Эксклюзіў з водарам мяты: у школе № 4 Паставаў распрацавалі тэхналогію вырабу паперы з адходаў расліннай сыравіны

- 9:00Витебская область, Главная, Новости

У сярэдняй школе № 4 Паставаў імя В.Ф.Франтова навучыліся вырабляць паперу з крапівы, мяты і іншай расліннай сыравіны. Чаму ўзяліся за незвычайную справу, як працуе школьнае навуковае таварыства і якія перспектывы ў распрацоўкі, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце настаўніца хіміі Таццяна Данілевіч.

— Таццяна Ананьеўна, па вашых назіраннях, ці здольны школьнік ацаніць важнасць уласнай даследчай дзейнасці ў доўгатэрміновай перспектыве?

— Неадназначна. Так, калі вучань захоплены прадметам і, што яшчэ найлепш, выразна бачыць карысць прымянення свайго даследавання, яго матывуе вынік. Таксама так, калі мець на ўвазе канкрэтную мэту: перамогу ў конкурсе, узнагароджанне, удзел у адукацыйнай змене Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, бонусы пры паступленні ва ўніверсітэт. Але, зразумела, не ўсе даследчыя работы адзначаюцца дыпломамі і не ўсе яны вырашальныя ў прафесійным самавызначэнні. Іншае важней — тая самая функцыянальная дасведчанасць, якая фарміруецца і развіваецца ў працэсе работы над праектам. Над гэтым вучань наўрад ці задумваецца і сістэмна ўсведамляе, гэта справа нас­таўнікаў. У прыватнасці, апошнім часам прасочваецца тэндэнцыя зніжэння камунікатыўных навыкаў навучэнцаў. Пакаленню з мабільнымі тэлефонамі цяжка выкладаць свае думкі, будаваць поўны адказ, адказваць на пытанні, не кажучы пра тое, каб весці дыялог.

Падрыхтоўка да абароны і само публічнае выступленне часта дапамагаюць дзецям раскрыцца, пераадолець псіхалагічны бар’ер, навучыцца правільна прэзентаваць даследаванне і пераконваць слухачоў.

Практыка паказвае, што юным даследчыкам потым прасцей здаваць вусныя ўнутраныя экзамены ва УВА. Ім лягчэй пісаць і абара­няць курсавыя, дыпломныя праек­ты, і яны працягваюць займацца навукова-даследчай дзейнасцю ў студэнцкія гады.

— Істотная роля ў падрыхтоўцы юнага даследчыка належыць школьнаму навуковаму таварыству. У вас яно дзейнічае?

Вельмі актыўна. Школьнае навуковае таварыства называецца “Крыніца”, у яго ўваходзяць пяць секцый. Вучні пачатковых класаў пад кіраўніцтвам настаўнікаў робяць першыя крокі ў “Крынічцы”. Далей ідзе размеркаванне па даследчых інтарэсах: ёсць гісторыка-краязнаўчая “Альтанка”, інфармацыйна-матэматычная “Кібернетыка”, лінгвістычны Exsplorer club, прыродазнаўчая “Эра”. Наша школа з’яўляецца раённым рэсурсным цэнтрам па развіцці даследчых кампетэнцый навучэнцаў. З гэтага навучальнага года мы ўдзель­нічаем у абласным творчым праекце “Фарміраванне функцыянальнай дасведчанасці наву­чэнцаў праз укараненне тэхналогіі даследчай дзейнасці”.

— Яркі паказчык эфектыўнасці работы: на абласным этапе “100 ідэй для Белару­сі” ваша вучаніца Мілана Храпавіцкая пакарыла журы ці­кавым праектам…

— У сучасных рэаліях надзвычай востра стаіць пытанне замены пластыкавай упакоўкі папяровай. Гэта звязана з тым, што ўжо цяпер наша планета страшна забруджана такімі адходамі. Але ў павелічэнні вытворчасці паперы зноў жа тоіцца небяспека, бо яно дыктуе рост плошчы высечаных лясных масіваў. Таму актуальны пошук новай сыравіны, якая падыдзе для прамысловай вытворчасці паперы, будзе таннай і ёсць у вялікай колькасці. У ходзе работы над праектам мы з Міланай вырабілі араматызаваную ўпаковачную паперу шляхам асаджэння папярэдне дыспергаваных валокнаў расліннага матэрыялу. Акрамя таго, захацелі праверыць ідэю вучаніцы, што такая папера можа захоўваць прыемны водар раслін, з якіх яна створана. Гіпотэза, дарэчы, пацвердзілася.

— З чаго стваралі незвычайную паперу?

— Найперш шукалі любую інфармацыю аб аналагічнай вытворчасці. Знайшлі, што ў школе на Піншчыне зрабілі паперу з трыснягу. Тэхналогія здавалася зразумелай, пакуль не дайшло да практыкі. Тут перад намі паўстала безліч пытанняў, бо параметры працэсу мы ўяўлялі толькі прыблізна. Напрыклад, колькі спатрэбіцца расліннага матэрыялу і шчолаку для варкі? Якая сыравіна лепш падыхо­дзіць: высушаная ці свежая? Гатовае прамывалі, прасавалі, сушылі.

Шляхам шматлікіх эксперыментаў, проб і памылак склалі сваю методыку і потым па ёй варылі паперу. Выбралі распаўсюджаныя расліны з высокім утрыманнем цэлюлозы, якія раней не выкарыстоўваліся для вырабу паперы.

Адразу нашу ўвагу прыцягнула мята, бо хацелася мець на выхадзе араматызаваны прадукт. У ідэальным варыянце, каб вынайсці ўпакоўку для прадукцыі таго ж тыпу. Напрыклад, калі папера з мятным водарам — прапанаваць упакоўваць у яе раслінны збор, чай з мятай ці мятны алей. Або тыя ж букеты араматызаваныя рабіць, каб упаковачная папера дыхала мятнай свежасцю. У халодны сезон эксперыментавалі з нарыхтаванай замарожанай і высушанай мятай, летам — са свежай.

— Як вынікі?

— Цудоўна атрымалася. Хочацца адзначыць, што, канечне, папера са свежай сыравіны больш якасная і мае мацнейшы водар. А потым мы пачалі развіваць праект далей. Паспрабавалі варыць паперу з крапівы — між іншым тая ўтрымлівае яшчэ больш цэлюлозы. Таксама атрымаўся арыгінальны прадукт з прыемным тонкім травяністым водарам. Потым крыху стаміліся, таму ўзяліся ва­рыць бульбу. Гэта жартам, насамрэч ідэя была пра паперу з бульбянога бац­віння. Яно ж поўнасцю трапляе ў адходы, нідзе не выкарыстоўваецца. Нацэліліся на ўпакоўку для чыпсаў. Паперу атрымалі, аднак падчас даследаванняў высветлілі, што наш выраб утрымлівае небяспечны саланін. Аказваецца, ён пры варцы ў шчолаку не разбураецца. Таму рэкамендацыя — выкарыстоўваць выключна для тэхнічных мэт. Апошні за мінулы год эксперымент мы паставілі ўвосень з кукурузай. Самая лепшая папера атрымалася менавіта з яе — прыгожая, шаўкавістая навобмацак і мае пазнавальны прыемны водар.

— Ці прымянялі дзе-небудзь сваё вынаходства?

— У нас сапраўдныя патрыёты растуць, ганаруся нашымі вучнямі. А яны ўдзячны роднай школе. Мілана, калі зайшла размова пра практычнае прымяненне першай партыі паперы, катэгарычна сказала: “Перш за ўсё на ёй павінны быць візітоўкі нашай установы адукацыі. У экастылі, эксклюзіўныя, прыгожыя”. Так мы і зрабі­лі. Потым увасобілі задуму, якую абмяркоўвалі яшчэ на старце: упакавалі ў мятную паперу адпаведны чай. Вельмі ўдалы маркетынгавы ход, як нам бачыцца. Пасля падпісалі акт укаранення і ў дамоўленасці са службай жыллёва-­камунальнай гаспадаркі на яе інфармацыйных стэндах размясцілі лістоўкі “Мятная папера: міф або рэальнасць?”. Ідэя пайшла ў народ, пра нас даведаліся і зацікаві­ліся. З даследчай работай Мілана выступіла на традыцыйнай раённай канферэнцыі навучэнцаў “Глорыя”, яе ўзнагародзілі дыпломам ІІ ступені. Такі ж дыплом вучаніца атрымала на абласной “Эўрыцы”. І перамагла на абласным этапе конкурсу эколага-біялагічных работ. Пуцёўка ў фінал “100 ідэй для Беларусі” — гэта прызнанне, якое натхняе на працяг. Новы нап­рамак падказала адна з экспертаў пры знаёмстве з праектам: “Калі б у мяне быў свой рэстаран, я абавязкова заказала б у вас партыю такой паперы для сурвэтак”.

Мы задумаліся над стварэннем школьнай бізнес-кампаніі. Зараз яшчэ раз дэталёва пралічваем эканамічную мэтазгоднасць. Па папярэдніх разліках, выгадна. У параўнанні з гідролізнай папяровай вытворчасцю выдаткі электраэнергіі і вады адназначна меншыя.

— Мілана вучыцца ў 11 класе. Куды збіраецца пасту­паць пасля заканчэння школы?

— Універсітэт выбрала галоўны ў краіне — БДУ. Наконт факультэта пакуль вагаецца, таму што і хімія, і біялогія прывабліваюць. Яна з 7 класа цвёрда нацэлілася на хіміка-біялагічны профіль, паспяхова ўдзельнічала ў алімпіядах па гэтых прадметах і ў змене Нацыя­нальнага дзіцячага тэхнапарка. У цяперашні час там жа займаецца дыстанцыйна яшчэ адным праектам па “зялёнай хіміі”. Выдатны арыенцір для сяброў па школе. Малодшыя навучэнцы на яе гля­дзяць, а ў вачах гарыць жаданне аднойчы пераўзысці планку.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота прадастаўлена сярэдняй школай № 4 Паставаў імя В.Ф.Франтова