Аляксандр Леўчанка: нам важна, каб пасля вучобы ў іншых гарадах нашы выпускнікі вярталіся на сваю малую радзіму

- 13:09Планерка

“Нам важна, каб пасля вучобы ў іншых гарадах нашы выпускнікі вярталіся на сваю малую радзіму, каб менавіта тут выбудоўвалі свой жыццёвы і прафесійны шлях”, адзначыў у размове з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” начальнік аддзела па адукацыі Глускага райвыканкама Аляксандр Леўчанка.

Сёння павышаная ўвага ў раёне ўдзяляецца прафарыентацыйнай рабоце, якую мы імкнёмся арганізаваць на сучасным узроўні, арыентуючы выпускнікоў на неабходныя, запатрабаваныя ў найбліжэйшым вытворчым і сельскагаспадарчым акружэнні прафесіі. Хочацца, каб кожны навучэнец знайшоў сабе прафесію па душы, рэалізаваў свае здольнасці, быў карысны грамадству і эканоміцы. Для школьнікаў раёна право­дзяцца розныя мерапрыемствы: прафарыентацыйныя сустрэчы, гутаркі, дні прафарыентацыі, кірмашы прафесій і інш. На дні праф­арыентацыі мы запрашаем прадстаўнікоў навучальных устаноў, а таксама прадпрыемстваў і арганізацый. Безумоўна, упор робіцца менавіта на мясцовыя прадпрыемствы: ПМК № 249, ТАА “Тэхнатрансдэталь”, якое гатова плаціць стыпендыю навучэнцам, якія выберуць запатрабаваныя спецыяльнасці, цэнтральная раённая бальніца, РАУС і інш.

Навучэнцы наведваюць установы адукацыі вобласці і рэспуб­лікі, а таксама прадпрыемствы і арганізацыі, дзе для іх арганізоўваюцца дні адкрытых дзвярэй. Так, у снежні дзень адкрытых дзвярэй прайшоў у Глускім раённым аддзеле Следчага камітэта. На мерапрыемства былі запрошаны старшакласнікі сярэдніх школ № 1 і № 2, гімназіі і Завалочыцкай сярэдняй школы. Навучэнцам расказалі пра ўмовы паступлення на следча-экспертны факультэт Акадэміі МУС і на факультэт эканомікі і права МДУ імя А.А.Куляшова, аб гарантаваным працаўладкаванні і льготах, прадугледжаных заканадаўствам для супрацоўнікаў Следчага камітэта. Асаблівую цікавасць выклікала ў навучэнцаў перасовачная крыміналістычная лабараторыя.

Летась у раёне было 76 выпускнікоў, 10 з іх паступілі ў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках. Спецыяльнасці навучэнцы выбралі такія: “Тэхнічнае забеспячэнне вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі”, “Меліярацыя і водная гаспадарка”, “Будаўніцтва будынкаў і збудаванняў”, “Аграбізнес”. Другім у топе пераваг глускіх выпускнікоў быў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт — яго выбралі 5 чалавек. Трэцяе месца заняў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту, куды паступілі 4 чалавекі. Яны вывучаюць там спецыяльнасці “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі (у праектаванні і вытворчасці)”, “Транспартная лагістыка”, “Мытная справа”.

Нямала юнакоў і дзяўчат, каля 30 чалавек, паступілі пасля 11 класаў у сярэднія спецыяльныя ўстановы адукацыі. У спісе папулярных спецыяльнасцей — “Сястрынская справа”, “Будаўніцтва будынкаў і збудаванняў”, “Зварачныя работы”, “Дрэваапрацоўчая прамысловасць (тэхнік-тэхнолаг)”. Акрамя таго, спадабаліся выпускнікам нашых школ такія запатрабаваныя на рынку працы спецыяльнасці, як “Электраманцёр”, “Слесар па рамонце аўтамабіляў”, “Тынкоўшчык, маляр”, “Электрагазазваршчык”, “Папярэджванне і ліквідацыя надзвычайных сітуацый” і інш. Дарэчы, у межах прадмета “Працоўнае навучанне” ў 10—11 класах навучэнцы школ раёна маюць магчымасць атры­маць спецыяльнасці “Агароднік”, “Сталяр”, “Швачка”, “Садавод” на базе сярэдняй школы № 2 Глуска.

На старшай ступені навучання ва ўстановах адукацыі шырокае развіццё атрымала профільнае навучанне. Папулярнасцю ў вучняў карыстаюцца рус­кая і беларуская мовы, матэматыка, фізіка, гісторыя і анг­лійская мова. Інжынерныя групы дзейнічаюць на базе сярэдняй школы № 1 і ў гімназіі, група аграрнай накіраванасці — на базе сярэдняй школы № 1.

Мяне як начальніка аддзела па адукацыі хвалюе пытанне забеспячэння ўстаноў адукацыі педагагічнымі кадрамі. У іх на сёння каля 20 працэнтаў педагогаў — перадпенсіённага і пенсіённага ўзросту. А таму неабходна рыхтаваць змену, забяспечыць пераемнасць пакаленняў. Думаю, каб выра­шыць гэтую праблему, трэба ўзнімаць прэстыж нас­таўніцкай прафесіі ў грамадстве. Неабходна працаваць з дзецьмі з малодшых класаў, каб у іх з’явілася жаданне стаць педагогамі. І пэўныя крокі ўжо зроблены: дзве профільныя групы педагагічнай накіраванасці працуюць у гэтым навучальным годзе на базе сярэдніх школ № 1 і № 2 Глуска. 

Радуе і тое, што сёлета 11 выпускнікоў паступілі на педспе­цыяльнасці, былі і тыя, хто ўзяў мэтавае накіраванне. Навучэнцы выбралі Мазырскі педагагічны ўніверсітэт імя І.П.Шамякіна (спецыяльнасці “Тэхналагічная адукацыя (тэхнічная праца і інфарматыка)”, “Сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная адукацыя”, “Філалогія (руская і англійская мовы)”), Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А.Куляшова і БДПУ (спе­цыяльнасці “Пачатковая адукацыя”, “Дашкольная адукацыя”, “Сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная адукацыя”).

У планах — адкрыццё ў раёне медыцынскага класа, а таксама арганізацыя факультатыўных заняткаў для навучэнцаў 8—9 класаў па журналістыцы, арганізацыя супрацоўніцтва з мясцовай газетай.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара