Аўдыягід па вуліцах Брэста стварылі педагогі і школьнікі. Ён будзе карысны не толькі для турыстаў

- 9:38Главная, Новости

Аўдыягід па вуліцах роднага горада: як распрацоўка брэсцкіх педагогаў і школьнікаў дапамагае ў раскрыцці выдатнага турыстычнага патэнцыялу Беларусі, высветліл карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Штогод старажытны горад над Бугам наведваюць больш за паўмільёна гасцей. Многія з іх звяртаюцца да паслуг прафесійных экскурсаводаў, але ёсць турысты, якія любяць пахадзіць па тысячагадовым Брэсце самі, кіруючыся рознымі інтэрнэт-рэсурсамі. Спецыяльна для такіх вандроўнікаў вучні сярэдняй школы № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава падрыхтавалі аўдыягід па гарадскіх вуліцах.

На рахунку таленавітых педагогаў гэтай установы адукацыі шмат цікавых распрацовак і ініцыятыў. Дырэктар школы Аляксандр Агеявец — уладальнік некалькіх патэнтаў на аўтарскія вынаходствы, якія паспяхова выкарыстоўваюцца ў адукацыйным працэсе.

 — Ідэя з аўдыягідам нарадзілася ў сувязі са святкаваннем саракапяцігоддзя Ленінскага раёна Брэста ў рамках сацыяльнага праекта «Сцяжынкамі Бацькаўшчыны», — расказвае Аляксандр Міхайлавіч. — На аснове краязнаўчага матэрыялу мы вырашылі распрацаваць аўдыятуры па мікрараёнах і школьных музеях горада, навучыць карыстацца платформай izi.travel і пашырыць кантакты паміж установамі адукацыі. Да работы актыўна далучыліся іншыя гарадскія школы, але тэхнічнай распрацоўкай усіх маршрутаў займаліся мы. Спачатку выбралі 3 пешаходныя маршруты па самых вядомых цэнтральных вуліцах. У стварэнні аўтарскага аўдыягіда, размешчанага на платформе izi.travel, удзельнічалі не толькі педагогі, але і дзеці. Прапанаваную інфармацыю імкнуліся не перагружаць датамі. У кожным турыстычным аб’екце шукалі адметнасці, не забывалі і пра мясцовыя легенды.

 Для гэтага вучням давялося грунтоўна папрацаваць з літаратурнымі і архіўнымі крыніцамі бібліятэк і мясцовага краязнаўчага музея, скласці спачатку тэарэтычныя маршруты вулічнага аўдыятура, агучыць апісальную частку, а затым ужо з педагогамі сваіх школ стварыць рэальныя маршруты на платформе izi.travel і пры неабходнасці адкарэкціраваць іх на месцы.

 Адзінаццацікласнікі Данііл Барэцкі, Настасся Сіняўская і Варвара Калупановіч складалі і агучвалі маршруты па вуліцах Савецкай, Гогаля і Леніна. Каб адправіцца ў захапляльнае падарожжа па горадзе, трэба спампаваць на мабільны тэлефон адпаведны дадатак, выбраць населены пункт і ўвесці ў пошукавае акно канкрэтны запыт, напрыклад, «Брэсцкі Арбат». Маршрут працягласцю каля двух кіламетраў і адной гадзіны пешшу пачынаецца ад перасячэння вуліц Савецкай і Арджанікідзэ (каля чыгуначнага і аўтавакзала) і завяршаецца на набярэжнай ракі Мухавец. Гасцям прапануюцца 18 лакацый.

Спачатку планавалі, што тэкст будзе агучваць робат, але аддалі перавагу жывому голасу, — заўважае Данііл. — З аўдыязапісам дапамагала настаўніца рускай мовы і літаратуры Ірына Балабушка, бо гучанне павінна быць бездакорным не толькі з тэхнічнага, але і з моўнага боку.

 У дадатку ёсць як галасавая, так і тэкставая інфармацыя, старыя і сучасныя фотаздымкі для параўнання. Пры набліжэнні да чарговай лакацыі аўдыягід запускаецца аўтаматычна.

 Вуліцу Савецкую перасякае вуліца Гогаля, дзе ў засені каштанаў можна ўбачыць шмат адмысловых металічных канструкцый з вядомымі персанажамі, з якімі заўсёды фатаграфуюцца госці і гараджане. Маршрут па Гогаля ўключае 15 пунктаў і доўжыцца каля гадзіны. Сярод адметнасцей — незвычайныя ліхтары, межавы знак, стадыён, музей чыгуначнай тэхнікі…

 Да вуліцы Гогаля прымыкае вуліца Леніна. Тут многа адміністрацыйных і не толькі будынкаў, якім больш за 100 гадоў. Прагулка па гэтай вуліцы займае каля 40 мінут.

Маршрут тоіць у сабе шмат цікавага і незвычайнага. Так, у гасцініцы «Буг», дзе спыняўся савецкі акцёр, паэт і бард Уладзімір Высоцкі, размешчаны яго музей.

 Школьнікі хваляваліся, што іх аўдыягід па якасці выкладзенага матэрыялу акажацца горшым, чым у прафесійных экскурсаводаў, але гэтыя хваляванні аказаліся дарэмнымі. Больш за тое, праведзеная работа атрымалася карыснай не толькі для турыстаў, але і для вучняў, якія па-іншаму паглядзелі на родны горад і яго гісторыю і сталі ганарыцца імі яшчэ больш.

 — На дасягнутым не спыняемся, — працягвае Аляксандр Агеявец. — Распрацоўваем яшчэ 4 маршруты, у тым ліку аўтамабільны: ад мікрараёна Задворцы да чыгуначнага вакзала. Жадаючых прайсціся сцяжынкамі роднага Брэста сярод вучняў хапае. У планах — стварэнне аўдыягіда па школьных музеях.

Аляксандр Міхайлавіч удзячны супрацоўнікам адміністрацыі Ленінскага раёна Брэста, якія дапамагалі вучням шукаць цікавыя і малавядомыя факты пра розныя аб’екты горада, а таксама арганізоўвалі іншыя ўстановы адукацыі ў сумеснай рабоце над праектам.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота БелТА