Гарачае супрацьстаянне ў халоднай справе

- 12:01Прафесійна-тэхнічная адукацыя

Машыністы халадзільных установак працуюць з холадам, аднак падчас іх прафесійнага супрацьстаяння было вельмі горача. Менавіта ў такой атмасферы праходзіў конкурс прафесійнага майстэрства “Лепшы па прафесіі” па кваліфікацыі “машыніст халадзільных установак”. Такое спаборніцтва ў нашай краіне адбылося ўпершыню. 

Ідэя правядзення конкурсу з’явілася дзякуючы цеснаму ўзаемадзеянню паміж установамі адукацыі “халоднага профілю”. 

“У каледжы дзейнічае рэсурсны цэнтр па падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі рабочых і спецыялістаў для прадпрыемстваў халадзільнай галіны, — расказвае дырэктар Мінскага дзяржаўнага механіка-тэхналагічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа Святлана Васільеўна Андрэева. — У 2019 годзе рэсурсны цэнтр быў мадэрнізаваны і дааснашчаны сучасным абсталяваннем. У мінулым годзе мы пачалі сеткавую падрыхтоўку. Па веды ў рэсурсны цэнтр прыходзілі не толькі нашы навучэнцы, але і прадстаўнікі ўстаноў адукацыі, якія вядуць падрыхтоўку па адпаведных кваліфікацыях, з Пінска, Слуцка, Маладзечна, Оршы. У выніку актывізаваліся зносіны з педагагічнымі калектывамі, кіраўніцтвам гэтых устаноў адукацыі. І паступова нарадзілася ідэя правесці конкурс прафесійнага майстэрства. Гэта цудоўная магчымасць паглядзець і ацаніць, як вядзецца падрыхтоўка кадраў, а таксама абмяняцца вопытам работы”.

Ідэю правядзення конкурсу падтрымаў і ключавы сацыяльны партнёр каледжа — Асацыяцыя прадпрыемстваў індустрыі мікраклімату і холаду. Дырэктар асацыяцыі Аляксандр Рыгоравіч Бамбіза падкрэслівае, што сёння індустрыі холаду патрэбны моцныя кадры. 

“Холад патрэбны паўсюль — у сельскай гаспадарцы, прамысловасці, гандлёвых арганізацыях. І сёння гэтая галіна ва ўсім свеце імкліва развіваецца і мяняецца: з’яўляюцца новая энерганасычаная тэхніка, шмат аўтаматыкі. Працаваць з такой тэхнікай з ведамі, атрыманымі некалькі дзесяцігоддзяў назад, нельга. Акрамя таго, у хуткім часе мы, як і ўвесь свет, будзем пераходзіць на новыя віды холадагентаў, а гэта значыць, што з’явіцца прынцыпова новае абсталяванне. Новаму пакаленню халадзільшчыкаў давядзецца перабудоўваць усю халадзільную галіну нашай краіны. Таму проста неабходна, каб у галіну траплялі светлыя розумы і працавітыя рукі. Неабходна рыхтаваць кадры новай фармацыі. І, канечне, гэтаму вельмі спрыяюць і сеткавае навучанне, і прафесійныя конкурсы, якія дазваляюць пашыраць сучасныя веды, папулярызаваць прафесію і прыцягваць у галіну таленавітую моладзь”. — мяркуе Аляксандр Бамбіза. 

Удзел у конкурсе ўзялі 4 навучальныя ўстановы, у склад каманд уваходзілі па 2 чалавекі. Свае каманды на конкурс прадставілі Мінскі дзяржаўны механіка-тэхналагічны прафесійна-тэхнічны каледж, які і стаў пляцоўкай правядзення конкурсу, Аршанскі дзяржаўны каледж харчавання, Іўеўскі дзяржаўны сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй, філіял РІПА Маладзечанскі дзяржаўны політэхнічны каледж. Усе ўдзельнікі атрымліваюць прафесійна-тэхнічную адукацыю па кваліфікацыі “машыніст халадзільных установак”. 

Конкурс праходзіў у тры туры. Першы — тэарэтычны — патрабаваў глыбокага і ўсебаковага ведання прафесіі. З якіх элементаў складаецца паракампрэсійная халадзільная машына? Навошта патрэбна драселіруючае абсталяванне ці дрэнажны рэсівер? Без чаго халадзільная машына не можа працаваць? Каб адказаць на ўсе пытанні, удзельнікам патрэбны былі грунтоўныя веды. 

У другім туры канкурсантаў чакала практычнае заданне — трэба было заправіць бытавы халадзільнік. Трэці тур таксама быў практычны. Неабходна было па чарцяжы з трубы вырабіць змеявік-выпарнік. З простай прамой меднай трубы павінна была атрымацца трохузроўневая арыгінальная канструкцыя. Для гэтага ўдзельнікам спатрэбіліся трубагіб, трубарасшыральнік, злучальныя разьбовыя штуцары, а таксама прасторавае мысленне і трывалыя прафесійныя навыкі. Чарцяжы для конкурсу былі ўзяты з расійскага чэмпіянату WorldSkills мінулага года. 

Пераможцаў вызначылі ў кожным конкурсным заданні, а таксама ў агульным камандным заліку. Лідарамі на ўсіх конкурсных этапах былі навучэнцы Мінскага дзяржаўнага механіка-тэхналагічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа. Максім Церашкоў стаў пераможцам тэарэтычнага этапу, а таксама лепшым у запраўцы халадзільніка. Аляксандр Пашэвіч быў наймацнейшым у мантажы трубаправода. У выніку каманда Мінскага дзяржаўнага механіка-тэхналагічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа ўпэўнена заняла 1-е месца. 

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.