Добрыя навагоднія традыцыі

- 11:45Актуально, Апошнія запісы, Нашы дзеці

Акцыя “Нашы дзеці” працягвае несці дабро і радасць. Яе галоўная ідэя — зрабіць так, каб навагодні настрой, атмасферу свята і цяпло блізкіх адчулі ўсе дзеці, нават калі знаходзяцца ў няпростых жыццёвых сітуацыях. Менавіта такія хлопчыкі выхоўваюцца ў Крывіцкім спецыяльным лячэбна-выхаваўчым прафесійна-тэхнічным вучылішчы закрытага тыпу. Установу ў рамках акцыі “Нашы дзеці” наведаў міністр адукацыі І.В.Карпенка. У святочным мерапрыемстве, якое ладзілася ў вучылішчы, таксама прынялі ўдзел рэктар РІПА В.М.Галубоўскі, рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка А.І.Жук і студэнты БДПУ.


Сёння ў Крывіцкім СЛВПТВ — 83 выхаванцы. Гэта юнакі ва ўзросце 12—17 гадоў, якія знаходзяцца ва ўстанове па рашэнні суда. Аднойчы яны зрабілі няправільны выбар у жыцці і цяпер пазбаўлены магчымасці сустракаць Новы год разам са сваімі сем’ямі, аднак не пазбаўлены магчымасці адчуць галоўнае — клопат і душэўнае цяпло. Менавіта гэта пастараліся даць ім ганаровыя госці, адрасаваўшы дзецям віншаванні і найлепшыя пажаданні.

— Сёння хочацца гаварыць і думаць пра добрае, пра планы і перспектывы, пра новыя ідэі, якія могуць стаць рэальнасцю. І я ўпэўнены, што ў вас ёсць такія перспектывы і магчымасці, нягледзячы на тое, што аднойчы вы аступіліся і трапілі сюды. Тут ёсць людзі, гатовыя вас падтрымаць і дапамагчы ўсё змяніць. Вы нашы добрыя дзеці, мы верым у вас, верым, што вы зможаце зрабіць правільны выбар у жыцці і стаць годнымі грамадзянамі нашай краіны, — звярнуўся да хлопцаў І.В.Карпенка. — Жадаю вам вялікага чалавечага шчасця і поспеху ва ўсіх пачынаннях.

Крывіцкае СЛВПТВ і яго навучэнцаў падтрымліваюць розныя сацыяльныя партнёры. Так, ужо некалькі гадоў установа супрацоўнічае з БДПУ імя Максіма Танка. Добрай традыцыяй сталі навагоднія сустрэчы ў вучылішчы.

І ў гэтым годзе творчыя калектывы педуніверсітэта падарылі навучэнцам і педагогам вучылішча канцэртную праграму. Свае нумары прадставілі танцавальны праект “Арт-юніці”, вакальны гурт “Модус”, спартыўная каманда “Лайфстайл”, гурт “Бай-сіці”. І, вядома, хлопцаў павіншавалі Дзед Мароз і Снягурка. Выхаванцы СЛВПТВ таксама парадавалі гасцей сваімі творчымі выступленнямі.

Традыцыяй для Крывіцкага СЛВПТВ становяцца і навагоднія сустрэчы з міністрам — у мінулым годзе І.В.Карпенка таксама браў удзел у навагоднім свяце ў Крывічах. Наогул, увага да ўстановы не знікае і на працягу ўсяго года, дзякуючы чаму вучылішча развіваецца, умовы для дзяцей становяцца лепшымі. Так, завяршаюцца вялікія рамонтныя работы, у выніку якіх будзе ўведзены ў эксплуатацыю медыцынскі корпус, новыя спальныя памяшканні. У Крывіцкім СЛВПТВ хлопцы атрымліваюць не толькі школьную адукацыю, але і прафесію слесара па рамонце аўтамабіляў, тынкоўшчыка і абліцоўшчыка-плітачніка — у вучылішчы ажыццяўляецца прафесійная падрыхтоўка па гэтых спецыяльнасцях. Ва ўстанове быў адкрыты клас прафесійнага майстэрства для правядзення прафарыентацыйнай работы. А ў гэтым годзе з’явілася новая вучэбна-вытворчая майстэрня з сучасным абсталяваннем.

Выхаванцы ўстановы, акрамя вучобы, займаюцца спортам, развіваюць свае творчыя здольнасці — займаюцца вакалам, асвойваюць розныя віды дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У гэтым годзе артыстызм і гумар хлопцаў быў высока ацэнены ў творчай акцыі КВЗ “Асенні марафон”, дзе каманда вучылішча перамагла. У планах кіраўніцтва — далейшая работа над развіццём установы. Тут імкнуцца стварыць такія ўмовы, каб кожны выхаванец убачыў, што ў яго ёсць шмат магчымасцей стаць годным чалавекам, і каб кожны гэтымі магчымасцямі скарыстаўся.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.