Пра асаблівасці арганізацыі харчавання школьнікаў карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” расказала ўрач-гігіеніст, загадчык аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Таццяна Астроўская.
— Таццяна Аляксееўна, пачнём з агульных правіл. Наколькі важна сёння прытрымлівацца норм і правіл харчавання нашых дзяцей?
— Характар харчавання ў дзіцячым узросце накладвае адбітак на далейшае развіццё чалавека. Менавіта ў гэты час фарміруецца пэўны стэрэатып харчавання і закладваюцца тыпалагічныя асаблівасці метабалізму (абмену рэчываў), якія будуць уласцівы даросламу чалавеку. Толькі пры збалансаваным і рацыянальным харчаванні забяспечваецца нармальнае функцыянаванне арганізма дзіцяці, умацоўваецца яго фізічнае і духоўнае здароўе.
— Як вядома, харчаванне рэгулюецца з улікам трох рэчываў — бялкоў, тлушчаў і вугляводаў.
— Так, гэта асноўныя пажыўныя рэчывы, з якіх арганізм атрымлівае энергію для жыццядзейнасці, па сутнасці, гэта аснова фарміравання арганізма. Разбяромся, як кожнае з гэтых рэчываў на яго ўплывае. Пры недастатковым паступленні бялку ў арганізм дзіцяці яго рост і развіццё запавольваецца, а часам і спыняецца, змяншаецца ўтварэнне ахоўных антыцел, што зніжае ўстойлівасць да інфекцый. Калі існуе недахоп тлушчаў, то парушаюцца дзейнасць мозга, палавое паспяванне падлеткаў, дзейнасць эндакрынных органаў. А вось залішняе спажыванне тлушчаў, асабліва жывёльнага паходжання, спрыяе развіццю атлусцення, атэрасклерозу. Недахоп вугляводаў прыводзіць да рэзкага скарачэння паступлення энергіі ў арганізм. Аднак і іх лішак таксама негатыўна ўплывае на арганізм і прыводзіць да развіцця некаторых захворванняў, у прыватнасці цукровага дыябету.
Мінеральныя рэчывы, як і вітаміны, не валодаюць энергетычнай каштоўнасцю, але іх недахоп ці лішак выклікае паталагічныя змяненні ў органах і тканках. Напрыклад, калі ў арганізме многа натрыю, гэта прыводзіць да павышэння крывянога ціску, да так званай гіпертаніі. Пры дэфіцыце ёду ўзнікае такая распаўсюджаная хвароба, як эндэмічны валяк, а пры недахопе селену зніжаюцца ахоўныя сілы арганізма, асабліва супрацьракавыя.
— Як павінны суадносіцца ў рацыёне бялкі, тлушчы і вугляводы?
— Гарачае харчаванне навучэнцаў ажыццяўляецца па прыкладных двухтыднёвых рацыёнах харчавання. Яны распрацоўваюцца дыферэнцыравана згодна з узростам навучэнцаў (6—10, 11—18 гадоў), а таксама нормамі спажывання харчовых рэчываў і энергіі для дзяцей з улікам аптымальных суадносін харчовых рэчываў. У прыватнасці, бялкоў павінна быць 10—15% ад каларыйнасці сутачнага рацыёну, тлушчаў — 30—32% і вугляводаў — 55—60%. Харчаванне навучэнцаў павінна быць зберагальным для арганізма па хімічным саставе і спосабах гатавання. Стравы трэба гатаваць толькі такімі спосабамі, як запяканне, варка, гатаванне на пары. З мэтай забеспячэння навучэнцаў вітамінам С штодня неабходна праводзіць вітамінізацыю супоў або салодкіх страў у адпаведнасці з нормамі харчавання з прымяненнем аскарбінавай кіслаты. Нельга ўключаць у рацыён прадукты з вострым смакам (гарчыцу, хрэн, перац чырвоны і чорны, воцат). А замест вострых прыпраў рэкамендуецца выкарыстоўваць смакавыя, такія як пятрушка, кроп, цыбуля, часнок, карыца, ванілін.
— Якім дакументам трэба кіравацца пры арганізацыі харчавання ў навучальнай установе? Якія яго асноўныя палажэнні?
— Арганізаванае школьнае харчаванне рэгламентуецца санітарнымі правіламі і нормамі “Патрабаванні для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі”, якія зацверджаны пастановай Міністэрства аховы здароўя ад 27 снежня 2012 года № 206 са змяненнямі і дапаўненнямі і адпавядаюць усім прынцыпам здаровага харчавання. Міністэрствам адукацыі распрацаваны метадычныя рэкамендацыі па арганізацыі харчавання ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. У адпаведнасці з вызначанымі патрабаваннямі навучэнцы ўстаноў адукацыі павінны атрымліваць ежу кожныя 3,5—4 гадзіны. Па месцы вучобы ім прадастаўляецца гарачае снеданне (абед). Тыя навучэнцы, якія наведваюць групы прадоўжанага дня і знаходзяцца ў навучальнай установе да 8 гадзін, павінны атрымліваць двухразовае харчаванне, а пры знаходжанні больш за 8 гадзін — трохразовае. У школах-інтэрнатах навучэнцы павінны харчавацца 5 разоў.
Для арганізацыі гарачага харчавання навучэнцаў ва ўстанове адукацыі можна выкарыстоўваць розныя формы абслугоўвання: папярэдняе накрыццё сталоў; папярэдні заказ страў па меню заўтрашняга дня для навучэнцаў 5—11 класаў. Для прадастаўлення дадатковага харчавання арганізавана работа школьных кафэ, кафетэрыяў, буфетаў. Хачу заўважыць, што харчаванне навучэнцаў павінна быць арганізавана па зацверджаным кіраўніком установы адукацыі графіку пад наглядам педагагічных работнікаў (у 5—11 класах пад наглядам дзяжурнага педагога). Якасць гатовай ежы павінна штодня правярацца бракіражнай камісіяй, зацверджанай загадам кіраўніка ўстановы адукацыі, а таксама кантралявацца спецыялістамі санітарна-эпідэміялагічнай службы падчас правядзення ацэначных і праверачных мерапрыемстваў.
— Што прадугледжана для тых дзяцей, якія па медыцынскіх паказаннях маюць патрэбу ў дыетычным харчаванні?
— Трэба мець адпаведнае заключэнне ўрача-педыятра (урача агульнай практыкі) аб тым, што вучню патрэбна лячэбнае (дыетычнае) харчаванне. Такія звесткі медыцынскі работнік павінен падаць у харчаблок установы адукацыі, і ў адпаведнасці з імі для такой катэгорыі дзяцей будуць гатавацца дыетычныя стравы.
— Многія дзеці з раніцы не ядуць. Ці трэба іх прымушаць снедаць?
— Дзяцей з 1—4 класаў, якія вучацца ў першую змену, не трэба прымушаць есці з раніцы, бо для іх пасля першага-другога ўрока прадугледжана гарачае снеданне ў школе. А вось вучням 5—11 класаў снедаць дома трэба абавязкова, бо ім ва ўстанове адукацыі будзе прапанаваны абед, які яны атрымаюць не раней чым пасля трэцяга ўрока. Калі гэта не прадугледзець, то ад моманту абуджэння да школьнага абеду пройдзе больш за 4 гадзіны. Не кожнае дзіця зможа вытрымаць без перакусу такі інтэрвал, і ў выніку большасць вучняў апынецца ў школьным буфеце, каб пад’есці нейкіх прысмакаў.
— А якія абмежаванні ўведзены для асартыменту школьнага буфета?
— У мэтах прафілактыкі захворванняў, звязаных з лішнім ужываннем простых цукраў, санітарна-эпідэміялагічнымі патрабаваннямі забаронены продаж у буфетах салодкіх газіраваных напіткаў, абмежавана рэалізацыя прысмакаў прамысловай вытворчасці (не больш як 10 відаў), а рэалізацыя такіх мучных вырабаў, як піца, сасіска ў цесце, смажанка і аналагічная прадукцыя, абмежавана да 2 разоў на тыдзень.
— Якія прыхільнасці ў харчаванні дзяцей выявіў нядаўні эксперымент? Колькі дзяцей, столькі і густаў?
— У асноўным так і ёсць. Кожная сям’я мае свае традыцыі, свае смакавыя перавагі, свой рацыён харчавання, урэшце сваё ўяўленне аб правільным і здаровым харчаванні. Гэта нармальна, і нельга ў гэтым папракаць бацькоў. На фарміраванне культуры харчавання ўплывае не толькі школа, сям’я, але і навакольнае асяроддзе. Дзеці прывыкаюць менавіта да тых страў, якія гатуюць для іх бацькі, якія яны ўжываюць у рэстаранах хуткага харчавання, у кафэ, куды ходзяць з бацькамі альбо з сябрамі. У іх смакавых перавагах прэвалююць бульба фры, нагетсы з хрумсткай скарыначкай, згатаваныя ў фрыцюры, і іншы фаст-фуд. А такія карысныя стравы, як глейкая каша, амлет, тварожная запяканка, якія традыцыйна ўваходзяць у школьнае меню, застаюцца па-за ўвагай дзяцей, а некаторыя такога нават ніколі не спрабавалі.
Як выявіў эксперымент па арганізацыі харчавання, не толькі дзеці, але і многія бацькі вельмі хочуць бачыць у школьных сталовых менавіта тыя стравы, якія гатуюць у месцах хуткага харчавання. Але іх прапановы па ўключэнні такіх страў у школьнае меню не атрымалі адабрэння ўрачоў-гігіеністаў. Справа ў тым, што ў школьным харчаванні забаронена смажанне ў фрыцюры, таму што пры награванні да высокіх тэмператур раслінных алеяў, якія выкарыстоўваюцца для смажання, мяняецца малекулярная структура тлушчаў, якія ўваходзяць у іх склад, адбываецца іх перанасычэнне і ўтвараюцца альдэгіды і ліпідныя пераксіды, якія пры ўжыванні прадуктаў, згатаваных такім спосабам, неспрыяльна ўплываюць на сардэчна-сасудзістую сістэму і ў далейшым правакуюць узнікненне анкалагічных захворванняў.
— Шкада, што дарослыя не надаюць гэтаму значэння і маюць слабае ўяўленне аб правільным харчаванні як складніку здаровага ладу жыцця.
— Мы гэта адчулі ў час эксперымента. Разам з тым дзеці і бацькі выказалі шмат розных меркаванняў і прапаноў, найбольш слушныя з якіх ужо ўкараняюцца ў школах горада. Сфарміраваць адзіны густ немагчыма, у кожнага ён індывідуальны. Але выпрацаваць адзіны погляд на асартымент карысных страў, на правільнае харчаванне, увогуле на здаровы лад жыцця — да гэтага мы павінны імкнуцца. Дапамагаць будуць саветы па харчаванні, якія прызваны каардынаваць гэтую работу ва ўстановах адукацыі і куды можна звяртацца па любым пытанні.
— Раскажыце пра гэты савет больш падрабязна.
— Савет па харчаванні з’яўляецца грамадскім органам, і яго склад на кожны навучальны год да 1 верасня зацвярджаецца загадам кіраўніка ўстановы адукацыі. У яго могуць быць уключаны члены адміністрацыі, кіраўнікі метадычных структур, настаўнікі, псіхолаг, педагог сацыяльны, медыцынскія работнікі, прадстаўнікі бацькоўскай грамадскасці, вучнёўскага самакіравання, прафсаюзнага камітэта, работнікі сталовай установы адукацыі, прадпрыемства, якое ўдзельнічае ў арганізацыі школьнага харчавання. Непасрэднае кіраўніцтва саветам ажыццяўляе намеснік дырэктара ўстановы адукацыі па вучэбнай або выхаваўчай рабоце. Асноўнымі мэтамі савета з’яўляюцца стварэнне ўмоў, якія забяспечваюць паўнацэннае харчаванне дзяцей як асноўны фактар аховы іх здароўя, выкананне санітарна-гігіенічных норм і правіл арганізацыі харчавання, фарміраванне ў дзяцей правільнага рэжыму, збалансаванасці і культуры харчавання, пошук новых форм яго арганізацыі і павелічэнне ахопу навучэнцаў гарачым харчаваннем.
Важна, каб былі своечасова выяўлены і вырашаны праблемныя пытанні па арганізацыі харчавання дзяцей, развівалася матэрыяльна-тэхнічная база сталовай, фарміраваўся прафесійны склад яе работнікаў. Устанаўленне рэжыму работы сталовай, распрацоўка графікаў прыёму ежы кожным класам павінны ўзгадняцца з загадчыкам вытворчасці і зацвярджацца кіраўніком установы адукацыі. Савет павінен актыўна весці растлумачальную работу па прапагандзе здаровага ладу жыцця, выхаванні культуры харчавання сярод навучэнцаў і бацькоў, праводзіць анкетаванне сярод навучэнцаў і іх бацькоў па вывучэнні попыту на гарачае харчаванне, буфетную прадукцыю, разглядаць і прымаць слушныя прапановы па паляпшэнні якасці харчавання.
Ала КЛЮЙКО
Фота з асабістага архіва гераіні