БДУ — у топ-25 рэйтынгавага агенцтва QS

- 11:39Адукацыйныя магчымасці

Брытанскае агенцтва QS апублікавала рэйтынг універсітэтаў краін Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі (QS EECA ), паводле якога БДУ заняў 25-е месца.

Як паведамілі ў прэс-службе БДУ, у рэйтынгу адлюстраваны толькі 350 лепшых з больш як 2900 універсітэтаў рэгіёна. Таму ўваходжанне ў топ-25 азначае прыналежнасць БДУ да 1% лепшых універсітэтаў на вялікай еўраазіяцкай прасторы.

Агенцтва QS ацэньвала ўстановы адукацыі па дзевяці крытэрыях: акадэмічная рэпутацыя; рэпутацыя сярод работадаўцаў; суадносіны колькасці студэнтаў да ліку супрацоўнікаў прафесарска-выкладчыцкага складу; долі супрацоўнікаў з вучонай ступенню, запрошаных выкладчыкаў з іншых краін, замежных студэнтаў; эфектыўнасць інтэрнэт-рэсурсаў; колькасць апублікаваных артыкулаў, якія прыпадаюць на аднаго супрацоўніка; цытуемасць навуковых артыкулаў універсітэцкіх вучоных.

Асабліва высокія пазіцыі ў рэйтынгу БДУ заняў па паказчыках рэпутацыі сярод акадэмічнай супольнасці і работадаўцаў, а таксама суадносін колькасці студэнтаў да колькасці супрацоўнікаў прафесарска-выкладчыцкага складу. Гэта сведчыць пра моцны аўтарытэт БДУ ў свеце, бо паказчыкі рэпутацыі фарміраваліся агенцтвам QS паводле апытання міжнародных экспертаў.

У рэйтынгу ўніверсітэтаў краін Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі ўдзельнічалі ўстановы вышэйшай адукацыі Арменіі, Азербай­джана, Беларусі, Босніі і Герцагавіны, Балгарыі, Венгрыі, Казахстана, Кыргызстана, Латвіі, Літвы, Польшчы, Румыніі, Расіі, Сербіі, Славакіі, Славеніі, Турцыі, Украіны, Харватыі, Чэхіі і Эстоніі.

З айчынных устаноў вышэйшай адукацыі ў гэты прэстыжны рэйтынг увайшлі таксама Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт (103), БДУІР (158) і Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы (195).

Падрыхтавала Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.