўчастак, каб выратаваць лю­дзей, — праводзіць экскурсію загадчыца ўстановы.

Хлеб ды з маслам

Яшчэ адну пляцоўку педагогі плануюць аформіць у тэматыцы патрыятычнага праекта, якім яны цяпер шчыльна заняліся. Дакладней, да якога вярнуліся.

— Шкада, што не магу вам паказаць нашу беларускую хату — мы ўжо пачалі яе пераўтва­раць у музейны пакой. Рамонт зрабілі, але яшчэ не абсталявалі. Экспанатаў у нас шмат, ужо больш за сотню, і мы іх пастаянна папаўняем. Тут сабраны беларускія касцюмы, вышытыя ручнікі, вырабы, створаныя народнымі ўмельцамі з гліны, ільну, саломы, дрэва, лазы. Багатая калекцыя кухоннага начыння, асабліва шмат у нас прылад працы. Цяпер мы хочам асобна зра­біць экспазіцыі мужчынскіх прылад працы, а ў бабіным куце — жаночых. Ёсць і задума супаставіць старажытным экспанатам іх сучасныя аналагі: побач з газніцай паставім ліхтар, з карытам — цацачную пральную машынку, з касой — выяву газонакасілкі. Самыя каштоўныя нашы экспанаты — з драўніны, бо яны крохкія. Мне вельмі шкада дубовы бачок, у якім некалі бралі ваду на сенакос — у гэтым сасудзе вада і ў спякоту заставалася халоднай. Ён рассыпаўся ад часу, і мы не змаглі яго адна­віць. Не менш каштоўны для мяне экспанат і маслабойка, бо менавіта з ёй асацыіруецца маё дзяцінства: я расла ў бабулі і часта дапамагала ёй збіваць масла, — расказвае А.С.Гаўрыльчык.

І маслабойку, і іншыя прыстасаванні дашкольнікі таксама апрабуюць на справе падчас цікавых даследчых ініцыятыў. Так, у межах праекта “Лён-лянок” дзеці пад кіраўніцтвам Ганны Вячаславаўны Тарасюк і мясцовай жыхаркі (прафесійнага агранома) Вольгі Клімовіч пасеялі гэтую культуру, вырасцілі, зжалі, склалі ў снапы, памялі мялкай, патрапалі, драўляным грэбнем вычасалі кастрыцу і атрымалі валакно. З яго дзеці разам з педагогам зрабілі ляльку-анёлка да Раства Хрыстова. Акрамя таго, у садзе з’явілася калекцыя прыстасаванняў для апрацоўкі льну.

У межах праекта “Адкуль узялося масла?” дзеці разам з выхавальніцай Аленай Васільеўнай Катлубай пасеялі траву, скасілі, высушылі і завезлі да бабулі адной з выхаванак, якая трымала карову. Гаспадыня накарміла Жулю сенам, а раніцай падаіла яе і прынесла ў сад малако. З яго дзеці самі згатавалі масла, даведаліся, як гэта рабілі на старадаўняй драўлянай маслабойцы.

Праект “Хлеб на стале” пачаўся з гульні ў магазін. Калі Г.В.Тарасюк папрасіла дзяцей размаляваць буханкі хлеба з салёнага цеста, тыя задаліся пытаннем, чаму ён бывае белы і чорны. Таму педагог вырашыла ім не толькі раска­заць, але і паказаць. Так, разам з ёй дзеці выязджалі падчас жніва ў поле, гля­дзелі, як камбайны ўбіраюць пшаніцу і жыта, адчулі цяпло і пах зерня на зернесушылцы, параўналі муку — жытнюю грубага памолу і пшанічную дробнага памолу. На Баранавіцкім хлебазаводзе паназіралі, як гатуецца цеста з розных відаў мукі, пачаставаліся пшанічным і жытнёвым хлебам, а таксама абаранкамі і пернікамі. Свае духмяныя буханкі юныя пекары выпякалі і дома, разам з бацькамі.

Ганна Вячаславаўна Тарасюк тлумачыць:

— Працай сваіх рук спрадвеку жылі нашы бабулі, дзядулі, і мы не павінны страчваць гэтую сувязь пакаленняў. Смак дамашняга хлеба і масла, цяпло льну — гэта тое, з чым дзеці не сутыкаюцца, а так хочацца іх з гэтым азнаёміць! Цяпер хачу паказаць ім сучасныя дасягненні прамысловасці Беларусі. На адных з мінулых заняткаў падчас вывучэння тэмы “Прадукты харчавання” мы ўжо даведаліся пра фабрыкі “Слодыч”, “Камунарка”, “Cпартак”, “Чырвоны харчавік”. Прадукцыю кожнай з іх мы прадэгуставалі, што дапамагло дзецям яе добра запомніць і правільна злучыць карцінкі “ласункі — вытворца”. Хачу яшчэ звазіць іх на прадпрыемствы і паказаць маштаб вытворчасці брэндавай прадукцыі.

У садку ёсць ідэя пашырыць фармат названых праектаў — ужо з новымі ўдзельнікамі. Як яны будуць развівацца (педагогі пака­жуць дзецям гатаванне шырэйшага асартыменту хлебабулачнай прадукцыі, масла шакаладнага, з дабаўкамі ці паспрабуюць асвоіць сыраварства), пакуль яшчэ вырашаецца. Але па задуме педагогаў іх праекты будуць звязаны з сучаснасцю, каб паказаць, як гатавалі раней і як гатуюць цяпер.

Наша гісторыя

Патрыятычнае выхаванне ў садку рэалізуецца не толькі ў гастранамічным кірунку, але і праз фальклорныя святы. “Купалле”, “Гуканне вясны”, “Калядкі” — толькі частка абрадаў, у якіх задзейнічаны дзеці. Любяць дзеці і даследаванні, экскурсіі. Так, у межах праекта “Не тое золата, што блішчыць” дзеці шукалі скарб у вёсцы — не дарма ж яе называюць багатай. У памочнікі запрасілі краязнаўца і аўтара кнігі “На беразе Мышанкі” Васіля Дубейку, які правёў для дзяцей экскурсію з наведваннем старажытных храмаў — царквы і касцёла, азнаёміў іх са старажытнай іконай Божай Маці, якую схавалі тут пад іншай іконай у ваенныя часы. Ёсць меркаванне, што гэты абраз шукаюць ужо шмат гадоў па ўсёй Беларусі і па ўсім свеце. У гэтай жа мясцовасці вырас Ян Чачот — звесткі пра знакамітага земляка дзеці шукалі ў бібліятэцы, тут жа паглядзелі тэатральную пастаноўку яго паэмы “Мышанка”. Падчас зносін з мясцовымі жыхарамі юныя краязнаўцы вывучалі гісторыю роднай вёскі, узгадка пра якую, дарэчы, датуецца ажно 1536 годам, разам з мясцовым кіраўніцтвам складалі яе карту. Аказалася, што скарбы ў вёсцы ёсць, прычым даражэйшыя за золата.

Шмат распрацавана ў садку інтэрактыўных заняткаў і гульняў па тэме Вялікай Айчыннай вайны. Сярод самых знакавых — заняткі “Акрайчык хлеба”, гульня “Сцежкамі вайны”, квест “Цягнік Памяці”. Юныя акцёры са сваімі педагогамі здымаюцца ў відэароліках “Укра­дзенае дзяцінства”, “Дзе хаваецца вайна”, “Памяць пра подзвіг, “Дзеці вайны” і інш. Сцэнарыстамі і аператарамі выступаюць педагогі сада, а здымкі праводзяць у тым ліку ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Многія свае відэапраекты змяшчаюць на YouTube-канале сваёй да­школьнай установы. Вопытам педагогі дзеляцца з калегамі Беларусі і Расіі.

Святлана НІКІФАРАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і прадастаўлены Навамышскім дзіцячым садам