Алена Круцікава — пра вынікі работы профільных класаў Лёзненскага раёна і лепшы ў краіне атрад юных інспектараў руху

- 13:17Планерка

Начальнік аддзела па адукацыі Лёзненскага райвыканкама Алена Круцікава расказала карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” пра ключавыя задачы інжынерна-­тэхнічнага цэнтра, прафарыентацыю, вынікі работы профільных класаў, праектную дзейнасць і лепшы ў краіне атрад юных інспектараў руху.

Праграмаванне — другая пісьменнасць

— Алена Валер’еўна, што абумовіла адкрыццё інжынерна-тэхнічнага цэнтра менавіта ў сярэдняй школе імя М.В.Акцябрскай?

— У гэтым напрамку ўстанова адукацыі плённа працуе з 2016 года, назапашаны эфектыўны вопыт. Пры падтрымцы Парка высокіх тэхналогій у 2018 годзе тут быў адкрыты раённы Scratch-цэнтр. Канцэпцыя яго развіцця ўключала стварэнне раённага метадычнага фарміравання і пад­рыхтоўку педагогаў. У прыватнас­ці, у цяперашні час у школе ўсе настаўнікі пачатковых класаў і інфарматыкі маюць сертыфікаты адукацыйнага праекта “Праграмаванне — другая пісьмен­насць”, адпаведныя факультатывы карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў дзяцей. Вынікам узаемнай зацікаўленасці настаўнікаў і вучняў, сістэмнай каманднай работы стаў рост выніковасці, значныя поспехі на конкурсах абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў. Многае вырашае матэрыяльны рэсурс. Школа мае мабільны і тры стацыянарныя камп’ютарныя класы, інтэр­актыўныя дошкі і мультыборды ў кожным прадметным кабінеце, “РОББО Лабараторыю” і 3D-прынтар, і ўсё гэта па максімуме задзейнічана.

— Як у раёне наладжана сістэма прафарыентацыі, дапрофільнай і профільнай пад­рыхтоўкі будучых інжынераў?

— Каардынуючая роля належыць інжынерна-тэхнічнаму цэнтру. Ва ўсіх нашых школах былі арганізаваны факультатыўныя заняткі. На канікулах і ў межах шостага школьнага дня запрашаем навучэнцаў на цікавыя мерапрыемствы, ездзім на экскурсіі, актыўна ўдзельнічаем у конкурсным руху і ўніверсітэцкіх алімпіядах. Складаць розныя ма­дэлі дзеці пад кіраўніцтвам педагогаў вучацца з малодшага школьнага ўзросту. У сярэднім звяне надыхо­дзіць час канструявання з “РОББО Робаплатформай”, старшакласнікі ахвотна асвойваюць схематэхніку. Інжынерна-тэхнічны цэнтр — база інтэнсіўнай праектнай дзейнасці.

Лёзненшчына невялікая па колькасці ўстаноў адукацыі, тым не менш за апошні час 23 навучэнцы раёна (16 з іх — прадстаўнікі школы імя М.В.Акцябрскай) прайшлі падрыхтоўку ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку.

Калі гаварыць пра конкурсы, то, напрыклад, сёлета ў нас два дыпломы І ступені на абласным і дыплом ІІ ступені на заключным этапе рэспубліканскага конкурсу тэхнічнай творчасці навучэнскай моладзі “Інжынеры будучыні”. Інжынерна-тэхнічны цэнтр у прасторы раёна — гэта кропка росту, дзе адукацыя, тэхналогіі, вытворчасць аб’ядноўваюцца для фарміравання новага пакалення інаватараў і лідараў.

— Якім універсітэтам выпускнікі аддаюць перавагу: рэгіянальным або сталічным?

— Большасць ідзе ў рэгіянальныя, гэта заканамерна і правільна. Хаця і ў вядучыя ўніверсітэты Мінска выпускнікі паступаюць. Возьмем для прыкладу энергетычны факультэт БНТУ: там вучацца некалькі лёзненцаў, адзін з іх паступіў па рэкамендацыі наглядальнага савета Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. Традыцыйна запрашаем паспяховых студэнтаў на дыялогавыя пляцоўкі са старшакласнікамі і кірмашы мэтавай падрыхтоўкі. Дарэчы, каля 70% нашых сёлетніх выпускнікоў інжынерных класаў збіраюцца паступаць на профільныя спецыяльнасці. Цесны кантакт з прадпрыемствамі — асобны і вельмі важны аспект. У красавіку мы прэзентавалі свой вопыт на рэспубліканскім семінары, дзе разглядаліся інавацыйныя падыходы да навучання ў інжынерна-тэхнічных цэнтрах. Тэмай абмеркавання была арганізацыя сістэмнай работы з рэальным сектарам эканомікі. Асноўнымі вектарамі супрацоўніцтва тут бачацца прафарыентацыя, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі, праектная дзейнасць. Нашы партнёры ёй вельмі зацікавіліся і ўсё часцей прапануюць перспектыўныя тэмы для сумесных праектаў.

— Якія тэмы даследавання ў новых праектах?

Пералік тэм дастаткова шырокі. Першымі мне ўспомніліся дзве: пра гісторыю электрафікацыі раёна і нашага славутага земляка Пятра Прусава, які быў галоўным канструктарам Аўта­ВАЗа, стваральнікам легендарнай “Нівы”.

Вярнулі лідарства

— Напрыканцы навучальнага года прадстаўнікі школы імя М.В.Акцябрскай прынеслі Віцебшчыне перамогу на 52-м Рэспубліканскім злёце-конкурсе юных інспектараў руху…

— Тым самым мы пацвердзілі статус лепшых у краіне. Школьнікі з Лёзна пад кіраўніцтвам педагога Вольгі Вячэрскай некалькі гадоў запар трымаюць абласное першынство. У рэспубліканскім фінале на працягу чатырох гадоў нашы дзеці перамагалі, летась занялі 2-е месца, а зараз зноў вярнулі лідарства. Адметна, што Вольга Міхайлаўна на высокім узроўні выкладае рускую мову і літаратуру. У яе партфоліа — пад­рыхтоўка пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычнае і духоўнае адзінства”. Варта дадаць, што многія вучні Вольгі Вячэрскай выбралі прафесію па прыкладзе любімай настаўніцы і вынікова працуюць. Яе вучаніца і ўдзельніца каманды ЮІР Алена Мінакіна (па першай педагагічнай спецыяльнасці настаўніца рускай мовы і літаратуры) узна­чальвае наш раённы цэнтр дзяцей і моладзі. У працяг тэмы фарміравання ў навучэнцаў бяспечных паводзін: па выніках абласнога этапу конкурсу “Школа бяспекі — 2025” дыпломам І ступені адзначана Веляшковіцкая сярэдняя школа імя А.Ф.Данукалава, дыпломамі ІІ ступені — Даб­рамыслінская сярэдняя школа імя Л.П.Ціхмянава, базавая школа імя І.А.Авекава.

— Ці многа сярод сёлетніх выпускнікоў будучых педагогаў?

— З 49 выпускнікоў 11-х класаў па мэтавых накіраваннях 9 плануюць паступаць на запатрабаваныя педагагічныя спецыяльнасці. Гэта толькі мэтавікі. Насамрэч можна ўпэўнена сказаць: будзе больш. Яскравы прыклад: настаўніцай вырашыла стаць наша зорачка з Крынкаўскай сярэдняй школы імя М.Ц.Лынькова Дзіяна Локцева — адна з лепшых у Беларусі юных экскурсаводаў музеяў устаноў адукацыі, двойчы прызёр рэспубліканскага конкурсу. Захапленне музейнай і даследчыцкай справай вучаніцы перадала настаўніца Наталля Сударыкава. Трэба адзначыць, што сёлета ў названай школе ўсе выпускнікі педкласа нацэлены атрымаць профільныя спецыяльнасці.

У цэлым па раёне разам з педагагічным і інжынерным на трэцяй ступені навучання ў прыярытэце медыцынскі напрамак, паступленне ў ВДМУ. Ёсць жадаючыя прысвяціць прафесійную будучыню рабоце ў аграрным сектары, службе ў сілавых структурах, падраздзяленнях МНС.

Выразная тэндэнцыя звязана з ІТ-сферай. Выбар моладзі становіцца больш усвядомленым: не бяздумна пайсці ў ІТ, а прайсці падрыхтоўку з арыентацыяй на вытворчасць і канкрэтнай спецыялізацыяй, неабходнай для наступнага працаўладкавання. У верхніх радках рэйтынга выпускнікоў базавай школы трывала замацаваліся аграрныя каледжы. У новым навучальным годзе профільным навучаннем будуць ахоплены ўсе нашы адзінаццацікласнікі.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара