Дайсці да кожнага настаўніка 

- 12:28Актуально, На парадку дня

Дыялогавая пляцоўка па абмеркаванні якасці вучэбных дапаможнікаў і семінар-нарада “Аб дзейнасці інстытутаў развіцця адукацыі” прайшлі на базе Гродзенскага абласнога ІРА.

—Трэба дайсці да кожнага настаўніка, кожны педагог павінен быць прафесіяналам, — адзначыў міністр адукацыі Андрэй Іванец падчас абмеркавання вучэбных дапаможнікаў па вучэбных прадметах “Гісторыя Беларусі”, “Сусветная гісторыя” і “Грамадазнаўства”. — Гэта важны сацыягуманітарны блок, і ад таго, наколькі мы карэктна, дакладна выверым вучэбныя дапаможнікі, залежыць, якія веды атрымаюць вучні ў нашых школах. Вельмі важна, што дыялогавая пляцоўка праходзіць сумесна з разглядам дзейнасці Гро­дзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Трэба не толькі напісаць добры падручнік, неабходна, каб настаўнік, які прыходзіць у клас, быў і прафесіяналам, і добрым метадыстам, псіхолагам, і, бе­зумоўна, разумеў, якую інфармацыю трэба данесці да навучэнцаў. Менавіта таму на разгляд удзельнікаў семінара-нарады вынесены шэраг пытанняў пад­рыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі педагогаў. 

Як падкрэсліла дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі Валянціна Гінчук, якасць адукацыі дасягаецца дзякуючы ўзаемадзеянню ўсіх суб’ектаў адукацыйнага працэсу. І на гэтую задачу сёння павінны працаваць усе:  распрацоўшчыкі навукова-метадычнага забеспячэння, педагогі, бацькі і тыя ўстановы, якія дапамагаюць настаўніку расці ў сваёй кампетэнтнасці, майстэрстве. Паміж Нацыянальным інстытутам адукацыі і Гродзенскім абласным інстытутам развіцця адукацыі наладжана канструктыўнае супрацоўніцтва ў вырашэнні пытанняў, звязаных з практычным прымяненнем навукова-метадычных распрацовак.

З мэтай павышэння якасці метадычнага суправаджэння педагагічных работнікаў і ў цэлым сістэмы дадатковай адукацыі дарослых у ГрАІРА плануецца распрацаваць шаблон праграмы прафесійнага развіцця педагога на год, апрабаваць яго на працягу наступнага навучальнага года і атрыманыя вынікі прадставіць у чэрвені 2023 года ў АПА.

— Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі ў канстэксце нашай рэгіянальнай сістэмы займаецца не толькі дадатковай адукацыяй дарослых, хаця гэты велізарны пласт работы з педагогамі з’яўляецца ключавым пунктам росту сістэмы, са­дзейнічае метадычнаму ўдасканаленню ўсіх катэгорый нашых работнікаў. На кожным кроку маладога настаўніка літаральна суправаджаюць вопытныя педагогі ГрАІРА. Вельмі важна, што інстытут своечасова ўключаецца ў вырашэнне самых злабадзённых праблем. Гэта структура, якую нельга замяніць, — расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык.

Дзейнасць Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі ў рамках мадэлі “Інстытут 4.0” прэзентавала рэктар ГрАІРА Святлана Сяргейка. 

Работа інстытута складаецца з чатырох працэсаў. Першы, адукацыйны, накіраваны на развіццё прафесійнай кампетэнтнасці педагагічных работнікаў рэгіёна на працягу ўсёй іх кар’еры. Штогод вядзецца навучанне больш чым па 200 праграмах дадатковай адукацыі, арганізоўваецца звыш 200 адукацыйных мерапрыемстваў, вучацца больш за 16 тысяч слухачоў. Асаблівасці адукацыйнага працэсу — практыкаарыентаванасць, аператыўнасць, варыятыўнасць.

Другі працэс мадэлі “Інстытут 4.0” — метадычнае суправаджэнне суб’ектаў адукацыі, у тым ліку профільных класаў, маладых педагогаў, эксперыментальнай і інавацыйнай работы. Адкрыты 54 рэсурсныя цэнтры. Немалаважныя і такія працэсы, як навуковая дзейнасць і камерцыялізацыя.

— Комплексная шматвектарная метадычная работа дазваляе сістэме адукацыі Гродзенскай вобласці займаць стабільна высокія пазіцыі ў розных конкурсах, фестывалях, выставах, рэйтынгах. Таксама інстытут сумесна з галоўным упраўленнем адукацыі аблвыканкама выпрацоўвае інавацыі, якія са­дзейнічаюць паляпшэнню якасці адукацыі не толькі нашага рэгіёна, — заўважыла Святлана Сяргейка. — Так, за апошнія два гады ўпершыню ў краіне створана віртуальная школа, у дыстанцыйным рэжыме стаў працаваць лагер “ПрафСтарт”, з’явіўся ўнікальны праект — школа бяспекі, арганізавана суправаджэнне настаўніцтва для педагогаў-псіхолагаў і педагогаў сацыяльных, створаны электронны рэсурс “Паспяховае бацькоўства” і абласная школа татаў “Давер”, сумесна з епархіямі Гродзенскай вобласці Беларускай Праваслаўнай Царквы заснаваны дзве прэміі імя Героя Беларусі мітрапаліта Філарэта.

За апошнія два гады ўпершыню ў краіне створана віртуальная школа, у дыстанцыйным рэжыме стаў працаваць лагер “ПрафСтарт”.

Міністр адукацыі падкрэсліў, што сумеснымі намаганнямі ўсе зацікаўленыя павінны забяспечыць сістэмную работу, пачынаючы са школ, раённых вучэбна-метадычных кабінетаў, далей абласных інстытутаў развіцця адукацыі і, безумоўна, Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Тут павінна быць поўнае адзінства падыходаў, а кожны інстытут развіцця адукацыі — мець сваю асаблівасць, пэўную спецыялізацыю. Такі вопыт можна трансліраваць на іншыя рэгіёны.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.