Чым здзіўлялі пінскія каледжы на «Марафоне адзінства»

- 12:35Марафон единства, Новости

На два дні старажытны Пінск стаў пляцоўкай для рэспубліканскай грамадска-культурнай акцыі “Марафон адзінства”, якая другі месяц крочыць па краіне, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Цікавая і насычаная праграма ўключала шмат мерапрыемстваў для школьнікаў, педагогаў і не толькі. Адно з іх — “НЕсумная НЕлекцыя” для навучэнцаў Пінскага дзяржаўнага аграрнага тэхналагічнага каледжа і Пінскага каледжа БрДУ імя А.С.Пушкіна. Спікерамі сустрэчы сталі намеснік міністра адукацыі Кацярына Пятруцкая, генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін і іншыя вядомыя госці.

— Пінск — чацвёрты прыпынак марафону, — адзначыла Кацярына Пятруцкая. — Кожная сустрэча асаблівая і захапляльная, бо прымушае задумацца пра многія важныя рэчы. Адметна, што госці не толькі нечаму вучаць моладзь, але і самі вучацца ў яе.

Адкрытая і шчырая размова, пабудаваная ў форме гульнявога інтэрактыву, прысвячалася тэме выбару. Яе абмеркаванне пачалося з простага пытання, якому пачастунку (яблыку ці вафлі) аддалі перавагу ўдзельнікі пасля рэгістрацыі. Але, бадай, самы цяжкі і адказны выбар тычыцца прафесіі і будучага жыццёвага шляху.

Навучэнцы Варвары Абяюх з Пінскага дзяржаўнага аграрнага тэхналагічнага каледжа мерапрыемства спадабалася, бо яно дазволіла паверыць у сябе. Дзяўчына прызналася, што будучую прафесію тэхніка-тэхнолага малака і малочнай прадукцыі выбрала выпадкова і не шкадуе пра гэта. Яе прывабілі добры заробак і перспектывы кар’ернага росту. Асабліва дзяўчыне падабаецца распрацоўваць новую рэцэптуру прадуктаў. Тым не менш, лічыць Варвара, рабіць выбар варта ўсвядомлена, але без прымусу, бо чым больш разважаеш, сумняваешся і вагаешся, тым большая верагоднасць памыліцца.

З гэтым пагадзіўся Вадзім Гігін:

— Даволі часта выбар бывае няпростым і пакутлівым, але галоўнае, каб ён прыносіў карысць грамадству і краіне.

Навучэнцы актыўна дыскутавалі са спікерамі і дзяліліся меркаваннямі наконт розных праблем. Антону Кісялю з Пінскага дзяржаўнага аграрнага тэхналагічнага каледжа прыемна, што акцыя “Марафон адзінства” завітала ў яго родны горад, дзе ёсць што паказаць гасцям і чым ганарыцца. Юнаку падабаецца малая радзіма, дзе ён плануе застацца працаваць.

Дар’я Кондак прызналася, што пасля такіх нефармальных, але даволі сур’ёзных размоў лепш усведамляеш: ад твайго выбару залежыць і асабістае жыццё, і лёс краіны. Гэта асабліва важна ведаць моладзі.

Падчас сустрэчы з навучэнцамі Пінскага каледжа БрДУ імя А.С.Пушкіна Кацярына Пятруцкая не без настальгіі заўважыла, што таксама з’яўляецца выпускніцай педагагічнага каледжа. Калі ў яе пытаюцца, хто яна па адукацыі, намеснік міністра, нягледзячы на пасаду, заўсёды з гордасцю адказвае: “Настаўніца!”

Кацярына Пятруцкая з цеплынёй расказала пра гады вучобы ў Мінскім гарадскім педагагічным каледжы, які скончыла з чырвоным дыпломам, пра работу над кандыдацкай дысертацыяй па педагогіцы і над магістарскай дысертацыяй па псіхалогіі. Актыўная грамадзянская пазіцыя і лідарскія якасці прывялі яе ў Беларускі саюз жанчын, партыю “Белая Русь” і гарадскі Савет дэпутатаў.

— Перад моладдзю адкрыты шырокія дарогі для самарэалізацыі. Галоўнае — верыць у сябе і не баяцца цяжкасцей, без якіх немагчыма жыццё, — падкрэсліла Кацярына Пятруцкая.

Будучаму педагогу Настассі Жагалюк з Пінскага каледжа БрДУ імя А.С.Пушкіна цікава было даведацца пра тое, як вядомыя людзі прыходзілі да пастаўленых мэт і дасягалі поспеху ў любімай справе, у тым ліку ў настаўніцкай прафесіі. Некалькі гадоў назад дзяўчына выбірала: застацца ў родным Іванаве ці паехаць вучыцца ў іншы горад? Цяпер перад Настассяй паўстаў чарговы выбар: як правільна выбраць першае працоўнае месца? Разабрацца ў гэтым дапамаглі спікеры.

— Трэба спрабаваць і рызыкаваць! — упэўнена Настасся. — Як кажуць, лепш паспрабаваць і пашкадаваць, чым нічога не рабіць.

А вось Паліна Саўчук, якая нарадзілася і вырасла на Лунінеччыне, прызналася, што падчас выбару заўсёды кіруецца не толькі розумам, але і сэрцам, якое дапамагло вызначыцца з будучай прафесіяй. Спачатку дзяўчына аддавала перавагу творчым спецыяльнасцям, але потым зразумела, што ў педагогіцы без творчасці таксама не абысціся.

Не менш цікавай “НЕлекцыяй” атрымалася і размова ў Пінскім дзяржаўным медыцынскім каледжы, куды завітала галоўны ўрач Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Беларусі Ірына Абельская.

— Цікава было даведацца, чаму моладзь выбірае медыцыну, якія жыццёвыя і прафесійныя мэты і задачы ставіць, якой уяўляе будучыню айчыннай сістэмы аховы здароўя, — пракаменціравала заслужаны ўрач Беларусі, заўважыўшы, што акцыя “Марафон адзінства” — выдатная магчымасць абмеркаваць актуальныя пытанні незалежна ад узросту і прафесіі, каб разам рухацца далей.

— Сустрэча падарыла шмат станоўчых эмоцый і аказалася пазнавальнай і карыснай, — расказала Дар’я Калесніковіч. — З вуснаў аўтарытэтных людзей я даведалася пра перспектывы развіцця беларускай медыцыны.

Шматлюдна было ў другі дзень акцыі каля пінскага Лядовага палаца, дзе разгарнулася пляцоўка “Якасная адукацыя — умова паспяховай будучыні”, падрыхтаваная мясцовымі каледжамі, і прайшоў гарадскі квест “Гэта ўсё маё роднае”.

Наведвальнікі пляцоўкі змаглі ўбачыць, як навучэнцы Пінскага дзяржаўнага каледжа будаўнікоў асвойваюць азы зварачных работ на трэнажоры віртуальнай рэальнасці. На базе ўстановы адукацыі, дзе атрымліваюць веды звыш 360 юнакоў і дзяўчат, дзейнічае адзіны ў вобласці рэсурсны цэнтр па зварачных тэхналогіях.

— Наш каледж рыхтуе спецыялістаў па вялікім спектры прафесій, якія ахопліваюць розныя віды работ: ад зварачных і будаўнічых да мулярных і ўсіх відаў аддзелачных работ, — паведаміў старшы майстар Яўген Смяшкоў. — Навучэнцы праходзяць практыку на сучасным абсталяванні, у тым ліку на зварачным трэнажоры. Працаваць на ім бяспечна і вельмі цікава.

Было што паглядзець і на пляцоўцы Пінскага дзяржаўнага аграрнага тэхналагічнага каледжа, які рыхтуе спецыялістаў у галіне ветэрынарнай медыцыны. Так, навучэнка ўстановы Алеся Ус на прыкладзе любімага гадаванца шпіца расказала і паказала, як правільна выслухаць біццё сабачага сэрца. Акрамя таго, жадаючым прапаноўвалася сабраць на спецыяльнай карце ўсе часткі малочнай каровы (ад спіны да калена), што зрабіць без адпаведных навыкаў даволі складана.

А вось на пляцоўцы Пінскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа імя А.Я.Кляшчова ўвагу прыцягвалі адмысловыя каваныя вырабы, выкананыя ўручную навучэнцамі пад кіраўніцтвам таленавітых педагогаў. Сярод іх — бусел са 120 каваных пёраў, бабёр і іншыя металічныя жывёлы. Ва ўстанове рыхтуюць і гідрамеліяратараў. Каб лепш даведацца пра гэтую прафесію, гасцям прапаноўвалася разгадаць галаваломку.

Фота з адкрытых крыніц

Гарадскі квест “Гэта ўсё маё роднае” сабраў рэкордную колькасць удзельнікаў — 63 каманды з розных гарадоў Брэстчыны, якія рухаліся па 10 гульнявых станцыях, паказваючы веды па гісторыі і сучаснасці краіны. Але перад гэтым школьнікам і навучэнцам каледжаў неабходна было выканаць дамашняе заданне: зняць на фоне чыгуначнага вакзала відэапрызнанне ў любові да Пінска, сфатаграфавацца ўсёй камандай на фоне Музея Беларускага Палесся і апублікаваць гэта ў сацсетках з адпаведным хэштэгам. Па выніках спаборніцтва лепшай аказалася каманда Пінскага дзяржаўнага аграрнага тэхналагічнага каледжа “Жамчужына Палесся”.

Не застаўся ў баку ад акцыі “Марафон адзінства” і ПалесДУ, дзе была арганізавана выстава навуковых дасягненняў усіх універсітэцкіх факультэтаў, накіраваных на паляпшэнне якасці жыцця. Выкладчыкі і студэнты зладзілі для гасцей цікавыя майстар-класы і інтэрактыўныя пляцоўкі.

А на памяць пра акцыю, акрамя станоўчых уражанняў, у Пінску застаўся мурал “Будучыня Беларусі ў тваіх руках”, створаны на адным са шматпавярховікаў. На фоне маляўнічай прыроды адлюстраваны мужчынская, жаночая і дзіцячыя далоні, на якіх ляжыць карта Радзімы, што сімвалізуе каштоўнасць традыцыйных сямейных каштоўнасцей, любоў да роднага краю і клопат пра яго будучыню.

З нагоды адкрыцця арт-аб’екта ўдзельнікі мерапрыемства заклалі капсулу часу з пасланнем моладзі будучыні. Адкрыць капсулу плануюць у 2047 годзе — да 950-годдзя Пінска.

— Мурал нагадвае, што лёс Беларусі ў нашых руках, таму кожны павінен працаваць дзеля яе росквіту, — лічыць навучэнка Пінскага дзяржаўнага аграрнага тэхналагічнага каледжа Жасмін Калпакова. — Мая будучая прафесія звязана з харчовай бяспекай краіны. Стаць тэхнолагам я вырашыла па прыкладзе родных, якія працуюць у мясной прамысловасці. Хачу быць у сваёй справе прафесіяналам!

Трэба адзначыць, што ў рамках акцыі праходзяць адкрыты конкурс малюнкаў вучняў пачатковых класаў “Мы разам”, рэспубліканскія конкурсы сачыненняў “Што такое адзінства” і праектаў “Мой уклад у будучыню краіны”. Іх актыўнымі ўдзельнікамі сталі пінскія школьнікі і педагогі.

Наступны пункт маршруту акцыі “Марафон адзінства” Бабруйск.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота БелТА