Чым запомніўся 2025 г. педагагічнай супольнасці Докшыцкага раёна

- 13:10Планерка

Вынікі мінулага каляндарнага года падводзім з начальнікам аддзела па адукацыі Докшыцкага райвыканкама Аленай Кучыц. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

— 2025 год прынёс сістэме адукацыі раёна новыя дасягненні, запамінальныя падзеі, перамогі і цікавыя адкрыцці, — расказвае Алена Аляксандраўна. — 6 навучэнцаў сталі ўдзельнікамі 10 вучэбных змен у Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку. На ЦЭ чатыры стабальныя вынікі. Падрыхтавалі школьнікаў настаўнікі беларускай мовы і літаратуры Аксана Бадун (сярэдняя школа № 2 Докшыц імя У.Ф. Крышталевіч), Марына Казлоўская (сярэдняя школа № 1 Докшыц імя Героя Савецкага Саюза І.С. Палявога), Ірына Транчэўская (Сітцаўская сярэдняя школа), настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Вольга Калбасіч (сярэдняя школа № 1). Выпускнікі Крулеўшчынскай сярэдняй школы імя І.П. Ціткова здалі ЦЭ з сярэднім балам 77, 3 (16-е месца з 225 у рэйтынгу па вобласці), і гэта вельмі высокі вынік для сельскага рэгіёна. Паступленне выпускнікоў ва УВА складае па раёне 68 %.

Мінулы каляндарны год стаў выніковым па ўдзеле нашых навучэнцаў у рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах. 14 школьнікаў прадэманстравалі веды ў абласным яе этапе, 2 — заваявалі дыпломы па беларускай мове і літаратуры, тэхнічнай працы. На заключным этапе алімпіяды Софія Варановіч з сярэдняй школы № 1 Докшыц удастоена дыплома ІІІ ступені па беларускай мове і літаратуры. Паспяхова рыхтуюць навучэнцаў да спаборніцтваў настаўнікі Марына Казлоўская (беларуская мова), Сяргей Камінскі (матэматыка), Сяргей Ставер, Людміла Зубарава (працоўнае навучанне).

Год быў удалым і ў плане развіцця профільнага навучання, удасканалення прафарыентацыйнай работы. У раёне павялічылася колькасць профільных груп педагагічнай накіраванасці, актыўна працуюць прававая і аграрныя групы. Адкрылі і інжынерную групу.

Чым яшчэ запомніўся 2025-ы? Параф’янаўскай сярэдняй школе прысвоена імя Героя Савецкага Саюза А.І. Чарныша, а сярэдняй школе № 1 Докшыц вернута некалі прысвоенае імя Героя Савецкага Саюза І.С. Палявога.

Шмат перамог у навучэнцаў раёна на спаборніцтвах розных  узроўняў. Валанцёрскі атрад «Палаючыя сэрцы» сярэдняй школы № 2 чацвёрты раз стаў пераможцам абласнога конкурсу «Валанцёр года». Каманда Віцебскай вобласці, у складзе якой была наша вучаніца 11-га класа Мілана Пацёмкіна, заняла 1-е месца на заключным этапе рэспубліканскага конкурсу «Беларусь — мая Радзіма». Піянерскі пошукава-даследчы атрад «Рубеж» атрымаў 3-е месца ў рэспубліканскім патрыятычным праекце «Беларусь памятае. Памятае кожнага».

У красавіку ў Крулеўшчынскай сярэдняй школе адбыўся раённы фестываль педагагічнага майстэрства «Метадычная вясна — 2025». Ён, дарэчы, стаў ужо традыцыйным і дае магчымасць абмяняцца вопытам і цікавымі ідэямі, накіраваны на стварэнне ўмоў для развіцця прафесійна-асобаснага і творчага патэнцыялу педагогаў, прэзентацыю і абагульненне інавацыйнага падыходу да арганізацыі навучання і выхавання ва ўстановах адукацыі. Праграма мерапрыемства складалася з адкрытых урокаў, майстар-класаў, інтэрактыўных заняткаў і эксперыментальнага практыкуму для навучэнцаў педагагічных груп 10-х класаў. Акрамя таго, ва ўрачыстай атмасферы фестывалю ў Крулеўшчынскай школе быў адкрыты новы музейны пакой этнаграфіі. Думаю, усё гэта сведчанне таго, што педагагічная супольнасць раёна мае вялікі творчы патэнцыял.

2025-ы быў аб’яўлены Годам добраўпарадкавання. Які ўклад унеслі педагогі і навучэнцы ў стварэнне прыгажосці на зямлі?

— Усе ўстановы адукацыі ўключыліся ў гэтую работу. Летась іх прылеглыя тэрыторыі папоўніліся архітэктурнымі формамі, арыгінальнымі кампазіцыямі. Тэматычны кветнік Крулеўшчынскай сярэдняй школы, прысвечаны 80-годдзю Вялікай Перамогі, быў адзначаны дыпломам II ступені на абласным этапе конкурсу па азеляненні і добраўпарадкаванні тэрыторый «Упрыгожым Беларусь кветкамі». Ва ўстанове ў маі быў закладзены сад Перамогі. У Парплішчанскай і Параф’янаўскай сярэдніх школах значна павялічылі відавую   разнастайнасць раслін дэндрапаркаў. Алея бэзу з’явілася да 80-годзя Вялікай Перамогі ў Сітцаўскай сярэдняй школе.

Глінская сярэдняя школа адзначана дыпломам І ступені абласнога этапу рэспубліканскай акцыі па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторыі «Кветкі дабра» ў намінацыі «Твары дабро». А валанцёрскі атрад «Палаючыя сэрцы» прыняў удзел у рэспубліканскім конкурсе «За чысціню гарадоў і сёл» і стаў пераможцам заключнага этапу ў намінацыі «Лепшы валанцёрскі атрад сярод навучэнскай моладзі».  

— Алена Аляксандраўна, а чаго чакаеце ад новага года?

Вядома, хочацца больш высокіх вынікаў, каб сельскія дзеці былі канкурэнтаздольнымі. Будзем рады ўбачыць навучэнцаў у ліку пераможцаў трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды. Ёсць задумы па рэалізацыі новых праектаў ва ўстановах адукацыі. Так, у 2026 г. прадугледжана адкрыццё музейнага пакоя гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Крулеўшчынскай сярэдняй школе. У Параф’янаўскай сярэдняй школе будуць займацца вырошчваннем хрызантэм метадам чаранкавання.

Плануем большую ўвагу ўдзяліць рабоце профільных груп педагагічнай накіраванасці. Гэта наша магчымасць прыцягнуць дзяцей да паступлення на адпаведныя спецыяльнасці. Мы разумеем, калі самі не выхаваем будучых педагогаў, то ў найбліжэйшы час застанёмся без спецыялістаў. А нам праз некалькі гадоў неабходны будуць настаўнікі пачатковых класаў, выхавальнікі, настаўнікі фізіка-матэматычнага профілю. Таму з новымі планамі і жаданнем працаваць педагогі Докшыцкага раёна ўступаюць у новы год.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара