Па шматлікіх напрамках дзейнасці сістэма адукацыі Мсціслаўшчыны займае лідзіруючыя пазіцыі ў Магілёўскай вобласці. Аб дасягненнях і планах карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Алена Паштовая.

— Дзень ведаў нашы педагогі і вучні сустрэлі з добрым настроем. За лета ва ўсіх установах была істотна ўдасканалена матэрыяльная база. На правядзенне рамонтаў накіравана звыш 2,6 млн рублёў. У школах абнавілі спартзалы, сталовыя, кабінеты, на харчаблокі паставілі сучаснае тэхналагічнае абсталяванне, закупілі шэраг камп’ютарных класаў. Дашкольныя ўстановы цяпер аснашчаны яркімі надворнымі гульнявымі комплексамі. Увагу ўдзялілі таксама добраўпарадкаванню і азеляненню прылеглых тэрыторый.
Станоўча ўспрынялі калектывы новаўвядзенні ў арганізацыі адукацыйнага працэсу. Мсціслаўскае настаўніцтва адзінае ў меркаванні: змяненні вызначылі выразны вектар развіцця беларускай школы. Новыя вучэбныя праграмы і падручнікі, узмоцненая фізічная падрыхтоўка, абмежаванне на выкарыстанне гаджэтаў і дзелавы стыль адзення — усё гэта накіравана на тое, каб выпускнік пераступаў школьны парог не толькі з глыбокімі ведамі, але і з моцным здароўем, сілай характару і любоўю да сваёй краіны.
— Алена Дзмітрыеўна, чым сёння ганарыцца сфера адукацыі раёна?
— Пэўная нагода для гордасці — унікальнасць нашых школ. Кожная ўстанова па-свойму адметная. Усюды педагогі далучаюць вучняў да сацыяльных і працоўных праектаў. Напрыклад, Разанцаўская школа займаецца арганічным земляробствам, Мушынская — вырошчваннем кавуноў і дэкаратыўнай лазы, Падсолтаўская школа стварыла пчальнік, а Мазалаўская — гадавальнік з малінамі і чуфой. У гімназіі арганізавалі вучнёўскую тэлестудыю і распрацоўваюць эфектыўныя праекты па энергазберажэнні. У сярэдняй школе № 2 наладзілі функцыянаванне цэнтра бяспекі, а ў Ходасаўскай — асвойваюць асновы ландшафтнага дызайну.
Паступова рухаемся наперад у павышэнні якасці адукацыі. Амаль 50% выпускнікоў маюць сярэдні бал атэстата 8,5 і вышэйшы. На ЦЭ і ЦТ вучні атрымалі пяць стабальных сертыфікатаў. Навучэнцы вынікова ўдзельнічаюць у алімпіядах і даследчых конкурсах, праяўляюць сябе ў творчасці. Важкае дасягненне маем у спорце: мы неаднаразова выходзілі ў пераможцы абласной спартакіяды школьнікаў. Вызначыліся таксама на абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах па гандболе, баскетболе, лёгкай атлетыцы.
Дынамічна развіваецца дадатковая адукацыя. Пастаянна аналізуем запыты вучняў, адкрываем адпаведныя часу аб’яднанні па інтарэсах. У бягучым годзе стварылі гурткі “Школа юнага блогера”, “3D-мадэляванне”, “Касметалагічная лабараторыя”. Усё гэта цікава сённяшнім дзецям.
Ганарымся і сваімі настаўнікамі. Сярод іх няма выпадковых людзей. Звыш 76% педагогаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю, двое — настаўнікі-метадысты. Вопыт педагогаў са стажам гарманічна спалучаецца з запалам і крэатывам моладзі. У жніўні да работы прыступілі шэсць маладых спецыялістаў. Паказальна, што яны ўраджэнцы Мсціслаўшчыны. Мы вядзём планамерную работу па амаладжэнні педагагічных кадраў і рыхтуем змену з ліку сваіх вучняў.
Сёлета на педагагічныя спецыяльнасці паступілі 15 выпускнікоў, а ўсяго педагагічную адукацыю набываюць 76 нашых хлопцаў і дзяўчат. Больш за трэць з іх вучыцца па мэтавых дагаворах.
Стаўку робім на педагагічныя класы, павялічваем іх колькасць. Для вучняў гэтага профілю рэгулярна ладзім прафесійныя пробы: яны працуюць памочнікамі выхавальнікаў у аздараўленчых лагерах, прыцягваюцца да правядзення заняткаў у пачатковых класах.
— Якія акцэнты робіце ў выхаваўчай рабоце?
— Выхаванне — своеасаблівы падмурак адукацыі. Падрастаючае пакаленне неабходна выхоўваць патрыётамі, свядомымі грамадзянамі. Для вырашэння гэтых задач перыядычна рэалізуем аўтарскія ініцыятывы. У нас дзейнічае рэгіянальная мадэль вучнёўскай занятасці — праект “Майстарслаў”. Праз разнастайныя карысныя мерапрыемствы вучым дзяцей асновам бяспечнай жыццядзейнасці, развіваем іх патрыятычныя пачуцці і творчыя здольнасці, далучаем да спорту, фарміруем маральныя ідэалы і каштоўнасці.
Знакавым праектам для фарміравання актыўнай грамадзянскай пазіцыі ў моладзі стала “Ліга дэбатаў”. Ініцыятыва аб’ядноўвае старшакласнікаў.
У рамках дыскусій па надзённых тэмах яны вучацца разважаць, аргументаваць, адстойваць свой пункт гледжання. Размовы ў такім фармаце ўплываюць на развіццё крытычнага мыслення і камунікатыўных кампетэнцый навучэнцаў.
У прафарыентацыі вучняў таксама ідзём уласным шляхам. Ужо пяць гадоў праводзім раённы конкурс JuniorSkills. Праз удзел у гэтым спаборніцтве дзеці могуць паспрабаваць сябе ў розных сферах і зрабіць правільны выбар прафесіі. Мерапрыемства ахоплівае не толькі школьнікаў, але і выхаванцаў дзіцячых садоў, навучэнцаў з асаблівасцямі. Важна і тое, што конкурсныя намінацыі маюць прамую сувязь са спецыяльнасцямі, запатрабаванымі на прадпрыемствах.
Праектаў мноства. Ажыццяўляючы іх, ніколі не забываем, што выхоўвае не дакумент, а педагог — учынкамі, словамі, стаўленнем. Важнае тут і ўзаемадзеянне з сям’ёй. Сумесна з бацькамі гадуем нашых дзяцей адукаванымі маладымі лідарамі. Вельмі хацелася б, каб у будучыні моладзь рэалізоўвала свой патэнцыял на роднай зямлі.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара





