Дзень народнага адзінства нагадвае, у чым сіла нашага народа і пра якія ўрокі гісторыі не варта забываць.

Святочны каляндар у кожнага народа свой, і ў ім адлюстроўваецца светапогляд грамадства, яго каштоўнасці, гістарычная памяць, вектары развіцця. Па змяненнях, якія адбываюцца ў сямействе важных дат, можна меркаваць аб спрадвечным, экзістэнцыяльным — хто мы і куды ідзём. Напрыклад, калі беларускі каляндар за апошні час папоўнілі такія святы, як Дзень маці, Дзень бацькі, то еўрапейскі — дні і нават месяц гордасці за сексуальныя меншасці. Як кажуць, без каментарыяў.
Само за сябе гаворыць і вяртанне ў лік усенародных свят 17 верасня. Да канца 1940-х гадоў у гэты дзень наша рэспубліка з размахам святкавала ўз’яднанне Усходняй і Заходняй Беларусі. Аднак у сувязі з тым, што пасля вайны Польшча далучылася да сацыялістычнага лагера і ўспамінаць былыя крыўды стала як быццам некарэктна, ад усенароднага святкавання
17 верасня адмовіліся. І вось праз гады ў гэты дзень мы зноў гаворым аб самым важным — каштоўнасці адзінства нашага народа, любові і вернасці сваёй Радзіме, якія трэба пацвярджаць штодзённымі справамі на яе карысць і развіццё, а не на разбурэнне. Бо ў 2020 годзе жыццё нагадала нам аб тым, што расслабляцца нельга, сваю нацыянальную цэласнасць і суверэннасць трэба цаніць, берагчы і абараняць.
Такое свята, як Дзень народнага адзінства, абавязкова павінна быць у кожнага народа, які накіраваны ў будучыню. Яно нацэльвае нас задумацца і паспрабаваць асэнсаваць тое, што адбываецца з намі і вакол нас. А гэта проста неабходна ў сённяшніх умовах, калі з розных куткоў свету прылятаюць такія трывожныя навіны, што часам цяжка ў іх паверыць. У гэты дзень важна разам успомніць урокі гісторыі, выпрабаванні, якія выпалі на долю нашага народа. І як балюча было нам у 1921 годзе, калі рэспубліку літаральна разарвалі на дзве часткі, і што перажылі пад варожай акупацыяй падчас Вялікай Айчыннай вайны… Як мы справіліся з гэтымі і многімі іншымі наваламі? Разам, талакой, з дапамогай нашых братоў і саюзнікаў. У гэтым адзінстве — галоўная сіла народа, не варта пра гэта забываць.
У нашым слове “мы” — мільёны “я”. Усе мы розныя, са сваімі марамі, жаданнямі, характарамі. І, зразумела, часам не пазбегнуць супярэчнасцей і крыўд. Аднак чалавека разумнага адрознівае здольнасць аддзяляць галоўнае ад другаснага, дамаўляцца, выбачаць і прасіць прабачэння. Дзеля агульнай справы і ўласнага росту як асобы. І пра гэта таксама трэба задумацца ў Дзень народнага адзінства.
Нашых жанчын мы цэнім круглы год, але ёсць прыгожае свята 8 Сакавіка, калі яны літаральна патанаюць у кветках і кампліментах. Для мужчын знаходзяцца добрыя словы заўсёды, але 23 лютага ўзносім нашых абаронцаў на асаблівы п’едэстал пашаны. І хаця часткай беларускага народа кожны з нас адчувае сябе заўсёды, цяпер ёсць 17 верасня, калі можам гучна сказаць аб нашым адзінстве на шматлікіх святочных мерапрыемствах, на адзіным уроку ў школах, падчас інтэрнэт-чэленджаў, публікацый у СМІ. Гэта свята магутнага слова “мы”, з якога пачынаецца наш Дзяржаўны гімн, якое ўвекавечана ў нашай гістарычнай памяці і з’яўляецца гарантам нашай будучыні.
Фота на прэўю з архіва рэдакцыі, носіць ілюстрацыйны характар





