Пакідаючы пасля заканчэння Слуцкае прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 97 і накіроўваючыся працаваць на завод, юная Ала Матусевіч і падумаць не магла, што ў хуткім часе ўжо ў іншай ролі вернецца ва ўстанову адукацыі і стане часткай яе гісторыі. А здарылася ўсё менавіта так. І ўжо 36 гадоў Ала Мікалаеўна працуе ў Слуцкім дзяржаўным каледжы намеснікам дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце.
Ала Мікалаеўна атрымала добрую закалку падчас работы на заводзе ў Маладзечне. Спачатку працавала апаратчыцай, а потым адчула, што здольная на большае, і паступіла ў Адэскі тэхналагічны інстытут. Вярнулася на прадпрыемства ўжо інжынерам-тэхнолагам і хутка ўзнімалася па кар’ернай лесвіцы дзякуючы працавітасці, дасведчанасці і актыўнасці. Аднойчы на завод прыехаў майстар са Слуцкага вучылішча, дзе якраз быў патрэбен намеснік дырэктара. Выпадковая сустрэча з земляком — і вось праз некаторы час Ала Мікалаеўна ўжо сядзела ў кабінеце дырэктара вучылішча. Браніслаў Рыгоравіч Блахін, які тады займаў гэтую пасаду, быў кіраўніком дальнабачным і праніклівым, да падбору кадраў адносіўся вельмі строга і ніколі на работу не браў выпадковых людзей. Не памыліўся ён і на гэты раз. Адразу разгледзеў у Але Матусевіч неабходныя якасці, вялікі патэнцыял — і ў хуткім часе ў вучылішчы з’явіўся новы намеснік дырэктара. Галоўная задача намесніка дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце сёння — арганізацыя вучэбнага працэсу. Такая кароткая фраза, а стаіць за ёй так многа. Усе ў каледжы працуюць дзеля адной агульнай галоўнай мэты — падрыхтаваць такія кадры, якімі ўстанова магла б ганарыцца, гэта значыць выпускаць спецыялістаў высокакваліфікаваных, якія б працавалі ўмела, плённа, добрасумленна. Задача Алы Мікалаеўны — стварыць умовы, каб гэтага можна было дасягнуць. А гэта прадугледжвае работу з педагогамі, дзецьмі, сувязь з прадпрыемствамі, паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы і многае іншае.
Зерне нават самага лепшага сорту не дасць ураджаю, калі не пасадзіць яго ў добрую глебу. Так і з педагогамі, майстрамі вытворчага навучання — ім патрэбны пэўныя ўмовы, каб іх здольнасці раскрываліся найбольш поўна. І такія аптымальныя ўмовы ў каледжы створаны: кабінеты, прэпаратарскія, лабараторыі, рэсурсны цэнтр, неабходнае абсталяванне, вучэбна-метадычныя комплексы. Ала Мікалаеўна клапоціцца, каб у супрацоўнікаў каледжа было ўсё, што можа ім спатрэбіцца на занятках. І гэта дае свае вынікі. Педагогі і майстры сапраўды працуюць творча і з натхненнем: асвойваюць новыя педагагічныя тэхналогіі і прыстасаванні, самі ствараюць электронныя сродкі навучання, распрацоўваюць методыкі. Многа робіць Ала Мікалаеўна для таго, каб педагогі і майстры вытворчага навучання рухаліся ў сучаснай плыні, працавалі так, як патрабуе гэтага дзень сённяшні. Таму пастаянна арганізоўваюцца экскурсіі на прадпрыемствы для знаёмства з найноўшым абсталяваннем, каб выкладчыкі ведалі, чым жыве вытворчасць не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі.
Яшчэ адзін важны фактар — маральная падтрымка супрацоўнікаў каледжа. Цікавыя, разумныя ідэі і ініцыятывы ніколі не застаюцца без увагі, а падтрымліваюцца і прасоўваюцца. Акрамя таго, за многа гадоў у калектыве стварылася цудоўная атмасфера сяброўства і ўзаемапавагі. І гэта, дарэчы, меркаванне не толькі нашай гераіні. Пра тое, што калектыў каледжа быццам адзіная сям’я, скажа кожны яго супрацоўнік. Ала Мікалаеўна прызнаецца, што яе галоўныя прынцыпы ў рабоце з педагогамі — аб’ектыўнасць, патрабавальнасць і добразычлівасць. Шчыра ацаніць работу чалавека і пакрытыкаваць, калі патрэбна, — гэта вельмі важна. Але яшчэ важней не забыцца пахваліць і падзякаваць чалавеку за добра выкананую работу, — лічыць наша гераіня.
Важны складнік дзейнасці намесніка дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце — работа з навучэнцамі. Трэба сачыць за дысцыплінай, наведваннем заняткаў, засваеннем новых ведаў і ўменняў… Ала Мікалаеўна расказвае, як важна, каб дзіця з першых дзён зразумела, што яго тут чакалі, што яму тут рады. Тады навучэнец будзе старацца, а працаваць з ім будзе лягчэй. Тых, хто прыходзіць у каледж пасля 9 класа, Ала Мікалаеўна ласкава называе малышамі і кажа, што ў адносінах да дзяцей галоўнае — дабрыня. Дзеці прыходзяць розныя, да кожнага неабходна знайсці ключык, каб адкрыць у ім самае лепшае. Работа з дзецьмі бадай што самая складаная, але і радасці яна прыносіць многа. “Калі на выпускным кваліфікацыйным экзамене бачыш, што колішні малыш вырас у добрага спецыяліста, то адчуваеш непамерную асалоду ад сваёй працы,” — дзеліцца Ала Мікалаеўна.
Каб працэс навучання ва ўстанове прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі быў паспяховым, ён павінен праводзіцца ў цеснай сувязі з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў. У каледжы дасягнулі таго, каб кожны навучэнец не толькі тэарэтычна пазнаёміўся з тэхнікай, абсталяваннем, з якімі сустрэнецца на сваім рабочым месцы, але і папрацаваў з імі. Для гэтага даўно наладжана супрацоўніцтва з базавымі прадпрыемствамі. “Што будзе патрэбна прадпрыемствам заўтра, трэба ведаць ужо сёння”, — лічыць Ала Мікалаеўна і заўсёды сочыць за сітуацыяй на рынку працы. Слуцкі дзяржаўны каледж працуе менавіта так — на апярэджанне. Нядаўна, напрыклад, было арганізавана навучанне па кваліфікацыі “вытворца марожанага”, бо з’явілася патрэба ў такіх спецыялістах. І ўжо сёння ў каледжы рыхтуюцца да наступнага навучальнага года. Праведзены маніторынг паказаў, што запатрабаваны на прадпрыемствах лабаранты хіміка-бактэрыялагічнага аналізу. У каледжы плануюць аднавіць падрыхтоўку па гэтай кваліфікацыі з 2016/2017 навучальнага года.
Кожны, хто хоць раз пабываў у Слуцкім дзяржаўным каледжы, безумоўна, запомніць гэтую прыемную руплівую жанчыну. Усе аспекты работы, якія знаходзяцца пад яе кантролем, цяжка пералічыць. Пры гэтым яна для ўсіх знаходзіць час і ласкавае слова. Ала Мікалаеўна — добры чалавек і сапраўдны прафесіянал, які шчыра любіць сваю работу і сваіх калег і лічыць гэта залогам поспеху любой справы: “Адзін чалавек нічога не зробіць, важна, каб быў дружны калектыў — такі, як у нас. Мы разам радуемся і разам вырашаем праблемы. Гэта мая сям’я, і тут мой дом”.
Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.