Беларусь узгадвае 82-ю гадавіну хатынскай трагедыі. Напярэдадні жалобнай даты ў школах краіны прайшоў урок памяці, а сотні навучэнцаў і педагогаў ужо наведалі мемарыяльны комплекс. Сярод іх настаўніца гісторыі сярэдняй школы № 2 Ашмян Кацярына Паўлоўская. У Хатынь яна прыехала ў складзе экскурсійнай групы разам са сваімі шасцікласнікамі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Ужо заўтра, 22 сакавіка, па традыцыі пройдзе жалобны мітынг. Кіраўніцтва і супрацоўнікі Міністэрства адукацыі, падведамасных устаноў, студэнты і выкладчыкі, навучэнцы і педагогі ўскладуць кветкі ля ног “Няскоранага чалавека”, мінутай маўчання ўзгадаюць кожнага трэцяга, у тым ліку 149 мірных жыхароў (з іх 75 дзяцей), якія ранняй вясной 1943 года былі забіты карнікамі ў Хатыні.
Сёння тут таксама шматлюдна. Каб азнаёміцца з унікальнай экспазіцыяй музея, паслухаць на тэрыторыі комплексу кранальны аповед экскурсаводаў, настаўнікі і вучні едуць з розных куточкаў краіны. Так, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ушацкай сярэдняй школы Алена Ціханава разам з выхаванцамі ў Хатыні ўжо трэці раз, але ў музей трапілі ўпершыню.
— Мы марылі азнаёміцца з яго экспазіцыяй з моманту адкрыцця ў 2023 годзе. Аднак трапіць сюды аказалася няпроста — экскурсіі распісаны на месяцы наперад. Мы рады, што наша чарга падышла якраз напярэдадні 22 сакавіка. Знаёмства з музейнымі заламі дапамагло нам больш яскрава адчуць боль, выпрабаванні, праз якія прайшлі нашы продкі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, — падзялілася Алена Васільеўна.
Экскурсія, сапраўды, уражвае, кранае за жывое. Чырвонай ніткай праз усе залы праходзіць тэма трагізму вайны. А войны праносіліся праз нашу зямлю кожнае стагоддзе. Першая зала ахоплівае перыяд з часоў старажытных да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Менавіта тут пачынаецца своеасаблівы чырвоны ручай, які сімвалізуе пралітую нашым народам кроў і працякае праз усе музейныя залы.
У першай зале і аповед пра гісторыю Хатыні, якая ў гістарычных дакументах вядома з XVI стагоддзя. Тут прадстаўлены макет вёскі. Такой яна была да 22 сакавіка 1943 года. Можна ўбачыць, як размяшчаліся дамы, дзе праходзіла цэнтральная вуліца. Тут жа захоўваюцца асабістыя рэчы жыхароў Хатыні, знойдзеныя падчас раскопак на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу ў розныя часы.
Далей чырвоны ручай вядзе наведвальнікаў у сталіцу Беларусі. Другая зала аформлена ў выглядзе разбомбленай нямецкай авіяцыяй кватэры. Сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі дазваляюць дапоўніць аповед экскурсавода ажыўшымі фотаздымкамі дзяцей. Мы можам нават пачуць гаворку юных прадстаўнікоў ваеннага пакалення.
Гісторыю свайго апаленага вайной дзяцінства расказвае дзяўчынка Ала: успамінае тату, які не вярнуўся з фронту, маму, якая знайшла яе ў дзіцячым прытулку. Асабліва кранае аповед дзяўчынкі пра тое, як немцы бралі ў яе равеснікаў кроў для сваіх салдат. У іншай музейнай зале, аформленай у выглядзе палаючага драўлянага будынка, сваімі ўспамінамі дзеліцца Віця Жалабковіч — адзін з нямногіх жыхароў Хатыні, каму пашчасціла выжыць 22 сакавіка. Усяго на чорнай ад агню сцяне 33 партрэты і 33 гісторыі. Гэта былыя жыхары спаленых вёсак, хто застаўся жыць, каб сведчыць усяму свету пра жахі нямецка-фашысцкай акупацыі.
Без слёз і камяка ў горле слухаць даросламу такія гісторыі вельмі цяжка. Што ж ужо гаварыць пра школьнікаў. Невыпадкова пры заказе настаўнікамі экскурсій супрацоўнікі мемарыяльнага комплексу абавязкова цікавяцца, якога ўзросту будуць наведвальнікі, каб спланаваць свой аповед.
— Мы заўсёды гаворым педагогам пра ўзроставыя абмежаванні пры наведванні нашага музея — ад 12 гадоў. Падчас работы кожны экскурсавод знаходзіць такія факты, на якія неабходна звярнуць увагу, каб у дзіцячых вачах убачыць усвядомлены погляд, зразумець, што інфармацыя да іх не проста данесена, а яны прапусцілі яе праз сябе. Важна, каб, ступіўшы на тэрыторыю мемарыяла пасля экскурсіі ў музеі, яны ўжо разумелі трагізм вайны. Універсальных рэцэптаў падрыхтоўкі да экскурсіі ў Хатыні няма. Тут і прагляд дакументальных фільмаў, і чытанне адпаведнай мастацкай літаратуры. Адзіныя класныя гадзіны, тэматычныя ўрокі памяці, якія праводзяцца ва ўстановах адукацыі краіны, безумоўна, аблягчаюць нам работу. Падрыхтоўка да экскурсіі ў Хатынь — гэта работа не толькі класнага кіраўніка або кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні. Тэма вайны праходзіць праз многія вучэбныя прадметы, — падзялілася старшы навуковы супрацоўнік Ганна Папко.
Ганна Віктараўна, якая мае багаты педагагічны вопыт, адзначыла, што вялікая роля ў падрыхтоўцы да такой экскурсіі і наогул у патрыятычным выхаванні дзяцей належыць бацькам.
— Прыемна, што сярод наведвальнікаў шмат дарослых, бо, як вядома, выхаваць патрыёта можа толькі патрыёт — дарослы чалавек з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, які любіць сваю краіну, ведае і паважае яе гісторыю. Як педагог лічу, што школа ў справе патрыятычнага выхавання моладзі можа быць толькі памочнікам, галоўная роля адведзена бацькам, — падзялілася Ганна Віктараўна.
З такой думкай згодны і кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні сярэдняй школы № 2 Ашмян Сяргей Вайшнаровіч. Падзяліўся Сяргей Станіслававіч і сваімі ўспамінамі пра першую экскурсію ў Хатынь:
— Было гэта ў класе шостым, калі вучыўся ў сярэдняй школе № 1 Ашмян. Добра памятаю, як падыходзіў да велічнай скульптуры “Няскоранага чалавека”, стаяў ля вечнага агню каля трох бярозак. Як і цяпер, маё сэрца тады апаноўвалі боль, горыч і адначасова адказнасць за тое, каб падобныя жахі больш ніколі не паўтарыліся.
Для яго калегі з сярэдняй школы № 2 Ашмян Кацярыны Пятроўны Паўлоўскай такія экскурсіі з’яўляюцца выдатным дапаўненнем да ўрокаў гісторыі, факультатыўных заняткаў “Юны пагранічнік”. Выхоўваць патрыётаў яны дапамагаюць і Алене Васільеўне Ціханавай з Ушач.
— Напярэдадні хатынскай трагедыі праводзім інфармацыйныя і класныя гадзіны, дзеці вучаць вершы, прычым не толькі на ваенную тэматыку, але і пра радасць жыць на мірнай зямлі пад мірным небам. Тэма спаленых вёсак — адна з ключавых у нашай выхаваўчай рабоце. Падчас вайны карнікі спалілі дзясяткі населеных пунктаў на Ушаччыне, сярод іх вёскі Ралля, Мурагі, памяць пра якія адлюстравана на плітах у Хатыні. Наведваючы могілкі знішчаных вёсак, мы абавязкова падыходзім да адпаведных пліт, ускладаем кветкі, — падзялілася настаўніца.
Такія экскурсіі дапамагаюць у выхаваўчай рабоце кожнаму настаўніку, які прыязджае з вучнямі на знакаміты мемарыяльны комплекс — месца нашай памяці і смутку. Каб паслухаць кранальны аповед экскурсаводаў. Каб пачуць журботныя званы Хатыні.
Старшы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу “Хатынь” Ганна Віктараўна Папко:
— Наша супрацоўніцтва з установамі адукацыі не абмяжоўваецца толькі тэрыторыяй мемарыяльнага комплексу. Зімой, калі колькасць экскурсій на мемарыяле змяншаецца, мы прапаноўваем іншыя формы ўзаемадзеяння. Па заяўках устаноў адукацыі выязджаем у рэгіёны і праводзім там лекцыі, прычым для рознай катэгорыі навучэнцаў, у тым ліку для дзяцей з асаблівасцямі развіцця.
Карыстаецца папулярнасцю і такая форма, як урок у музеі. Гэта не проста лекцыя або экскурсія. Гэта дыялог з групай юных наведвальнікаў, калі нам важна атрымаць ад іх адваротную сувязь, напрыклад, пачуць аповед пра ваенныя старонкі сямейнага летапісу, такім чынам наладжваем сувязі паміж пакаленнямі — ваенным і сучасным.
Акрамя таго, кожны год арганізоўваюцца выставы. Напрыклад, нядаўна завяршылася “Цені вайны” па творчасці Міхаіла Савіцкага. Цяпер працуе выстава “…Вайна не змагла забраць толькі каханне”, прысвечаная архітэктару Леаніду Левіну, у творчасці якога тэма генацыду займае важнае месца.
Кожны год мемарыяльны комплекс “Хатынь” наведваюць сотні экскурсійных груп з розных куточкаў Беларусі, іншых краін. Калі ў 2023 годзе мемарыял наведала 525 тысяч чалавек і было праведзена больш за 6 тысяч экскурсій, то ў мінулым годзе гэтыя лічбы павялічыліся — азнаёміцца з лёсам Хатыні і яе сясцёр прыехала больш за 609 тысяч наведвальнікаў. Ад гэтай колькасці навучэнцы складаюць 40 працэнтаў.
Ігар ГРЭЧКА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА