Студэнту 2 курса Беларускага інстытута правазнаўства Станіславу Святоху 21 год. Да гэтага ўзросту ён паспеў змяніць вышэйшую навучальную ўстанову (зразумеў, што праграміст — прафесія не яго мары), спецыяльнасць (цяпер спасцігае асновы юрыдычнай псіхалогіі) і некалькі месцаў працы (за апошнія 4 гады паспеў папрацаваць менеджарам і ў кадравым агенцтве, і ў футбольным клубе). Таму на шлях да мэты “Ліквідацыя галечы” ён выйшаў з пэўным багажом ведаў і вопыту і гатовы стаць дарадцам у гэтым кірунку для школьнікаў.
“Ліквідацыя галечы нездарма з’яўляецца першай Мэтай устойлівага развіцця. Ва ўсім свеце ёсць гэтая праблема, і таму неабходнасць яе вырашэння стаіць на першым месцы. Сёння больш за 700 мільёнаў чалавек жывуць у крайняй галечы. Каля 70% з іх жывуць у краінах Паўднёвай Азіі і Афрыкі, але ёсць яны і ў найбагацейшых краінах свету. І мы можам задацца пытаннем: чаму, калі я не жыву ў галечы, мяне павінна турбаваць фінансавае становішча іншых людзей? А справа ў тым, што дабрабыт усіх людзей узаемазвязаны. Рост няроўнасці наносіць шкоду эканамічнаму росту і падрывае згуртаванасць грамадства, узмацняючы палітычныя і грамадскія сутычкі, у некаторых выпадках становячыся прычынай нестабільнасці і ўзнікнення канфліктаў. Нашы агульныя намаганні па дасягненні Мэт устойлівага развіцця дапамогуць палепшыць становішча і кожнага з нас”, — гаворыць Станіслаў.
Але перш-наперш Станіслаў Святоха вырашыў пачаць з сябе і ўнесці свой уклад у вырашэнне гэтай праблемы. На гэта накіраваны яго заняткі па павышэнні фінансавай дасведчанасці для старшакласнікаў, якія ён разам са сваімі сябрамі з інстытута правазнаўства распрацаваў і ўкараняе ў школьную праграму ў школах Маскоўскага раёна сталіцы, дзе і знаходзіцца іх інстытут.
“Фінансавая дасведчанасць — гэта першы крок да ліквідацыі галечы. Галеча не заўсёды недахоп рэсурсаў. Часта гэта проста няправільнае іх размеркаванне. Пры мінімальных ведах, як захаваць свае рэсурсы, становіцца прасцей і больш якасна жыць. Не раз мне даводзілася прысутнічаць на занятках, дзе нам выкладалі курс фінансавай дасведчанасці супрацоўнікі банкаў, але заняткі вяліся на складанай, бухгалтарскай мове і для большасці слухачоў засталіся не да канца зразумелымі. І гэта пры тым, што грошы — адзін з найважнейшых складнікаў нашага жыцця, з імі мы сутыкаемся з самага дзяцінства і павінны ўмець правільна з імі абыходзіцца. І чым раней гэтаму навучымся, тым лепш”.
Аўдыторыяй для студэнтаў сталі навучэнцы 10 і 11 класаў. Менавіта для іх яны распрацавалі сваю праграму — цікавую і даступную для ўспрымання. Наступным крокам будуць створаныя ў школах клубы, дзе школьнікі ўжо самастойна будуць працягваць развівацца ў кірунку фінансавай дасведчанасці.
Святлана НІКІФАРАВА.