Да вяршынь прафмайстэрства — праз WorldSkills

- 15:01World Skills, Актуально, Апошнія запісы

Упершыню 17 юнакоў і дзяўчат прадставяць Рэспубліку Беларусь на чэмпіянаце свету WorldSkills International-2015, які пройдзе ў бразільскім Сан-Паўлу з 11 па 16 жніўня гэтага года.

У прэстыжных сусветных спаборніцтвах возьмуць удзел прадстаўнікі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання, Вышэйшага дзяржаўнага каледжа сувязі, Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа швейнай вытворчасці, Брэсцкага дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання, Дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 10 Магілёва, а таксама шэрага буйных прадпрыемстваў і арганізацый (“МТЗ”, “Пеленг”, “ЦытранФорм”, “Брэсттурыст”, “Атлант-М”, “Інтэграл”). Таксама ў Бразілію адправіцца і экспертна-трэнерская брыгада ў складзе 15 чалавек.1
“У Беларусі неабходна павышаць прэстыж рабочых спецыяльнасцей. Акрамя таго, трэба ўдзяляць больш увагі папулярызацыі рабочых прафесій. Актыўней павінны рэкламаваць сябе ўстановы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі”, — сказала намеснік прэм’ер-міністра Наталля Качанава падчас афіцыйных провадаў беларускай каманды, якія адбыліся 4 жніўня ў Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Яна адзначыла, што ўдзел беларускай каманды ў чэмпіянаце свету WorldSkills International-2015 вельмі важны не толькі для сістэмы адукацыі, але і ў цэлым для рэспублікі. Паводле слоў віцэ-прэм’ера, канкурсанты, якія, нягледзячы на свой малады ўзрост, ужо дасягнулі значных поспехаў у сваёй прафесіі, з’яўляюцца добрым прыкладам для тых, хто сёння толькі выбірае прафесійны шлях. Наталля Качанава пажадала ўдзельнікам сусветнага першынства поспехаў і новых дасягненняў у прафесійнай дзейнасці, а такама выказала ўпэўненасць у тым, што маладыя людзі дастойна прадставяць Беларусь на чэмпіянаце свету, а таксама набудуць новыя веды.
“Цікавасць да рабочых прафесій расце. Сказаць, чым рабочая спецыяльнасць адрозніваецца ад спецыяльнасці, атрыманай у вышэйшых навучальных установах, цяпер даволі складана. Грань паміж рабочым і спецыялістам паступова сціраецца. Сёння рабочыя атрымліваюць веды, якія раней давалі толькі ў ВНУ, таму што кампетэнцыі вельмі складаныя і патрабуюць вялікага багажу ведаў”, — падкрэсліў, вітаючы беларускую каманду, міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Міхаіл Жураўкоў.
Паводле яго слоў, сёння ў рэспубліцы працуюць над тым, каб выпускнік вучылішча, каледжа, ліцэя меў не адну, а некалькі кампетэнцый і ў далейшым мог павысіць сваю кваліфікацыю. Міністр адзначыў, што свабодныя месцы ў прафесійна-тэхнічных установах краіны запаўняюцца. Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца спецыяльнасці аўтамабілебудавання, аўтамеханікі, аўтасэрвісу, кухарскай справы. Менш ахвотна абітурыенты падаюць дакументы ў вучылішчы лёгкай прамысловасці.
Міжнародная некамерцыйная асацыяцыя WorldSkills International аб’ядноўвае 72 краіны-ўдзельніцы, у якіх пражывае больш як 70 працэнтаў насельніцтва зямнога шара. Чэмпіянат WorldSkills International — гэта вядомае ва ўсім свеце і буйное спаборніцтва, у якім прымаюць удзел як маладыя кваліфікаваныя рабочыя, студэнты ўніверсітэтаў і каледжаў ва ўзросце да 22 гадоў, так і вядомыя прафесіяналы, спецыялісты, майстры вытворчага навучання і настаўнікі (у якасці экспертаў, якія ацэньваюць выкананне заданняў).
Першы адкрыты чэмпіянат WorldSkills СНД адбыўся 19—23 мая 2015 года ў Казані. У спаборніцтвах прынялі ўдзел 519 канкурсантаў, з іх 13 канкурсантаў з Марока, Ізраіля і Фінляндыі, 30 канкурсантаў з краін СНД (Беларусь, Казахстан), якія спаборнічалі ў 57 прафесіях розных сфер эканомікі: будаўнічай, інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій, творчасці і дызайну, прамысловай вытворчасці, сферы паслуг, абслугоўвання грамадскага транспарту.
Беларусь далучылася да руху WorldSkills у студзені 2014 года. У маі мінулага года (пасля спаборніцтваў у навучальных уста-новах і ў рэгіёнах) быў праведзены першы чэмпіянат WorldSkills Belarus. У ім узялі ўдзел больш як 150 канкурсантаў — прадстаўнікоў устаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі і работнікаў прадпрыемстваў па 20 прафесійных кампетэнцыях. Ацэньвалі ўдзельнікаў WorldSkills Belarus больш як 60 экспертаў — прадстаўнікоў вядучых арганізацый галін эканомікі і сістэмы адукацыі. Удзельнікі, якія занялі прызавыя месцы, былі ўзнагароджаны медалямі, дыпломамі і каштоўнымі падарункамі. Іх імёны ўнесены ў рэспубліканскі банк даных адоранай і таленавітай моладзі.
Сёлета на чэмпіянаце свету WorldSkills International-2015 у Сан-Паўлу (Бразілія) возьмуць удзел больш як 1,2 тысячы канкурсантаў з 63 краін, якія будуць весці барацьбу па 50 кампетэнцыях. Прадстаўнікі нашай краіны пазмагаюцца за першынство ў 15 кампетэнцыях, сярод якіх аўтамабільныя тэхналогіі, мехатроніка, мабільная робататэхніка, электроніка, кабельная сістэма інфармацыйнай сеткі, цырульніцкае, кулінарнае і кандытарскае майстэрства, рэстаранны сэрвіс, дызайн адзення і інш.

Падрыхтаваў
Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота БелТА.