Андрэй Іванец: «У кожнай школе і дзіцячым садзе павінны быць створаны ўмовы для дзяцей з асаблівасцямі»

- 9:54Главная

Выніковая калегія камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама «Вынікі і перспектывы сталічнай адукацыі» прайшла на базе гімназіі № 41 імя В.Х.Сярэбранага, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

 

Удзельнікі змаглі азнаёміцца з інтэрактыўнымі пляцоўкамі і экспазіцыямі, дзе быў прадстаўлены вопыт работы гарадскіх рэсурсных цэнтраў і лепшых устаноў адукацыі Мінска. Так, сярэдняя школа № 52 прадставіла інавацыйны праект «Адытыўныя тэхналогіі і працоўнае навучанне», разлічаны на дзяцей з рознай паспяховасцю і накіраваны на фарміраванне іх матывацыі да тэхнічных спецыяльнасцей у сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных установах. Рэсурсны цэнтр інфармацыйных тэхналогій, які дзейнічае на базе сярэдняй школы № 51, прэзентаваў кансультацыйную дапамогу настаўнікам. Тут праводзяцца майстар-класы, практыка-арыентаваныя заняткі як для настаўнікаў-пачаткоўцаў, так і для настаўнікаў-прадметнікаў, дэфектолагаў, кіраўнікоў музеяў і бібліятэкараў. На практыцы педагогі могуць паспрабаваць ствараць тыя сэрвісы, якія яны будуць выкарыстоўваць на ўроках. Прынцып «роўны навучае роўнага» дазваляе настаўнікам горада не саромеючыся задаваць тыя пытанні, якія сапраўды цікавяць і хвалююць.

Увага прысутных была скіравана на ўдасканаленне сістэмы выхаваўчай работы, грамадзянска-патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення, недапушчэнне проціпраўнай дзейнасці дзяцей і падлеткаў, падрыхтоўку да цэнтралізаванага экзамену, удасканаленне работы з адоранымі дзецьмі, работу з педагагічнымі кадрамі.

Падводзячы вынікі работы сталічнай сістэмы адукацыі, міністр адукацыі Андрэй Іванец падкрэсліў, што пытанні, якія патрабуюць сур’ёзнага абмеркавання як з боку ведамства, так і мясцовых органаў улады, уласцівы і для сталіцы.

— На ўзроўні дашкольнай адукацыі — гэта павышэнне кваліфікацыі нашых педагогаў. Мы мяркуем, што сёння ва ўстановы дашкольнай адукацыі павінны прыходзіць больш выпускнікоў педуніверсітэтаў. Гэта тыя людзі, якія выконваюць інавацыйныя, даследчыя праекты ў галіне дашкольнай адукацыі. Бачым, што гэты ўзровень адукацыі вельмі дынамічна развіваецца і трансфармуецца, а для гэтага патрэбныя адпаведныя кадры высокай кваліфікацыі, — адзначыў ён.

Што тычыцца ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, то ў школах сёння ствараецца вялікая колькасць рэсурсных цэнтраў па шэрагу кірункаў. Фактычна цэнтры дапрызыўнай падрыхтоўкі, якія дзейнічаюць у кожным раёне Мінска, з’яўляюцца цэнтрамі патрыятычнага выхавання школьнікаў. Гэтыя цэнтры, па меркаванні міністра, павінны не толькі арганізоўваць навучанне па прадмеце «Дапрызыўная падрыхтоўка» або «Пачатковая медыцынская падрыхтоўка», але і ў цэлым з’яўляцца цэнтрамі для павышэння кваліфікацыі кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні.

А. Іванец акцэнтаваў увагу педагогаў і на пытаннях інклюзіўнай адукацыі.

— Культура прыняцця дзяцей з асаблівасцямі ў развіцці павінна быць істотна павышана. З грамадскімі арганізацыямі і бацькоўскай супольнасцю мы павінны праводзіць сур’ёзную работу ў гэтым напрамку. Міністэрства адукацыі бачыць першачарговую задачу ў стварэнні ўсіх неабходных умоў у кожнай школе, у кожным дзіцячым садзе для атрымання адукацыі дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, — сказаў ён.

Традыцыйна ў межах калегіі адбылося ўзнагароджанне пераможцаў за дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці адукацыі горада па выніках 2022 г. «Знакаў якасці» ўдастоены дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 26, сярэдняя школа № 30, гімназія № 41 імя В.Х.Сярэбранага. Першым сярод упраўленняў адукацыі прызнана ўпраўленне па адукацыі адміністрацыі Фрунзенскага раёна Мінска.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара