Самыя ініцыятыўныя і неабыякавыя да чужой бяды студэнты з розных рэгіёнаў Беларусі сабраліся разам у Рэспубліканскім маладзёжным цэнтры. Падчас круглага стала “На карысць людзей, на карысць Айчыны. Студэнцкія ініцыятывы, праекты, рэсурсы” яны расказалі, як ужо робяць ці яшчэ плануюць зрабіць жыццё тых, хто побач, больш яркім, насычаным і напоўненым сэнсам.
Сустрэча ладзілася ў межах праграмы супрацоўніцтва паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой, таму сярод ганаровых гасцей былі міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Андрэй Іванец, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веньямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, рэктары і студэнцкі актыў УВА.
— Адна з асноўных нашых задач не толькі адукацыйная, але і выхаваўчая. Духоўна-маральнае выхаванне, выкладанне традыцыйных сямейных каштоўнасцей — тая работа, якую мы праводзім, пачынаючы ад дзіцячых садкоў да ўстаноў вышэйшай адукацыі, — адзначыў міністр адукацыі Андрэй Іванец. — Дзейнічае факультатыў па духоўна-маральным, патрыятычным выхаванні для навучэнцаў 5—6-х класаў, а цяпер мы завяршаем распрацоўку адпаведных факультатываў і для старшакласнікаў. Студэнцкая моладзь таксама цікавіцца пытаннямі, якія тычацца духоўнага развіцця. Праекты, што рэалізуюць студэнты сумесна з Беларускай Праваслаўнай Царквой, выхоўваюць дабрыню, спачуванне, суперажыванне — якасці, уласцівыя беларусам. Сёння практычна ўсе нашы ўстановы вышэйшай адукацыі ўключаны ў гэтую работу.
Падрабязней пра свае сумесныя ініцыятывы расказалі і самі студэнты. Так, студэнты Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы прадставілі іх цэлы россып. Сярод іх — праект “Віртуальная Каложа”, дзякуючы якому можна трапіць у Каложскую царкву, адчуць атмасферу XII стагоддзя, зазірнуць у кожны куток і ўбачыць усё — ад аглядальнай пляцоўкі да ўнутранага ўбранства. Тут жа быў распрацаваны праваслаўны вэб-квест “Расток”, які студэнты плануюць апрабаваць на базе нядзельнай школы пры Свята-Пакроўскім саборы і сярэдняй школы № 32 Гродна. Не страчвае актуальнасці і сумесны праект філфака і Гродзенскай епархіі БПЦ “Калужскія чытанні”, хоць і праводзіцца ўжо 10 гадоў.
Юнакі Брэсцкага дзяржуніверсітэта расказалі пра сваю праграму супрацоўніцтва з Брэсцкай епархіяй БПЦ і пра свае рэлігійныя даследаванні. Студэнты ж БДУіР засяродзіліся на супрацоўніцтве ў дыджытал-сферы. Адным з яркіх праектаў сталі здымкі дакументальнага фільма “Сястра” (колькасць праглядаў у інтэрнэце ўжо перавысілі 85 тысяч). Тут жа рэалізуецца відэапраект, у межах якога карыстальнікі сацсетак задаюць свае пытанні святарам, створаны адпаведны Telegram-канал.
— Гэта наш пошук асяроддзя камунікацыі, дзе б інфармацыя максімальна ўспрымалася моладдзю, дзе можна было б гутарыць пра духоўныя каштоўнасці, пра праваслаўны светапогляд на зразумелай для моладзі мове, — дапоўніў выступленне студэнтаў рэктар БДУІР Вадзім Богуш.
Актыўна супрацоўнічае з БПЦ і БДМУ — з 1999 года. Тут рэалізуюцца праект “Навучанне асновам патранажнага догляду сясцёр міласэрнасці Свята-Елісавецінскага манастыра”, праект “Служэнне”, дзе студэнты расказваюць пра жыццё праваслаўных урачоў, і інш. Але візітоўка ўніверсітэта — валанцёрская дзейнасць. Тут функцыянуюць ажно 16 валанцёрскіх атрадаў. Так, удзельнікі аднаго з іх — “Залатое сэрца” — дапамагаюць пацыентам хоспіса, за што і сталі аднойчы пераможцамі рэспубліканскага конкурсу “Валанцёр года”.
Галоўнай падзеяй дня стала абмеркаванне ў фармаце адкрытага дыялогу перспектыў супрацоўніцтва ўстаноў вышэйшай адукацыі і Беларускай Праваслаўнай Царквы. Так, студэнты БНТУ прапанавалі наладзіць спецыяльныя экскурсіі для моладзі па святынях і памятных месцах Беларусі. Прычым яны б хацелі аб’ядноўвацца з іншымі студэнтамі, знаходзіць храмы з невялікімі прыходамі, разбіваць непадалёк палатачныя лагеры і сваімі сіламі прыводзіць храмы ў парадак, адначасова знаёмячыся са старажытнай культурай.
Студэнты Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта хацелі б зрабіць духоўныя семінарыі больш адкрытымі для іх равеснікаў, каб і семінарысты, і студэнты іншых УВА маглі падтрымліваць сувязі, даведвацца больш пра побыт і жыццё адно аднаго ці нават ладзіць сумесныя турніры па футболе. Былі і прапановы праводзіць стрымы ў сацсетках са святарамі, якія простай мовай адказвалі б на пытанні моладзі.
Абмеркаваўшы гэтыя і іншыя прапановы, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веньямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, адзначыў:
— У студэнтаў, акрамя вучобы, шмат часу занята пытаннямі культуры, спортам. Мы са свайго боку пастараліся акцэнтаваць увагу на духоўным складніку. Разам разглядаем розныя праекты, каб спыніцца на лепшых варыянтах і пашырыць іх. Усё тое, што робіцца сёння, радуе, натхняе, але яшчэ ёсць куды развівацца. Наперадзе шмат добрых спраў: валанцёрскі рух, вывучэнне гісторыі роднага краю, знаёмства з духоўнымі традыцыямі беларускага народа. Усе гэтыя праекты згуртуюць моладзь і зробяць жыццё насычаным і адухоўленым.
Андрэй Іванец: Адна з асноўных нашых задач не толькі адукацыйная, але і выхаваўчая.
У межах сустрэчы адбылася і ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў рэспубліканскага конкурсу сацыяльных маладзёжных праектаў “Моладзь Беларусі за жыццё, маральнасць і сямейныя каштоўнасці”, пераможцаў маладзёжнага конкурсу творчых работ “Чысціня слова — чысціня душы”, а таксама прадстаўнікоў міжнароднай Асацыяцыі выпускнікоў УВА ў Рэспубліцы Беларусь з нагоды 20-годдзя супрацоўніцтва з БПЦ. Акрамя таго, госці наведалі Міжнародную асацыяцыю выпускнікоў УВА ў Беларусі і азнаёміліся з экспазіцыямі праваслаўных калекцый Ірана, Палесціны, Лівана, Перу, В’етнама, а таксама з сацыяльнымі праектамі яе ўдзельнікаў “Дарогаю дабра”. Для ўсіх жадаючых былі арганізаваны майстар-класы ад Мінскай школы званароў, заслужанага майстра народных промыслаў Алы Аўсяннікавай і майстра народных промыслаў Ірыны Дзернакоўскай. Завяршыла мерапрыемства сумесная пасадка ўдзельнікамі сустрэчы сімвалічнага дрэва міру і дабра на тэрыторыі зялёнай зоны комплексу “Студэнцкая вёска”.
Паліна НОВІК.
Фота аўтара.





