Cёлета прыём дакументаў ажыццяўляюць 49 устаноў вышэйшай адукацыі, з іх 42 дзяржаўныя і 7 прыватных. На першую ступень запланавана прыняць 54,7 тысячы чалавек (на 1% больш за план прыёму мінулага года).
На бюджэтнае навучанне плануецца залічыць 26,6 тысячы чалавек, што на 0,7% больш за план прыёму 2018 года. Колькасць месцаў павялічана на дзённай форме за кошт медыцынскіх, IT-спецыяльнасцей, а таксама спецыяльнасцей фізічнай культуры і спорту. На завочнай форме прыём зменшаны на 3,4%.
На платнай аснове запланавана прыняць 28,2 тысячы чалавек, што на 1,2% перавышае леташні план прыёму. Набор павялічваецца на дзённай форме за кошт IT-спецыяльнасцей і спецыяльнасцей фізічнай культуры і спорту. Колькасць месцаў на завочнай форме скарачаецца на 0,8%.
Прыём дакументаў на бюджэтныя месцы, а таксама на платную форму навучання (пры ўмове здачы ўнутраных уступных выпрабаванняў), пройдзе з 12 па 17 ліпеня, для выпускнікоў педагагічных класаў — з 12 па 14 ліпеня. Прыём дакументаў на платнае навучанне — з 12 ліпеня па 4 жніўня (у сілавыя ўстановы вышэйшай адукацыі — з 12 па 31 ліпеня).
Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.