Дынамічныя гульні замест смартфонаў: вынікі першай чвэрці навучальнага года ўстаноў адукацыі Лельчыцкага раёна

- 14:16Планерка

Пра вынікі першай чвэрці навучальнага года і арганізацыю асенніх канікул карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказаў начальнік аддзела адукацыі Лельчыцкага райвыканкама Уладзімір Грыб.

— Канікулы прайшлі ярка. Для школьнікаў былі арганізаваны шматлікія мерапрыемствы, арыентаваныя на інтэлектуальнае, фізічнае, эмацыянальнае, сацыяльнае, духоўна-маральнае развіццё выхаванцаў, — адзначае Уладзі­мір Адамавіч. — Для навучэнцаў былі праведзены края­знаўчыя экскурсіі, пракладзены адукацыйныя маршруты да памятных мясцін і гістарычна значных аб’ектаў, арганізаваны прафарыентацыйныя сустрэчы. Ва ўсіх установах агульнай сярэдняй адукацыі былі адкрыты гульнявыя пляцоўкі. Працавалі спартыўныя залы, камп’ютарныя класы, бібліятэкі. На базе Лельчыцкай раённай гімназіі імя І.А.Коласа прайшоў фестываль здаровага ладу жыцця “PRO-ЗДАРОЎЕ”, былі арганізаваны тэматычныя дыскатэкі. Актыўная работа праводзілася валанцёрскімі атрадамі ў межах акцыі “Зрабі добрую справу”.

Падчас канікул у раёне дзейнічалі 6 аздараўленчых лагераў для 140 навучэнцаў на базе гімназіі і сярэдніх школ №№ 1 і 2 Лельчыц, Бараўской, Глушкавіцкай і Буйнавіцкай сярэдніх школ. Асаблівая ўвага была ўдзелена дзецям, якія знаходзяцца на ўсіх відах уліку, дзецям з нядобранадзейных, малазабяспечаных і мнагадзетных сем’яў.

У дзвюх установах адукацыі — у гімназіі і сярэдняй школе № 1 Лельчыц — для 100 навучэнцаў былі арганізаваны праекты па другаснай занятасці. Школьнікі мелі магчымасць з карысцю правесці вольны час і зарабіць грошы. Так, у гімназіі навучэнцы працавалі ў бібліятэцы, а таксама займаліся добраўпарадкаваннем прылеглай тэрыторыі.

— Уладзімір Адамавіч, чым адметная для сістэмы адукацыі раёна першая вучэбная чвэрць?

— Яна была змястоўнай і багатай на падзеі, цікавыя мерапрыемствы, заслужаныя перамогі. 12 устаноў адукацыі раёна прайшлі акрэдытацыю на адпаведнасць заяўленаму віду дзейнасці. У верасні мы актыўна рыхтаваліся да абласнога фестывалю “Дажынкі”. Нашы ўстановы адукацыі былі задзейнічаны ў арганізацыі выстаў, стварэнні фотазон, якія разгарнуліся на тэрыторыі парку.

Асаблівую цікавасць у гасцей і жыхароў Лельчыц на “Дажынках” выклікала выстава караваяў — сапраўдных узораў мастацтва, якія спяклі нашы педагогі і тэхнічныя работнікі.

Пачаў актыўную работу ваенна-патрыятычны клуб “Доблесць-Лельчыцы”, які дзейнічае на базе ўстаноў адукацыі раёна. Праграма работы клуба спалучае ваен­ныя дысцыпліны і фізічную падрыхтоўку, мерапрыемствы па грамадзянска-патрыятычным, духоўна-маральным і сямейна-бытавым выхаванні дзяцей і падлеткаў. Так, на базе лельчыцкай сярэдняй школы № 1 клубаўцы сустрэліся са сваімі настаўнікамі — байцамі атрада спецыяльнага прызначэння “Тарнада” з вайсковай часці 3310. Пад кіраўніцтвам вайскоўцаў яны асвойвалі тэхніку выканання розных фізічных прак­тыкаванняў, накіраваных на развіццё сілы, вынослі­васці і каардынацыі.

Не першы год у дзіцячым садзе № 4 Лельчыц рэалізуецца праект “Юны патрыёт”. Выхаванцы дзіцячага сада, у якіх ёсць і свая прыгожая форма, і атрыбутыка, з юных гадоў вучацца цаніць гісторыю і паважаць традыцыі свайго народа. У верасні прайшла ўрачыстая цырымонія пасвячэння дзяцей у выхаванцы патрыятычнай групы. Юныя патрыёты прымаюць актыўны ўдзел ва ўсіх раённых акцыях і мерапрыемствах, у тым ліку ў рамках супрацоўніцтва сада з лельчыцкай сярэдняй школай № 1, якая атрымала статус “Школа міру”.

Парадавалі сваімі поспехамі і нашы школьнікі. Так, на абласных спаборніцтвах па тэнісе навучэнцы раё­на занялі 1-е месца. Навучэнец Маркаўскай базавай школы Максім Навіцкі заваяваў дыплом ІІ ступені ў абласной экалагічнай акцыі “Дзень без аўтамабіля”. Навучэнец Лельчыцкага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Уладзімір Палуянаў удастоены дыплома І ступені ў адкрытым першынстве Гомельскай вобласці па турыстычна-прыкладным мнагаборстве ў тэхніцы веласіпеднага турызму.

Пытанням прафесійнага росту педагогаў, удасканалення іх майстэрства ў раёне ўдзяляецца вялікая ўвага. У новым навучальным годзе нашы педагогі актыўна ўключыліся ў рэалізацыю двух інавацыйных праектаў.

Ніводнага звароту бацькоў наконт забароны выкарыстання мабільных тэлефонаў з пачатку новага навучальнага года да нас не паступала. Гэта тлумачыцца тым, што яшчэ ў мінулым годзе была праведзена шырокая растлумачальная работа з бацькамі і навучэнцамі. Аддзелам адукацыі былі ініцыіраваны акцыі “Дзень без тэлефона” ў красавіку, “Тыдзень без тэлефона” ў маі, падчас якіх распаўсюджваліся буклеты, памяткі аб шкодзе мабільных тэлефонаў, таму з верасня гэта не стала для вучняў нечаканасцю.

Дзеці раніцай пакідаюць свае тэлефоны ў індывідуальных скрынках-ячэйках, якія настаўнік, што праводзіць першы ўрок, змяшчае ў спецыяльную шафку, і забіраюць іх пасля заканчэння ўсіх вучэбных заняткаў — іх выдае педагог, які право­дзіў апошні ўрок у раскладзе. У кожнай установе вызначаны адказныя за захаванасць мабільных прылад. Пры неабходнасці з бацькамі можна звязацца праз класнага кіраўніка ці дзяжурнага настаўніка. Практыка паказвае, што прыкладна 30% школьнікаў увогуле перасталі насіць ва ўстанову адукацыі мабільныя тэлефоны.

Узамен навучэнцам на працягу дня прапанаваны разнастайныя віды дзейнасці: шахматна-­шашачныя турніры, настольны тэніс, рухавыя гульні. Да таго ж навучэнцы ўспомнілі, што такое гульні на свежым паветры. Перапынкі ва ўстановах адукацыі сталі больш цікавымі, дынамічнымі, дзеці з задавальненнем узаемадзейнічаюць адно з адным.

— Класы якой прафесійнай накіраванасці дзейнічаюць у раёне сёлета?

— Нашы навучэнцы не проста вывучаюць профільныя прадметы на павышаным узроўні, а робяць гэта з прывязкай да канкрэтнай прафесіі, запатрабаванай на рынку працы. У бягучым навучальным годзе ў раёне працуюць класы педагагічнай (сярэдняя школа № 2 Лельчыц імя М.Д.Некрашэвіча і Лельчыцкая раённая гімназія імя І.А.Коласа), аграрнай (Сіманіцкая сярэдняя школа), інжынернай (Лельчыцкая раённая гімназія імя І.А.Коласа) накіраванасці. Плануем на базе гімназіі ў супрацоўніцтве з Гомельскім дзяржаўным медыцынскім універсітэтам адкрыць медыцынскі клас, бо штогод амаль 20% яе выпускнікоў выбіраюць медыцынскія спецыяльнасці.

Магчымасць асвоіць прафесію дзеці маюць і на ўроках працоўнага навучання. У гэтым кірунку мы ўзаемадзейнічаем з нашым каледжам.

Старшакласнікі атрымліваюць прафесіі кухара, тынкоўшчыка, агародніка, слесара па рамонце аўта­мабіляў, а сёлета яшчэ і вадзіцеля сельскагаспадарчай тэхнікі.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота Надзеі ЦЕРАХАВАЙ