Чаму бал ЦТ істотна ніжэйшы за адзнаку ў атэстаце?

- 12:35Тэсцiраванне

Тэма сённяшняга апытання, заяўленая ў загалоўку, некаму пакажацца надуманай, а некага, магчыма, насцярожыць. Першая думка, якая ўзнікае, калі шукаеш адказ, — напэўна, у школе завышаюць адзнакі. Другая думка такая: а ці павінны ўвогуле супадаць гэтыя паказчыкі? Школьны экзамен і цэнтралізаванае тэсціраванне вельмі адрозніваюцца і па форме, і па сваіх задачах. Але, з другога боку, калі ў вучня 9 балаў па прадмеце ў атэстаце і каля 90 — у сертыфікаце ЦТ, гэта здорава! Усе віншуюць і яго, і настаўніка. І гэтая, трэцяя, думка зноў вяртае нас у самы пачатак: значыць, бал ЦТ можа супадаць са школьнай адзнакай, чаму ж тады часта не так?
Мы папрасілі падзяліцца меркаваннем на гэты конт школьных настаўнікаў і адміністратараў, выкладчыкаў і дэканаў факультэтаў ВНУ.

Аб’ектыўнасць = прафесіяналізм

Таццяна Міхайлаўна ГЛЫЗДОВА, настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 Ліды:
— Для навучальнай установы, дзе я працую, праблема суб’ектыўнасці ацэньвання неактуальная. Я і мае калегі ацэньваем веды сваіх вучняў (незалежна ад таго, у якім класе яны вучацца) у адпаведнасці з Нормамі ацэнкі вучэбнай дзейнасці вучняў агульнаадукацыйных устаноў.
Так, сапраўды, мы адзначаем, што ў 11 класе нашы хлопчыкі і дзяўчынкі атрымліваюць высокія балы па многіх прадметах, але і матываваны яны вельмі добра.
Адзінаццацікласнікі, зацікаўленыя ў добрым сярэднім бале атэстата, працуюць значна больш і сур’ёзней. У выніку яны паспяхова здаюць выпускныя экзамены пасля завяршэння навучання і гэтак жа паспяхова спраўляюцца з заданнямі ЦТ. Мяркуйце самі. У 2012/2013 навучальным годзе 29 маіх вучняў (іх сярэдні бал па рускай мове за год — 8,5 ) здавалі ЦТ. Іх сярэдні бал на тэсціраванні аказаўся роўны 80 (дзеці з радасцю дзяліліся сваімі поспехамі на працягу лета). Вучні, якія вывучалі рускую мову на павышаным узроўні, у сярэднім атрымалі 85 балаў. Усе выпускнікі, а выдатнікі тым больш, пацвердзілі свае гадавыя адзнакі, што мы назіраем з году ў год.
Адзнака за год і вынікі ЦТ не супадаюць? Магчыма, дзесьці так і ёсць. Не бачу ў гэтым нічога страшнага. Уважліва прачытайце Правілы правядзення атэстацыі навучэнцаў. Адзнака вучню выстаўляецца не толькі на падставе адзнак, атрыманых за тэст (кантрольны тэст, дарэчы, пішуць навучэнцы толькі 1 раз у год). Улічваюцца ўсе адзнакі, атрыманыя вучнем, у тым ліку і за вусныя адказы.

“Бал ЦТ ніжэйшы з-за стрэсаў”

Наталля Васільеўна БАЦЮЛЁВА, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 18 імя Ефрасінні Полацкай Полацка, настаўніца беларускай мовы і літаратуры:
— Трэба памятаць, што настаўнік-прадметнік, у першую чаргу, рыхтуе дзяцей не да здачы цэнтралізаванага тэсціравання, а да здачы дзяржаўнага экзамену па пэўным вучэбным прадмеце за перыяд навучання і выхавання на ўзроўні агульнай сярэдняй і агульнай базавай адукацыі. Да ЦТ у большай ступені сёння, напэўна, рыхтуюць усё ж рэпетытары. Хаця гэта робіць і школа праз платныя паслугі, якія ў бацькоў і іх дзяцей карыстаюцца попытам.
Цэнтралізаванае тэсціраванне і школьны экзамен – гэта два розныя віды дзейнасці. Напэўна, усё ж нельга параўноўваць пераказ тэксту па мове, экзаменацыйную работу па матэматыцы з тэстамі па адпаведных прадметах. Мала падобнага. Да таго ж і заданні тэстаў не заўсёды прыбліжаны да школьнай праграмы, аб чым не раз гаварылі і гавораць настаўнікі.
Напэўна, нельга і сцвярджаць, што настаўнікі завышаюць адзнакі вучням, а ЦТ паказвае сапраўдную карціну падрыхтаванасці выпускнікоў. Нагадаю, што пры выстаўленні адзнак настаўнік прытрымліваецца норм ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў па тым ці іншым вучэбным прадмеце.
Трэба помніць, што проста ўстаць з-за вучнёўскай парты і пайсці здаць тэст на 80—90 балаў не атрымаецца. Лічу, што трэба весці і з вучнямі, і з іх бацькамі гаворку пра неабходнасць павышанай матывацыі ў падрыхтоўцы да ЦТ, пра ўменне справіцца са стрэсавай сітуацыяй, якой і з’яўляюцца такія іспыты. Дарэчы, тут на дапамогу выпускнікам павінны прыйсці псіхолагі навучальных устаноў.

“У настаўнікаў няма задачы нашпігоўваць на ЦТ”

Аляксандр Леанідавіч ДЗЯДЗІНКІН, адказны сакратар прыёмнай камісіі ВДУ імя П.М.Машэрава, выкладчык гістарычных дысцыплін у ВНУ і грамадазнаўства — у школе:
— Ёсць такое назіранне, што сярэдні бал на цэнтралізаваным тэсціраванні (гэта тычыцца любога прадмета) аказваецца значна ніжэйшы, чым сярэдні бал абітурыента ў атэстаце. Я прааналізаваў прыёмную кампанію нашага ўніверсітэта: вядома ж, разыходжанне назіраецца. Але цяпер узнікае пытанне: ці трэба супастаўляць два гэтыя паказчыкі? На маю думку, гэта немэтазгодна.
Задача складальнікаў заданняў цэнтралізаванага тэсціравання — стварыць умовы для аб’ектыўнага ранжыравання абітурыентаў. Лепш тэст напіша той, хто больш рыхтаваўся да здачы ЦТ, і зусім не абавязкова той, хто лепш валодае прадметам. У маёй школьнай практыцы было шмат выпадкаў, калі дзеці, якія добра мысляць і актыўна працуюць на ўроках, на цэнтралізаваным тэсціраванні паказвалі непераканаўчыя вынікі. І наадварот, у тых, хто фактычна зубрыць падручнік, балы могуць быць значна лепшыя. Чаму так адбываецца?
Сутнасць у сістэме школьнай падрыхтоўкі старшакласнікаў. На ўроку ў настаўніка вельмі шмат задач: ён павінен фарміраваць у вучня пэўныя паняцці па прадмеце, развіваць памяць, мысленне, спецыяльныя прадметныя ўменні і навыкі, выхоўваць асобу. І ўсё гэта за 45 хвілін. Я сам настаўнік вышэйшай катэгорыі, выдатна ведаю маіх калег і лічу, што мы сумленна выконваем тыя задачы, якія паставіла перад намі дзяржава. А вось такой задачы, як падрыхтоўка да здачы ЦТ у межах урока, у настаўніка няма. Інакш кажучы, праблема не ў тым, што настаўнік дрэнна рыхтуе дзяцей па прадмеце, а ў тым, што не рыхтуе ці не паспявае на ўроку падрыхтаваць менавіта да ЦТ.
Выснова, яна ж і парада вучням, бацькам, напрошваецца адна: на ўрокі ў школу хадзіць трэба, бо гэта залог фарміравання базавых кампетэнцый па прадметах. Але трэба хадзіць і на падрыхтоўчыя курсы ці да рэпетытара. Гэта ўжо залог паспяховай здачы цэнтралізаванага тэсціравання.
Добра, што мы зараз вяртаемся да профільнага навучання. Думаю, што гэтае вяртанне — крок наперад. У профільным класе — матэматычным, грамадазнаўчым, іншым — задача падрыхтоўкі вучняў да паступлення ў ВНУ спросціцца.
Ці вінаваты настаўнік у тым, што яго выпускнік дрэнна здае ЦТ? Напэўна, так. Можа, яму трэба было больш папрацаваць у прафарыентацыйным плане: пацікавіцца, ці ходзіць дзіця на падрыхтоўчыя курсы, факультатыўныя заняткі, якія сёння ёсць у школах. З навучэнцамі трэба дапрацоўваць. Ці робіцца гэта ў шырокім маштабе? Мне складана ацаніць.
Калі ж адзнакі супадаюць і ў школе, і на ЦТ, значыць, настаўнік добра паспявае, яго сістэма работы эфектыўная, ён сапраўдны прафесіянал. Такі высокапрафесійны педагог вядзе ўрокі на высокім узроўні, да яго дзеці ідуць на факультатывы або як да рэпетытара. Тады ёсць агульны эфект. На жаль, такіх настаўнікаў няшмат. Многа маладых, нявопытных, якіх яшчэ трэба вучыць.
У ВДУ імя П.М.Машэрава мы вывучалі пытанне ўзаемасувязі балаў ЦТ і паспяховасці ва ўніверсітэце. Той, хто добра здае ЦТ (а гэта, паўтаруся, у большасці выпадкаў паказчык не інтэлекту і здольнасцей, а працаздольнасці дзіцяці), як правіла, паказвае добрыя вынікі і на першай сесіі. Гэта студэнты, якія прызвычаіліся старацца, рыхтавацца, яны дысцыплінаваныя, навучаны вучыцца. Таму ва ўніверсітэце ім прасцей. Прагназую, што сярэдні бал паспяховасці сёлетняга першага курса будзе вышэйшым, чым у мінулым годзе. Прахадны бал ЦТ павысілі, і ў ВНУ прыйшлі больш падрыхтаваныя студэнты.
Праблема не ў тым, што настаўнік дрэнна рыхтуе дзяцей па прадмеце, а ў тым, што не рыхтуе менавіта да ЦТ. Такой задачы ў межах урока ў настаўніка няма.

“Суб’ектыўнасць у школе павінна прысутнічаць, але ў разумных межах”

Дэкан прыборабудаўнічага факультэта БНТУ Аляксандр Міхайлавіч МАЛЯРЭВІЧ:
— Цэнтралізаванае тэсціраванне дагэтуль многія разглядаюць як ацэнку эфектыўнасці навучання ў школе, таму, верагодна, пастаўленае вамі пытанне балюча ўспрымаецца настаўнікамі. Хаця дырэктар РІКВ М.С.Фяськоў ужо столькі разоў тлумачыў, што ў ЦТ задача зусім іншая. Было б недарэчна па выніках спартыўнай алімпіяды меркаваць аб узроўні здароўя нацыі. Алімпіяда збірае лепшых, сярод якіх трэба адабраць і ўзнагародзіць самых лепшых. Так і цэнтралізаванае тэсціраванне: яно павінна размеркаваць абітурыентаў па 100-бальнай шкале — ад самых моцных да самых слабых, каб яны маглі паступаць у ВНУ, ССНУ альбо прафтэхустановы.
На факультэце мы вельмі сур’ёзна вывучалі пытанне суадносін бала атэстата, бала ЦТ, адзнак за кантрольны зрэз у пачатку першага семестра і экзамен падчас першай сесіі, а таксама далейшыя поспехі студэнтаў. У мінулым годзе гэтыя паказчыкі па фізіцы, адпаведна, былі наступныя: 79, 30, 37 і 48. Бал у атэстаце нельга суадносіць з балам ЦТ, а вось з вынікам пісьмовага зрэзу — можна, і, як бачыце, карэляцыя ёсць — 30 і 37 балаў. Па нашых назіраннях, на момант першай сесіі першакурснікі крыху “падрастаюць”, і рост паспяховасці працягваецца падчас далейшага навучання.
Праводзіць супастаўленне адзнак вельмі складана, і рабіць гэта трэба вельмі асцярожна. На мой погляд, калі ў абітурыента ў школе было 8 балаў па фізіцы, а на ЦТ ён набраў 50, то гэта добра карэлюе. А вось калі ў атэстаце 10, а ў сертыфікаце 20, то абсалютна зразумела, што ў школе такі вучань не ведаў прадмет на дзясятку. Калі ў школе было, напрыклад, 5 па фізіцы, то я цалкам дапускаю, што на ЦТ абітурыент не набярэ мінімальны бал.
Правільна ацаніць гэтыя рэчы могуць толькі вопытныя спецыялісты, але спрабуюць рабіць усе хто заўгодна. Тое, што бал ЦТ параўноўваюць са школьнай адзнакай — гэта вынік недасведчанасці грамадства. Пры тым, што хутка 15 гадоў, як у краіне праводзіцца цэнтралізаванае тэсціраванне, многія людзі з ім яшчэ не сутыкаліся. Гэта тыя, хто сам не здаваў ЦТ і ў каго дзеці яшчэ не скончылі школу. Але ўсе пра яго чулі шмат разоў і шмат розных меркаванняў, часам няграматных. Адкуль яны бяруцца?
Напрыклад, я сутыкаўся ў школе з сітуцыяй, калі настаўнікі даюць дзецям прарашаць тэсты і за 10 заданняў ставяць 10 балаў, за 8 — 8 і г.д. А потым кажуць: “Вось так вы здадзіце ЦТ”. Магчыма, такім чынам і фарміруецца ўпэўненасць дзяцей у тым, што калі рашыць 80 працэнтаў заданняў на ЦТ па фізіцы, то атрымаеш 80 балаў.
Сумленныя прафесійныя рэпетытары адмаўляюцца тэсціраваць дзяцей наконт таго, як тыя могуць здаць ЦТ. Таму што ніхто не ведае загадзя кошт заданняў, выкладчык можа толькі па вопыце яго дапускаць наўскідку. Чамусьці гэта не тлумачыцца вучням і бацькам.
На маю думку, у школе завышаюць адзнакі. Так было заўсёды. І калі мы вучыліся ў школе — таксама. Школьная адзнака часам была вышэй, чым тая, на якую мы здавалі ўступны экзамен у ВНУ альбо экзамен у сесію. Чаму так? Магчыма, уплывае псіхалагічны фактар. Кожнага вучня настаўнік ведае шмат гадоў, хоча яму дапамагчы. Галоўнае, каб гэта было ў разумных межах. Добра, калі пры адзнацы 9 вучань рэальна ведае прадмет на 7-8, а не на 5. Дрэнна, калі адзін вучань атрымлівае 8, а другі 9 за аднолькавыя дасягненні, таму што першы не падабаецца настаўніку, а другі падабаецца.
Суб’ектыўнасці ў школе не пазбегнуць, ды і не трэба гэтага рабіць. Школа, апрача таго, што вучыць, павінна яшчэ і выхоўваць. А выхаванне заўсёды мае на ўвазе спачуванне, саўдзел, жаданне разабрацца, чаму вучань не напісаў работу, што не зразумеў, і дапамагчы. Гэта шматхадовы працэс, і суб’ектыўнасць у ім нават павінна прысутнічаць. Але, паўтару, у разумных межах.
Тое, што бал ЦТ параўноўваюць са школьнай адзнакай — вынік недасведчанасці грамадства. Пры тым, што хутка 15 гадоў, як у краіне праводзіцца цэнтралізаванае тэсціраванне, многія людзі з ім яшчэ не сутыкаліся. Гэта тыя, хто сам не здаваў ЦТ і ў каго дзеці яшчэ не скончылі школу.

“Праблема суадносін адзнак закранае інтарэсы многіх”

Дэкан фізіка-тэхнічнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы Генадзь Аляксеевіч ГАЧКО:
— Выпускнік агульнаадукацыйнай школы мае два дакументальна пацверджаныя сведчанні сваіх поспехаў у вывучэнні найбольш значных для яго прадметаў — адзнаку ў атэстаце і бал цэнтралізаванага тэсціравання, а студэнт першага курса — яшчэ і адзнаку ў заліковай кніжцы. Зразумела, што праблема суадносін гэтых адзнак існуе, яна закранае інтарэсы дзяцей і іх бацькоў, хвалюе педагагічных работнікаў і кіраўнікоў навучальных устаноў, таму цяперашняя дыскусія своечасовая і карысная.
Спачатку пра суадносіны школьных адзнак і балаў цэнтралізаванага тэсціравання. Вопыт маёй работы ў прыёмнай камісіі ўніверсітэта паказвае, што сітуацыя, калі сярэдні бал атэстата значна вышэйшы за балы ЦТ па прадметах выпускных экзаменаў, сустракаецца рэгулярна. Іншае пытанне — гэта заканамерна або недапушчальна.
Справа ў тым, што педагагічныя тэсты ўтрымліваюць вымяральны матэрыял для ацэнкі далёка не ўсіх кампетэнцый, якія неабходна фарміраваць у выпускнікоў агульнаадукацыйнай школы. Напрыклад, пры ацэньванні вучняў па фізіцы ці матэматыцы настаўнік улічвае не толькі ўменне рашаць вылічальныя задачы, але і разуменне ўнутранай логікі прадмета, уменне граматна тлумачыць вывучаныя з’явы і заканамернасці, навыкі выканання вылічальнага і рэальнага лабараторнага даследавання, удзел вучня ў прадметных алімпіядах і творчых конкурсах. А вось педагагічны тэст па фізіцы або матэматыцы закліканы ацаніць уменне абітурыентаў рашаць задачы, што цалкам лагічна пры правядзенні конкурснага адбору на тэхнічныя спецыяльнасці.
На аснове даных рэгіянальнага цэнтра тэсціравання нашага ўніверсітэта мы пабудавалі графік залежнасці сярэдняга бала атэстата, памножанага на 10, і бала ЦТ па матэматыцы больш як 160 абітурыентаў, якія паступалі на тэхнічныя спецыяльнасці ў 2012 годзе. Атрыманая залежнасць дастаткова добра апісваецца прамой лініяй, што гаворыць у цэлым аб аб’ектыўных адносінах педагогаў да ацэнкі ведаў сваіх вучняў. Непакоіць тое, што вугал нахілу гэтай прамой вельмі малы (у дыяпазоне балаў ЦТ ад 10 да 90 сярэдні бал атэстата змяняецца толькі ад 8,0 да 9,6 і вуглавы каэфіцыент складае ўсяго толькі 0,2). Гэта азначае, што настаўнікі звяртаюць недастатковую ўвагу на фарміраванне тых кампетэнцый сваіх выпускнікоў, якія неабходны ім для далейшага навучання.
Цяпер пра суадносіны бала цэнтралізаванага тэсціравання і адзнакі ва ўніверсітэце на першай сесіі.
Мы прааналізавалі залежнасць адзнак па вышэйшай матэматыцы, атрыманых учарашнімі абітурыентамі ў першую сесію, ад балаў цэнтралізаванага тэсціравання па матэматыцы. Графік таксама можна прыблізна апісаць прамой лініяй. Але вось вуглавы каэфіцыент гэтай прамой вырас удвая і склаў 0,4. Цікава таксама, што калі адсекчы ад гэтага графіка балы ЦТ ніжэй за 40, то вуглавы каэфіцыент наблізіцца да свайго ідэальнага значэння — 1,0. Гэта сведчыць аб тым, што цэнтралізаванае тэсціраванне ў цэлым выконвае ролю надзейнага інструмента конкурснага адбору, але парогавы бал, магчыма, варта крыху павялічыць.
Я заклікаю педагогаў і навучэнцаў звярнуць большую ўвагу на набыццё тых кампетэнцый, якія будуць найбольш значнымі пры далейшым навучанні ў вышэйшых навучальных установах, у чым шчыра жадаем усім дапамагчы — звяртайцеся!
Настаўнікі звяртаюць недастатковую ўвагу на фарміраванне тых кампетэнцый сваіх выпускнікоў, якія неабходны ім для далейшага навучання ў вышэйшых навучальных установах.

 

 Іна НІКІЦЕНКА.