Чачэрскі раён прызнаны лепшым у Гомельскай вобласці сярод раёнаў, у падведамных установах якіх вучыцца і выхоўваецца да 3000 дзяцей. Начальнік аддзела адукацыі Чачэрскага райвыканкама Ала Гулевіч расказала карэспандэнту “Настаўніцкай газеты”, як дасягнуць значных вынікаў.

— Ала Аляксандраўна, што дазволіла Чачэрскаму раёну стаць лідарам сярод раёнаў Гомельскай вобласці?
— Наш поспех — гэта вынік не аднаго года работы. Мы ішлі да мэты паступова, прыкладалі ўсе намаганні і забяспечвалі выкананне ўсіх неабходных паказчыкаў. Асноўным фактарам стала высокая якасць вучэбнай работы, асабліва — выдатныя вынікі цэнтралізаваных экзаменаў. Сярод 34 гімназій і ліцэяў вобласці гімназія Чачэрска займае 1-е месца ў рэйтынгу — сярэдні бал па выніках ЦЭ складае 87. У раёне 12 чалавек сталі ўладальнікамі 100-бальных сертыфікатаў. Нашы зорныя выпускніцы з Залескай сярэдняй школы Дар’я Малашкіна і гімназіі Аляксандра Захаранка атрымалі максімальны бал адразу па двух прадметах. Поспехі навучэнцаў адлюстроўваюць высокі прафесіяналізм і самааддачу педагогаў. Так, настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі Ірына Патапенка — рэкардсмен сярод настаўнікаў па колькасці падрыхтаваных стабальнікаў: 8 яе навучэнцаў атрымалі максімальны бал на ЦЭ. Акрамя таго, у раёне 13 выпускнікоў сталі ўладальнікамі залатых і сярэбраных медалёў.
Вялікая ўвага ўдзяляецца рабоце з адоранымі навучэнцамі. У мінулым алімпіядным сезоне ў нас было 3 пераможцы рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах і 9 — у трэцім этапе абласной алімпіяды (для навучэнцаў 4—9 класаў). Таксама можна адзначыць удзел дзяцей і педагогаў у конкурсах даследчага характару, навуковых конкурсах. Дарэчы, прыклад у гэтым напрамку падае педагог Отарскай базавай школы Максім Ефімовіч, які стаў пераможцам і лаўрэатам прэміі Гомельскага аблвыканкама ў сферы навуковых даследаванняў і эксперыментальных распрацовак.
Зладжаная і карпатлівая праца ўсяго калектыву і прывяла да таго, што ў нас 1-е месца ў вобласці за лепшую арганізацыю работы па забеспячэнні якасці адукацыі навучэнцаў.
— Што ў прыярытэце ў гэтым навучальным годзе для ўмацавання пазіцый раёна і далейшага развіцця?
— Галоўнае — не спыняцца на дасягнутым і не спачываць на лаўрах. Адукацыя — гэта пастаянны рух наперад. Таму мы імкнёмся прымножыць свае вынікі і ўжо са жніўня актыўна працуем над ключавымі пытаннямі, такімі як падтрымка матываваных навучэнцаў і падрыхтоўка да алімпіяд і ЦЭ. Мы завяршылі ўсе арганізацыйныя моманты, каб стварыць камфортныя ўмовы для навучання і выхавання. Наша мэта — захаваць і ўмацаваць пазіцыі раёна.
— Стаўка на камандную дзейнасць?
— Безумоўна, поспех дасягаецца толькі ў камандзе, прычым разам з бацькамі. Калі паміж школай і бацькамі ёсць паразуменне і дарослыя ўсведамляюць, што адукацыя — гэта рухаючая сіла, тады дзеці атрымліваюць належную падтрымку з самага пачатку навучання. Ужо з 1 класа важна ўкладвацца ў развіццё пачынаючых школьнікаў, каб яны маглі добра вучыцца, а затым працягнуць адукацыю і атрымаць прэстыжную прафесію. Калі бацькі ідуць насустрач педагогам і выконваюць іх рэкамендацыі, тады і дасягаюцца найлепшыя вынікі.
Мы ўсе разумеем, што сям’я і бацькі служаць прыкладам для пераймання. Калі ў сям’і фарміруецца правільная матывацыя, працаваць з такімі дзецьмі становіцца значна лягчэй. У нас сфарміравана каманда вопытных прафесіяналаў: больш за 56% педагогаў — гэта спецыялісты старэйшыя за 45 гадоў, якія, дзякуючы вопыту, ведам і энергіі, здольны творча падыходзіць да сваёй працы. Не менш важная і адміністрацыйная каманда — кіраўнікі, якія каардынуюць, падтрымліваюць і стымулююць калектыў. Усе разам — велізарная сіла, дзякуючы якой мы дасягаем поспеху. У адзіночку справіцца немагчыма.
— У вашых словах адчуваецца матывацыя і энергія. У чым знаходзіце апору, каб весці за сабой каманду і эфектыўна кіраваць?
— Мая галоўная крыніца натхнення — канкрэтныя вынікі нашай сумеснай працы. Калі я азіраюся назад і бачу, што зроблена, як наша дзейнасць уплывае на дзяцей, бацькоў, педагогаў, то поўнасцю ўсведамляю сапраўдную каштоўнасць сваёй місіі. Вядома, работа складаная, заўсёды ёсць нюансы і выклікі. Але я атрымліваю велізарнае задавальненне ад таго, калі шчаслівыя дзеці заходзяць у школу пасля рамонту, калі педагогі сустракаюць іх з цяплом і добрымі словамі. Прыемна ад таго, што ў Чачэрску бацькі паважаюць настаўнікаў. Маральнае задавальненне — у павазе, прызнанні і адчуванні сапраўднай каманды. Я ўпэўнена, што мая сіла і апора — мае калегі, якія заўсёды побач, падтрымліваюць і дапамагаюць 24/7. Менавіта іх падтрымка дае мне энергію, каб рухацца наперад і пераадольваць любыя перашкоды.
Сістэма адукацыі Чачэрскага раёна сёння ўключае 22 установы адукацыі, дзе вучыцца 1729 школьнікаў, у тым ліку 161 першакласнік. Дашкольнай адукацыяй ахоплена больш за 480 дзяцей. Спецыялісты ўстановы дадатковай адукацыі гатовы прыняць 800 выхаванцаў у гурткі і секцыі. Усяго ў сферы працуе 421 педагог, а ў новым навучальным годзе да вялікай педагагічнай сям’і далучыліся 24 маладыя спецыялісты.
— Якасныя веды залежаць не толькі ад прафесіяналізму настаўніка і старання вучня, але і ад моцнай матэрыяльна-тэхнічнай базы адукацыйных устаноў. Раскажыце, як стартаваў навучальны год і якія ўмовы створаны ў раёне для эфектыўнага і камфортнага навучання.
— Для падрыхтоўкі ўстаноў да пачатку новага навучальнага года галоўным упраўленнем адукацыі Гомельскага аблвыканкама з абласнога бюджэту было накіравана на бягучы рамонт 70 тысяч рублёў, і больш за 55 тысяч рублёў — на набыццё неабходнага абсталявання. У цэлым было затрачана больш за 290 тысяч рублёў (бюджэтныя, пазабюджэтныя сродкі, спонсарская дапамога). Мы стварылі камфортныя, сучасныя і бяспечныя ўмовы для навучання. Так, бягучы рамонт дахаў праведзены ў Отарскай базавай школе і Бабіцкай сярэдняй школе. У 7 установах замянілі 54 аконныя блокі. Закуплена тэхналагічнае і халадзільнае абсталяванне для харчаблокаў і звыш тысячы рэмкамплектаў школьных сталоў і крэслаў. Усе ўстановы абсталяваны сістэмамі перадачы паведамлення аб пажары, сістэмамі сігналізацыі і відэакантролю.
Дзякуючы рэалізацыі 23 праектаў другаснай занятасці, дзеці правялі лета актыўна і з карысцю, зарабіўшы свае першыя кішэнныя грошы. Школьнікі праявілі старанне і крэатыўнасць у азеляненні тэрыторый, пашыве бялізны, ручнікоў і фартухоў, рамонце і зборцы школьнай мэблі. Для юных жыхароў Чачэрска гэты вопыт стаў вельмі значным і каштоўным.
— Рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства “Настаўнік года” — важная пляцоўка для развіцця педагагічнага майстэрства. Як рыхтуецеся да ўдзелу?
— Раскрываць усе сакрэты падрыхтоўкі, мабыць, не буду, але адзначу, што работа ў гэтым напрамку вядзецца даволі актыўна. Ёсць у раёне выдатныя спецыялісты, якія могуць яскрава заявіць пра сябе і наш рэгіён на нацыянальным узроўні. Асабліва ганарымся настаўнікам матэматыкі і фізікі Залескай сярэдняй школы Уладзімірам Ганчаровым, які ў 2020 годзе стаў пераможцам абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года — 2020” у сваёй секцыі. Яго поспех натхняе і матывуе ўсю каманду да новых дасягненняў.
Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара





