Да канікул засталося зусім мала часу, таму падчас візіту ў Дуброўну карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагутарыла з з кіраўніком мясцовага аддзела па адукацыі Алай Ходзікавай пра падрыхтоўку да летняга аздараўленчага сезона.

Дубровенскі раён, які знаходзіцца на самай мяжы з Расіяй, можа пахваліцца прыгожымі мясцінамі — лясамі, азёрамі, ракой Днепр. Нават паветра тут гаючае, адзначаюць дубровенцы. На адпачынак у мясцовы аздараўленчы лагер “Лугаўцы” ўлетку прыязджаюць школьнікі з розных рэгіёнаў — настолькі ён папулярны. Зараз ідзе актыўная падрыхтоўка да першай змены, таму і Алу Іванаўну мы заспелі якраз пасля суботніка ў лагеры. Традыцыйна ў ім прымаюць удзел супрацоўнікі ўстаноў адукацыі, раённага вучэбна-метадычнага кабінета і аддзела па адукацыі.
— Кожны год у нашых “Лугаўцах” аздараўліваюцца каля 400 дзяцей, — гаворыць Ала Ходзікава. — Сюды прыязджаюць з розных раёнаў, у асноўным з Аршанскага, а таксама з Мінска. Адзначу: пуцёўкі ў нас адны з самых недарагіх у краіне, таму і попыт вялікі, кожны год мы перавыконваем план па аздараўленні. Я нарадзілася ў Дуброўне і свой раён люблю: прырода тут цудоўная. Лагер знаходзіцца ва ўрочышчы Лугаўцы, у сасновым лесе. У дзяцінстве я ў гэтым лагеры адпачывала, а студэнткай працавала ў летні перыяд. Медыкі заўважаюць, што ў нашых школьнікаў паляпшаецца агульны стан здароўя пасля адпачынку тут. Кожны год мы рыхтуем лагер да летняга сезона. Ужо з канца сакавіка выязджаем туды ўсім працоўным калектывам, далучаюцца да нас і педагогі ўстаноў адукацыі раёна — сумесная праца вельмі збліжае!
Дарэчы, карпусы лагера замацаваны за пэўнымі ўстановамі адукацыі. Усё амаль гатова да пачатку сезона, падведзена вада, у адным з карпусоў ідзе маштабны рамонт. У памяшканнях устаноўлены абагравальнікі — бацькі ўжо не баяцца адпраўляць дзяцей на першую змену ў пачатку чэрвеня, калі надвор’е яшчэ халаднаватае.
У чатырох установах адукацыі раёна летам будуць працаваць дзённыя выхаваўча-аздараўленчыя лагеры: у сярэдняй школе № 1 Дуброўны імя А.А.Нікандравай, сярэдняй школе № 2 Дуброўны імя Ю.Смірнова, Зарубскай і Асінторфскай сярэдніх школах — усяго за лета ў іх плануецца аздаравіць 105 дзяцей. Лагеры працы і адпачынку будуць наведваць 34 школьнікі: дзеці прымуць удзел у добраўпарадкаванні тэрыторый, рамонце мэблі, будуць шыць пасцельную бялізну для груп прадоўжанага дня.
Ала Ходзікава адзначае: на сёння педагогаў у раёне хапае, сярод іх шмат маладых. Зараз 11 выпускнікоў раёна вучацца на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, у тым ліку былыя вучні педагагічных класаў: для іх падрыхтаваны працоўныя месцы. Штогод у раёне праходзяць кірмашы мэтавай падрыхтоўкі для выпускнікоў. Адна базавая школа ў гэтым годзе ў рамках аптымізацыі закрываецца — яе педагогі дапоўняць кадравы склад іншых школ раёна.
— Штогод да нас прыходзяць 3—4 маладыя спецыялісты, — расказвае Ала Іванаўна. — Дарэчы, кожнае лета нашы педагогі з ахвотай працуюць у лагерах. Акрамя таго, у “Лугаўцах” па традыцыі арганізоўваюцца студэнцкія атрады: педагагічныя, сэрвісныя. А падлеткі ўладкоўваюцца на работу пры прадпрыемствах, сельскагаспадарчых арганізацыях раёна — летняму працаўладкаванню мы ўдзяляем шмат увагі.
Ужо не першы год запар дубровенскі аддзел па адукацыі атрымлівае пачэснае званне лепшага наймальніка ў раёне ад раённага грамадскага аб’яднання БРСМ за прадастаўленне працоўных месцаў для моладзі.
На сайце аддзела па адукацыі ёсць падрабязная інфармацыя па арганізацыі летняй другаснай занятасці моладзі — з указаннем відаў дзейнасці, дат працоўных змен. Таксама там можна даведацца пра вакансіі на прадпрыемствах, якія гатовы працаўладкаваць непаўналетніх ад 14 да 18 гадоў. Сярод іх — Дубровенскі льнозавод, зернесушыльны комплекс ААТ “Баброва-Агра” і іншыя.
Аддзел па адукацыі Дубровенскага райвыканкама Ала Ходзікава ўзначальвае тры гады. Малады кіраўнік адзначае: працоўнай энергіі і планаў у яе шмат. Па адукацыі Ала Іванаўна настаўніца беларускай мовы, літаратуры і гісторыі. Яна паспела папрацаваць у сельскай школе, была метадыстам у дубровенскім аддзеле па адукацыі, затым галоўным спецыялістам і вось, нарэшце, узяла на сябе кіраўніцтва аддзелам.
— Родны раён ведаю добра: кожную яго школу, сад, — прызнаецца Ала Ходзікава. — Па натуры я працаголік, адказна стаўлюся да сваёй справы. Калег, а таксама кіраўнікоў устаноў адукацыі нашага раёна заўсёды настройваю на развіццё, самаўдасканаленне, бо тэндэнцыі сучаснай адукацыі мяняюцца і мы абавязаны за імі паспяваць.
Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота аўтара





