З цудоўным настроем, натхненнем і пазітывам сустракаюць новы навучальны год педагогі Браслаўшчыны. Цікавымі задумкамі і планамі на яго падзялілася з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” начальнік аддзела па адукацыі Браслаўскага райвыканкама Людміла Каптур.
— Людміла Іванаўна, як установы адукацыі падрыхтаваліся да новага навучальнага года?
— Усе ўстановы адукацыі раёна, сярод якіх 7 школ і гімназія, атрымалі пашпарты гатоўнасці. Сёлета, дарэчы, сетка ўстаноў адукацыі была аптымізавана: закрыты Дрысвяцкая, Плюская пачатковыя школы і Урбанскі дзіцячы сад.
Аддзелам адукацыі разам з педагагічнымі калектывамі была праведзена сур’ёзная работа па падрыхтоўцы ўстаноў адукацыі да 1 верасня. Ва ўсіх установах праведзены касметычныя рамонты, сродкі на якія выдзяляліся з пазабюджэтнай дзейнасці, папячыцельскіх саветаў, а таксама са спонсарскай дапамогі. Каля 400 тысяч рублёў было выдаткавана з бюджэту на бягучыя рамонты і каля 80 тысяч рублёў — на капітальны рамонт. Дадаткова выдзялялі грошы і мясцовыя сельсаветы. У Опсаўскай сярэдняй школе была заасфальтавана прышкольная тэрыторыя, у Ахрэмаўскай — заменены дзверы і праведзены рамонт санвузлоў, у Слабодкаўскай сярэдняй школе зроблена столь. Да канца года будзе набыта надворнае абсталяванне ў Богінскую сярэднюю школу. Былі закуплены станкі ў кабінет працоўнага навучання сярэдняй школы № 1 Браслава імя А.М.Жданава і адзенне для сцэны. Апошняе таксама набыта і ў Опсаўскую сярэднюю школу. Працягвалася работа, пачатая летась, па ўкараненні сістэмы кантролю кіравання доступам ва ўстанову адукацыі. Дарэчы, у палове школ раёна гэтая сістэма ўжо ўстаноўлена. У раённым Цэнтры дзяцей і моладзі ўстаноўлена пажарная сігналізацыя. Акрамя таго, праведзены дастаткова сур’ёзныя мерапрыемствы па энергазберажэнні: дзве ўстановы адукацыі аснасцілі цеплалічыльнікамі, замянілі вокны, дзверы.
Умацоўваем матэрыяльна-тэхнічную базу харчаблокаў устаноў адукацыі: закуплена халадзільнае абсталяванне, параканвектаматы, пасудамыйныя машыны, спліт-сістэмы, адрамантавана вентыляцыйнае абсталяванне.
— Якія новыя праекты плануеце рэалізаваць ва ўстановах адукацыі?
— У старшыні нашага райвыканкама існуе дастаткова цікавы падыход: грашовыя сродкі ўстановам адукацыі выдзяляюцца не проста так, а менавіта на рэалізацыю пэўных ідэй, праектаў. Так, сярэдняй школай № 1 Браслава была прапанавана ідэя набыцця некалькіх станкоў для кабінета працоўнага навучання, каб потым уласнымі сіламі педагогаў зрабіць варштаты і неабходнае абсталяванне. І гэтыя грошы былі атрыманы. Дарэчы, кожная ўстанова адукацыі раёна сёлета атрымала заданне на лета — распрацаваць арыгінальны праект, бізнес-ідэю — і прадставіла яе на выставе жнівеньскай педагагічнай нарады. Пераканана, што без увагі гэтыя ідэі не застануцца. Ці не цікава, напрыклад, стварыць міні-гульнявое поле для дашкольнікаў (дзіцячы сад № 3 Браслава) альбо музей (Ахрэмаўская сярэдняя школа)?
Кожнай школе трэба мець сваё аблічча, быць пазнавальнай. Зараз мы актыўна працуем над прысваеннем імён установам адукацыі. Прычым акцэнт робім на земляках. З мінулага года сярэдняя школа № 2 Браслава носіць імя былой настаўніцы, ветэрана працы, дэпутата Вярхоўнага Савета З.Я.Кожар. А 2 верасня ва ўрачыстай атмасферы Ахрэмаўскай сярэдняй школе прысвоена імя Валерыя Александровіча, воіна-інтэрнацыяналіста, нашага земляка, які загінуў у Афганістане.
У новым навучальным годзе важным з’яўляецца адкрыццё класаў прафесійнай накіраванасці. Сёлета ў кожнай установе адукацыі будуць адкрыты ваенна-патрыятычныя класы. Педагагічныя групы сфарміравалі ў Браслаўскай гімназіі і Ахрэмаўскай сярэдняй школе. На базе сярэдняй школы № 2 Браслава будзе дзейнічаць інжынерны клас, а ў сярэдняй школе № 1 — медыцынскі. Наша задача — наладзіць якасную прафарыентацыйную работу, каб вучні змаглі зрабіць усвядомлены выбар прафесіі.
— Ці ўкамплектаваны ўстановы адукацыі педагагічнымі кадрамі?
— Што тычыцца забяспечанасці ўстаноў адукацыі педагагічнымі кадрамі, то ўсе вакансіі ў нас закрыты. Ёсць патрэба ў педагогу сацыяльным і педагогу-псіхолагу ў сацыяльна-педагагічным цэнтры. Праўда, на замену дэкрэтнага водпуска.
Маладыя спецыялісты прыходзяць у раён штогод. Сёлета іх трое. Усе яны — нашы выхаванцы, выпускнікі ўстаноў адукацыі раёна. Мы добра разумеем, што, каб не адчуваць патрэбы ў кадрах, мы павінны
ўзрасціць сваіх педагогаў. Летась мэтавыя накіраванні былі заключаны па падрыхтоўцы настаўнікаў гісторыі, пачатковых класаў. Праз пяць гадоў раён адчуе недахоп настаўнікаў фізіка-матэматычнага цыкла, а таму ўжо зараз актыўна працуем над гэтым пытаннем (прафарыентацыйная работа, педкласы, выдача мэтавых накіраванняў і інш.). Дарэчы, у раёне нядрэнны паказчык замацавальнасці педкадраў. На сёння ён складае 75—77 працэнтаў.
Сёлета пасля аб’езду школ засталося прыемнае ўражанне. Нашы ўстановы адукацыі абнавіліся, папрыгажэлі, шмат зроблена і па добраўпарадкаванні іх тэрыторый. З летняга адпачынку выйшлі педагогі, якія з нецярпеннем чакалі сустрэчы са сваімі выхаванцамі. Радуе, што якасна мяняецца свядомасць маладых кіраўнікоў. Яны ўмудраюцца захаваць усё тое добрае, што было пачата, прыўнесці новыя ідэі, развіць, прымножыць і паказаць іх па-новаму.
Так, яшчэ многае хочацца зрабіць: умацаваць матэрыяльна-тэхнічную базу сельскіх школ, пабудаваць спартыўную залу ў Відзаўскай сярэдняй школе, правесці капітальны рамонт у дзіцячым садзе № 2 Браслава…
Пераканана, каб нашымі праблемамі жылі іншыя, у тым ліку і бацькі, трэба да іх ісці з гэтымі праблемамі. Важна, каб інтэграцыя адукацыі і грамадства адбывалася, сцерліся карыстальніцкія адносіны да настаўніцтва. Лічу, што аўтарытэт педагога ў руках саміх педагогаў.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара