Больш, чым дыплом

- 8:30Адукацыйныя магчымасці

БДУ запускае пілотны праект дадатковай адукацыі — цяпер студэнты ўніверсітэта, акрамя абавязковай праграмы, змогуць вывучаць дысцыпліны па выбары.

Пілотны праект стартуе ў БДУ 1 верасня. На працягу года яго будуць тэсціраваць, каб потым унесці патрэбныя карэкціроўкі. Пасля таго як сістэма будзе адпрацавана, яна можа стаць даступнай не толькі студэнтам БДУ, а ўсім жадаючым — студэнтам іншых універсітэтаў і нават тым, хто студэнтам не з’яўляецца. Усё ж такі БДУ — гэта надта каштоўны рэсурс, каб замкнуць яго ў адных сценах і не дзяліцца з іншымі.

Як паведаміла начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыйнай дзейнасці БДУ Алена Дастанка, перш чым запусціць праект, ва ўніверсітэце пільна вывучалі сусветны вопыт.

— Многія вядучыя ўніверсітэты прапаноўваюць сваім студэнтам і нават людзям звонку выбраць тыя ці іншыя дысцыпліны для дадатковага вывучэння, — гаворыць Алена Анатольеўна. — Мы доўга абмяркоўвалі, як арганізаваць гэта ў БДУ. Па нашай просьбе студэнцкая асамблея ўніверсітэта правяла апытанне сярод прадстаўнікоў усіх факультэтаў, і большасць студэнтаў вітала магчымасць вывучаць дадатковыя дысцыпліны. Прычым на пытанне, як лепш: бясплатнае навучанне без фіксацыі дысцыпліны ў дыпломе або платнае з унясеннем у дыплом, большасць (57,6%) выбрала апошняе.

Асноўныя прычыны, чаму студэнты хочуць праслухаць дадатковыя дысцыпліны, — гэта “пашырыць спектр сваіх прафесійных ведаў і ўменняў” (69%), “пашырыць кругагляд” (55%), “павысіць шансы на рынку працы” (45%), “у сучасным свеце для прафесійнай кар’еры адной спецыяльнасці недастаткова” (41%). Адметна, што чым бліжэй да выпуску, тым больш актуалізуецца прычына “павысіць шансы на рынку працы”. Яе ўказалі 63,2% пяцікурснікаў БДУ.

— Падрыхтоўка праекта ішла ў цесным узаемадзеянні з органамі студэнцкага самакіравання. У нас было некалькі даволі бурных абмеркаванняў на пачатковым этапе, калі толькі выпрацоўвалі падыходы. Таксама студэнты выказалі свае заў­вагі, калі ўжо быў гатовы праект загада рэктара.

У выніку прынята рашэнне, што дысцыпліны па выбары студэнты і магістранты БДУ могуць вывучаць у вольны ад заняткаў час. Гэта галоўная ўмова. Вывучэнне дадатковых дысцыплін не будзе з’яўляцца падставай для вызвалення ад асноўных заняткаў. Зрэшты, адукацыйны працэс у БДУ арганізаваны ў дзве змены, таму пры жаданні сумясціць асноўную і дадатковую вучобу можна.

Не прапаноўваюцца для дадатковага вывучэння замежныя мовы — яны выключаны з пераліку дысцыплін па выбары. Усе астатнія ўніверсітэцкія дысцыпліны даступны для студэнтаў.

Плануецца, што факультэты загадзя будуць складаць і размяшчаць у вольным доступе расклады заняткаў на будучы семестр. Студэнт, які жадае вывучаць дадатковую дысцыпліну, павінен звярнуцца ў дэканат адпаведнага факультэта. Калі такіх жадаючых будзе адзін ці некалькі, то яны змогуць выву­чаць выбраную дысцыпліну разам з асноўнай групай. Калі ж такіх збярэцца многа, будзе разглядацца магчымасць адкрыцця дадатковай групы.

— Скарыстацца прапанаванай магчымасцю могуць студэнты любога курса, а таксама магістранты ўсіх факультэтаў БДУ, — тлумачыць Алена Дастанка. — Прычым навучанне па дадатковых дысцыплінах не абмяжоўваецца вучэбным курсам. Напрыклад, першакурснік можа выбраць дысцыпліны чацвёртага года падрыхтоўкі і г.д. Ацэньванне па выніках семестра будзе праводзіцца згодна з Правіламі правядзення атэстацыі студэнтаў, курсантаў, слухачоў пры засваенні зместу адукацыйных праграм вышэйшай адукацыі. Пры ўмове станоўчай атэстацыі выбраныя курсы ўнясуць студэнтам у дадатак да дыплома. А ў выпадку незаліку ці атрымання нездавальняючай адзнакі (або калі адзнака не задавальняе студэнта) можа быць выдадзена даведка аб тым, што вучэбная дысцыпліна праслухана, без унясення звестак у дыплом.

Алена Дастанка расказала, што ў рамках пілотнага праекта нароўні з непасрэдным наведваннем заняткаў плануецца актыўна выкарыстоўваць анлайн-формы. Дыстанцыйны фармат дазволіць індывідуалізаваць працэс навучання і забяспечыць мабільнасць пры вывучэнні матэрыялаў і выкананні заданняў.

— Адукацыйны партал БДУ створаны на платформе LMS Moodle, і ўсё больш выкладчыкаў выкарыстоўваюць яго для работы, — гаворыць Алена Анатольеўна. — Зараз там змешчана звыш 500 відэа — лекцый, канферэнцый, вэбінараў, практычных трэнажораў, анлайн-трэнінгаў, інтэрнэт-семінараў, тэстаў і іншых матэрыялаў. Тэхнічна база дазваляе выкладчыку кансультаваць, правяраць выкананне заданняў, арганізоўваць самастойную работу студэнтаў і ў хуткім рэжыме забяспечваць студэнтаў неабходным матэрыялам.

Магчымасць дадаткова вывучаць дысцыпліны па выбары — гэта пэўная альтэрнатыва другой вышэйшай адукацыі. Калі студэнты з першага курса будуць планамерна выбіраць дысцыпліны па-за абавязковай праграмай, то могуць значна ўзмацніць свой дыплом і атрымаць пэўную фору ў плане дадатковых кампетэнцый, ведаў, навыкаў.

— Многія нашы старшакурснікі працуюць. І было б добра, каб іх работадаўцы падказвалі, што канкрэтна трэба да­браць ва ўніверсітэце для таго, каб атрымаць дадатковыя кампетэнцыі, — гаворыць Алена Дастанка. — Сёння на рынку працы запатрабаваны прафесіяналы, якія валодаюць міждысцыплінарнымі ведамі. Праект, які мы запускаем, дапаможа студэнтам станавіцца менавіта такімі прафесіяналамі — з унікальным спалучэннем каштоўных кампетэнцый.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.