Да марафону лютаўскіх стартаў далучыліся і беларускія студэнты. У нядзелю на сталічнай лыжаролернай трасе “Вяснянка” адбылася Усебеларуская студэнцкая лыжня — 2022.
Яркае спартыўнае свята прайшло ў новым фармаце. Акрамя навучэнцаў устаноў вышэйшай адукацыі Мінска, Брэста, Віцебска, Гомеля, Гродна, Магілёва, Пінска і Горак, у ім упершыню прынялі ўдзел прадстаўнікі 20 устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі Мінска, Мінскай і Гомельскай абласцей. Агульная колькасць спартсменаў склала 660 чалавек.
Студэнцкая лыжня стала традыцыйнай і праводзіцца з 2019 года ў рамках Усебеларускай лыжні. На аматарскім турніры па біятлоне ўсё, як на Алімпійскіх гульнях у Пекіне: размінка, трэнер, штрафныя кругі і пнеўматычная вінтоўка. Толькі тут трэба закрыць тры мішэні з пяці.
— Усебеларуская студэнцкая лыжня ўжо стала традыцыяй, — адзначыў міністр адукацыі Андрэй Іванавіч Іванец. — Сёння ў гэтых спаборніцтвах удзельнічалі прадстаўнікі вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў — яны не па чутках ведаюць, што ў здаровым целе здаровы дух. Наша дзяржаўная палітыка накіравана на тое, каб беларуская нацыя была здаровай і інтэлектуальнай, а Беларусь — моцнай і квітнеючай.
Кіраўніцтва падрыхтоўкай і правядзеннем Усебеларускай студэнцкай лыжні — 2022 ажыццяўлялася Міністэрствам спорту і турызму, Міністэрствам адукацыі, Мінскім гарвыканкамам і Беларускай асацыяцыяй студэнцкага спорту.
Спартсмены выпрабавалі свае сілы ў біятлоннай эстафетнай гонцы 4×1,5 кіламетра з двума агнявымі рубяжамі, а затым у масавай лыжнай гонцы на 3 кіламетры. Па выніках лыжні першае месца сярод УВА заняла каманда Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава. Другі радок п’едэстала застаўся за Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэтам. Трэцімі сталі прадстаўнікі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта.
— Выдатна, што мы можам праводзіць такія спаборніцтвы, — адзначыў старшыня Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту Аляксандр Віктаравіч Багдановіч. — Наша краіна ўдзяляе спорту шмат увагі, і за кошт гэтага ў нас ёсць выдатная траса для заняткаў біятлонам нават у такіх няпростых умовах надвор’я. Усе ўдзельнічалі з азартам, з агнём у вачах. Яшчэ адзін плюс — пастаянна новыя пераможцы, а гэта гаворыць аб канкурэнтнасці і нацэленасці на вынік ва ўсіх удзельнікаў. Студэнцкі спорт — гэта перш за ўсё далучэнне падрастаючага пакалення да здаровага ладу жыцця, таму такая актыўнасць вельмі важная.
Сярод устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі пераможцай стала каманда Салігорскага дзяржаўнага каледжа. “Серабро” ў навучэнцаў Каледжа інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, а замкнулі тройку прызёраў спартсмены з Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа.
Завяршылася спартыўнае свята ўрачыстай цырымоніяй узнагароджання прызёраў і пераможцаў.
Дзмітрый АРХІПЕНКА.
arhipenko@nastgaz.by
Фота аўтара.