Дзіцячы сад № 1 Воранава — выдатны прыклад развіццёвай прасторы, дзе дашкольнікаў у гульнявой і займальнай форме знаёмяць са светам прафесій і нацыянальнай культурай. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Кампактная тэрыторыя ўстановы ўражвае багаццем арыгінальных пляцовак. Пераходзячы ад аднаго ўчастка для прагулак дзяцей да іншага, тут фактычна можна скласці маршрут знаёмства з многімі прафесіямі. На адных пляцоўках знайшлі сваё месца магазін і кафэ, аформленыя ў той жа колеравай гаме, што і сапраўдныя ў гарадскім пасёлку. На іншых — стылізаванае пад аўтамабілі ратавальнікаў гульнявое надворнае абсталяванне, якое дапамагае малым уявіць сябе і вадзіцелямі, і пажарнымі.
— У мінулым годзе новай тэрыторыяй актыўнасці для дашкольнікаў стала “Алімпійская вёска” з цікавай паласой перашкод і атрыбутыкай розных відаў спорту, — знаёміць з установай намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Кацярына Русіновіч.

Гэтыя лакацыі асабліва запатрабаваны ў цёплы час года, але нямала і ўсесезонных. Вялікай папулярнасцю карыстаецца пляцоўка пад навесам “Беларуская хатка”, дзе ўзноўлены атрыбуты сялянскага побыту і каларыт народных свят.

Цікавая пляцоўка даўно стала папулярным месцам для правядзення гульняў патрыятычнай накіраванасці і тэматычных заняткаў з нацыянальным акцэнтам.

Ужо другі год адметнасцю дзіцячага сада з’яўляецца пляцоўка, на якой дзеці знаёмяцца з прадметамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і могуць паспрабаваць сябе ў ролі рамеснікаў: змайстраваць сувеніры з саломы і, ужо ў якасці прадаўцоў, прапанаваць аднагодкам абмяняць іх на іншыя.

Тэма беларускай культуры працягваецца і ў афармленні ўнутраных памяшканняў. Куток “Беларуская мотанка” знаёміць з майстэрствам вырабу народных лялек, а сучасныя лялькі ў гэтым кутку апрануты ў нацыянальныя строі. Насупраць харчаблока тэматычны стэнд прадстаўляе стравы народнай кухні, а ля самага ўвахода наведвальнiкаў сустракае “картатэка” традыцыйных арнаментаў.

Да кожнага вышытага крыжыкам сімвала — кароткае тлумачэнне значэння, да таго ж з актыўнымі QR-кодамі.
— Нашы педагогі стараюцца выкарыстоўваць кожны куток прасторы з максімальнай карысцю. У адным з холаў у гэтым навучальным годзе заняла сваё месца інтэрактыўная карта Гродзенскай вобласці. З яе дапамогай падчас заняткаў дзеці знаёмяцца з асаблівасцямі нацыянальнага касцюма ў розных раёнах, са славутасцямі і прамысловасцю рэгіёна. Наглядныя матэрыялы для заняткаў структураваны ў асобныя тэматычныя папкі, што робіць працу педагогаў максімальна зручнай, — працягвае экскурсію Кацярына Антонаўна.
У рамках праекта “Прафесіі Воранаўшчыны” ва ўстанове распрацавалі наглядны макет райцэнтра з дакладным размяшчэннем школы, магазіна, пошты, бальніцы. Гэта не проста дапаможнік, але яшчэ і платформа для заняткаў па развіцці алгарытмічнага мыслення. З дапамогай робататэхнічнага набору Matatalab дзеці праграмуюць робата — пакрокава задаюць яго маршрут.

— Як толькі робат дабіраецца па вызначаным адрасе, прапануем дзецям работу з гексамі. З такіх “пазлаў” яны фарміруюць найбольш поўную карціну прадстаўленых у дзіцячым садзе прафесій. Акрамя відавочнага “выхавальнік”, дашкольнікі выбіраюць гексы “кіраўнік фізвыхавання”, “музычны работнік”, “дэфектолаг”, “кухар”, “медыцынская сястра”, — гаворыць Кацярына Русіновіч.
Падчас незвычайных прагулак па гарадскім пасёлку выхаванцы замацоўваюць і навыкі бяспекі дарожнага руху: робат можа перасякаць вуліцу толькі па пешаходным пераходзе.
Тэму знаёмства з прафесіямі педагогі працягваюць і ў іншых інтэрактыўных формах. Дзеці спрабуюць сябе нават у ролі тэлевядучых. Яны становяцца галоўнымі ўдзельнікамі невялікіх сюжэтаў для дзіцячых “відэанавін”. Апошні такі сюжэт рыхтавалі для ўдзелу ў фестывалі “Бяспечнае дзяцінства”. З вынікам работы — ролікам а-ля выпуск праграмы “Надзвычайнае здарэнне” — занялі 1-е месца ў раёне.
— Актыўна звяртаемся і да сучасных інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Для спецыяльнага інтэрактыўнага стала педагогі распрацавалі тэматычныя гульні, напрыклад, “Наша бальніца”, якая дазваляе суаднесці карцінкі і факты з сутнасцю работы ўрача і не толькі, — працягвае аповед намеснік загадчыка.

Ганарацца ва ўстанове і іншымі ідэямі. Для рэалізацыі мерапрыемстваў грамадзянска-патрыятычнага блока распрацавалі дапаможнік пра Брэсцкую крэпасць-герой у форме скрайбінгу (складаная інфармацыя тут візуалізавана ў выглядзе простых малюнкаў, сімвалаў і схем). Аналагічныя па форме падачы матэрыялы прадстаўлены ў тым ліку па ўсіх абласцях Беларусі. Пасля падобных віртуальных падарожжаў па Сінявокай дзецям прапануюць ажыццявіць ужо рэальныя, сумесна з бацькамі. У сем’ях выхаванцаў пасля такіх паездак ствараюць тэматычныя трэвел-букі. І такі вынік сумеснай работы становіцца свайго роду рэкламай цікавых месцаў падчас заняткаў з дашкольнікамі.
— Навучыць любіць Беларусь можна толькі сваім прыкладам. У нашай установе гэтаму спрыяе сама атмасфера, — дадае суразмоўніца.
Нават святочнае афармленне дзіцячага сада нярэдка мае беларускія акцэнты. У мінулым годзе вокны будынка да навагодніх свят упрыгожвалі вялікія папяровыя шары, у цэнтры якіх — контуры найбольш вядомых славутасцей краіны. Сёлета ж і ўнутранае, і знешняе ўбранне створана паводле казкі “Снежная каралева”.
— Усім калектывам для нашых выхаванцаў — сёння ў нас іх 74 — імкнёмся стварыць унікальнае ўтульнае асяроддзе, дзе дзеці атрымліваюць разнастайную інфармацыю пра сваю краіну і багаты свет прафесій. Такі падыход дазваляе закласці трывалы фундамент для свядомага выбару выхаванцамі сваёй будучыні і спрыяе выхаванню патрыётаў, — падсумоўвае Кацярына Русіновіч.
Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара





