Выстава навукова-тэхнічных дасягненняў “Беларусь інтэлектуальная” праходзіць у Мінску.
На выставе навукова-тэхнічных дасягненняў прадстаўлена больш чым 400 экспанатаў, у тым ліку буйнагабарытная тэхніка, макеты і інш.
Свае дасягненні і распрацоўкі на працягу дзевяці дзён дэманстравалі вучоныя Нацыянальнай акадэміі навук, прадстаўнікі ўстаноў адукацыі, навукова-даследчыя арганізацыі, тэхнапаркі і інш.
“Беларусь інтэлектуальная” ўяўляе сабой экспазіцыю, якая арганізавана па кластарным прынцыпе. Са слоў арганізатараў, яна пабудавана па метадзе аб’яднання і лагічнай сувязі буйных тэматычных блокаў, якія сёння развіваюцца ў краіне і з’яўляюцца для яе найбольш актуальнымі. Так, сярод кластараў прадстаўлены штучны інтэлект, IT, робататэхніка. Акрамя гэтага, наведвальнікі паглядзелі на інавацыйнае прыборабудаванне, азнаёміліся з электратранспартам і яго базавымі кампанентамі. Асаблівую цікавасць у наведвальнікаў выставы, у прыватнасці, у школьнікаў, выклікалі стэнды, дзе былі прадстаўлены лятальныя апараты, кластары па экалогіі, прыродакарыстанні, біятэхналогіях, фармацыі, медыцыне, а таксама аб космасе.
Экспанаты навуковай выставы размеркаваны па прынцыпе міждысцыплінарных і міжгаліновых узаемасувязей “навука — адукацыя — вытворчасць”. Але акцэнт зроблены менавіта на распрацоўках моладзі, у тым ліку на тых, што прапанаваны на конкурсах “100 інавацый маладых навукоўцаў” і “100 ідэй для Беларусі” пад агульным слоганам “Прастора маладзёжных ініцыятыў”.
“Экспазіцыя задае агульную накіраванасць на бесперапыннае развіццё беларускай навукі, а таксама на яе інтэнсіўнае ўзаемадзеянне з адукацыяй і вытворчасцю, на пашырэнне ўкаранення навуковых дасягненняў у рэальны сектар і сацыякультурную сферу”, — адзначылі прадстаўнікі Нацыянальнай акадэміі навук.
Чытайце матэрыял Наталлі Сахно ў нумары ад 27 студзеня 2023 года.