Гэтую адукацыю атрымліваюць дальнабачныя людзі

- 6:31Наша пошта

У жніўні некаторыя СМІ змясцілі інфармацыю аб тым, што ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі па выніках прыёмнай кампаніі сёлета адзначаецца значны недабор, таму, верагодна, будуць прадоўжаны тэрміны прыёму. У нашу рэдакцыю пачалі паступаць пытанні наконт дакладнасці згаданай навіны. Шчыра кажучы, мы таксама здзівіліся, пачуўшы аб працягу прыёму, паколькі ведаем, што без унясення змен у заканадаўства гэта немагчыма. За тлумачэннямі было вырашана звярнуцца ў Міністэрства адукацыі. Галоўны інспектар упраўлення вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі галіновага міністэрства Марына Эдуардаўна СУВОРАВА адказала нам і на іншыя пытанні, што тычацца прыёму ў ССНУ.

— Марына Эдуардаўна, ці сапраўды будзе прадоўжаны прыём ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў сувязі з недаборам на пэўныя спецыяльнасці? Згаданую навіну чулі ў міністэрстве?

— Так, людзі тэлефанавалі і нам, аднак тут, здаецца, мела месца блытаніна паняццяў. Прыёмная кампанія была прадоўжана ва ўстановах адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі, да якіх адносяцца, сярод іншых, прафесійна-тэхнічныя каледжы. Яны таксама рыхтуюць спецыялістаў і на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Прыём жа ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі, уключаючы і прафтэхкаледжы, завяршыўся 16 жніўня.

Такія часавыя рамкі прапісаны ва Указе прэзідэнта № 80 “Аб правілах прыёму ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы”, згодна з якім і ажыццяўляецца прыём абітурыентаў. Змены ва ўказ унесены не былі, таму і працягу тэрмінаў прыёму быць не можа. Адзначу толькі адзін момант: калі ў пачатку навучальнага года нехта з залічаных абітурыентаў не прыбывае на вучобу па няўважлівай прычыне, то на яго месца прапаноўваецца залічэнне абітурыенту, які быў наступны па конкурсе на гэтую ж спецыяльнасць, нават калі ён на гэты момант вучыцца ў школе ці ўжо недзе працуе. Праўда, зрабіць гэта можна толькі на працягу першага месяца навучання, да 30 верасня.

— Чым была абумоўлена важнасць прыёмнай кампаніі ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў 2012 годзе? Якія яе асноўныя вынікі?

— Фактары, якія нельга не ўлічваць сёння падчас прыёму, наступныя: рост патрабаванняў да падрыхтоўкі кадраў, умацаванне ўзаемадзеяння з работадаўцамі, забеспячэнне экспарту паслуг і пагаршэнне дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне.

Усяго ў беларускія ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі (216 дзяржаўнай формы ўласнасці і 12 прыватнай) у гэтым годзе было прынята 47 тысяч чалавек, з іх на бю­джэтную форму атрымання адукацыі — 27,6 тысячы. Калі параўнаем з вынікамі мінулага года, то ўбачым наступную карціну: прынята было 52 тысячы чалавек, на бюджэт — 27,9 тысячы. Недабор на згаданую форму атрымання адукацыі склаў сёлета 300 чалавек. І гэта вельмі добры паказчык з улікам значнага памяншэння колькасці выпускнікоў школ.

— А што ўплывае на фарміраванне кантрольных лічбаў прыёму ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі? Ці ўлічваюцца пры гэтым запыты абітурыентаў?

— Кантрольныя лічбы прыёму фарміруюцца толькі зыходзячы з патрэб заказчыкаў кадраў (згодна з Дзяржаўнай праграмай развіцця сярэдняй спецыяльнай адукацыі на 2011—2015 гады). Калі заявак ад арганізацый — заказчыкаў кадраў на пэўных спецыялістаў ва ўстановы адукацыі паступае менш чым 80%, то кантрольныя лічбы ўвогуле не фарміруюцца. У асноўным гэта тычыцца спецыяльнасцей, навучанне на якіх вядзецца за кошт бю­джэту.

Што да сацыяльнага запыту, то ён часцей за ўсё задавальняецца за кошт платных паслуг. Сёння ў насельніцтва застаюцца запатрабаванымі спецыяльнасці эканамічнага і юрыдычнага профіляў, а рынак працы такімі спецыялістамі перанасычаны. Таму на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі ажыццяўляецца паступовае скарачэнне прыёму на пазначаныя спецыяльнасці за кошт сродкаў бюджэту (за выключэннем профільных каледжаў).

Кантрольныя лічбы прыёму звязаны і з колькасцю выпускнікоў агульнаадукацыйных школ. У нашай краіне яна, як вядома, штогод скарачаецца. Такая даволі няпростая сітуацыя прымушае ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі мабілізоўвацца ў перыяд прыёмнай кампаніі і паляпшаць якасць прафарыентацыйнай работы.

— Ці павялічылася колькасць абітурыентаў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў пасля ўвя­дзення ніжняй планкі (7 балаў) пры паступленні ва ўніверсітэты краіны?

— Шчыра кажучы, вялікай розніцы ў гэтым плане наша сістэма не адчула. Напрыклад, летась 43% з ліку тых, хто паступіў у нашы ССНУ, мелі базавую адукацыю, выпускнікоў сярэдніх агульнаадукацыйных устаноў было 40%, астатнія прыйшлі з сістэмы ПТА. Сёлета на базе агульнай сярэдняй адукацыі да нас паступіла 38,2% юнакоў і дзяўчат. Нават менш, чым у мінулым годзе, аднак гэта можна спісаць на скарачэнне колькасці выпускнікоў школ наогул. Безумоўна, сярод навучэнцаў ёсць і тыя, хто не прайшоў ва ўстановы вышэйшай адукацыі.

— Якія спецыяльнасці былі найбольш папулярны ў абітурыентаў сёлета? Ці адзначаліся вялікія конкурсы падчас прыёму?

— На многія спецыяльнасці, такія як “Архітэктура”,  “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва”, “Медыка-рэабілітацыйная справа”, “Банкаўская справа”, “Цырульніцкае мастацтва і дэкаратыўная касметыка”, “Аўтасэрвіс”, “Дызайн”, попыт не зніжаецца ўжо даўно, прычым як з боку наймальнікаў, так і з боку абітурыентаў. Не стаў выключэннем і гэты год. Павысіўся попыт і на спецыяльнасці тэхнічнага профілю.

Што тычыцца конкурсу, то сёлета на дзённую форму атрымання адукацыі ён складаў 1,7 чалавека на адно бю­джэтнае месца (у 2011 годзе — 1,8), а на завочную — 2,6 (у 2011 годзе — 3,2).

Дарэчы, на некаторыя спецыяльнасці (дзённая форма навучання) у пэўных навучальных установах конкурс складаў больш за 4 чалавекі на месца. Так, у Мінскім дзяржаўным архітэктурна-будаўнічым каледжы гэта была “Архітэктура”, у Беларускім дзяржаўным медыцынскім каледжы — “Медыка-рэабілітацыйная справа”, у Пінскім дзяржаўным аграрным тэхналагічным каледжы — “Тэхналогія захоўвання і перапрацоўкі жывёльнай сыравіны”, у Мінскім дзяржаўным вышэйшым радыётэхнічным, Полацкім дзяржаўным аграрна-эканамічным каледжах і Мінскім каледжы электронікі — “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій”. Прыкладаў насамрэч шмат.

Высокі конкурс — больш за 5 чалавек на месца — адзначаўся і падчас прыёму на завочную (бюджэтную) форму навучання па наступных спецыяльнасцях: “Мантаж і эксплуатацыя электраабсталявання” (Белаазёрскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж электратэхнікі), “Канструяванне і тэхналогія швейных вырабаў” (Брэсцкі прафесійна-тэхнічны каледж сферы абслугоўвання), “Вытворчасць прадукцыі і арганізацыя грамадскага харчавання” (Брэсцкі прафесійна-тэхнічны каледж гандлю), “Тэхналогія дрэваапрацоўчых вытворчасцей” (Кобрын­скі мастацкі прафесійна-тэхнічны каледж), “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва” (Лунінецкі прафесійна-тэхнічны каледж сельскагаспадарчай вытворчасці), “Мантаж і эксплуатацыя ахоўна-пажарнай сігналізацыі” (Магілёўскі эканамічны прафесійна-тэхнічны каледж).

Заўважце, гэта ўсё прафесійна-тэхнічныя каледжы, прыём у якія на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі ажыццяўляецца на базе ПТА. Выпускнікі ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі, якія ўжо працуюць, пасту­паюць у прафтэхкаледжы на роднасныя спецыяльнасці, якія адпавядаюць іх прафесійнай дзейнасці. Гэта сведчыць пра тое, што інтэграванае навучанне запатрабавана, як у заказчыкаў кадраў, так і ў спажыўцоў адукацыйных паслуг. Дарэчы, план прыёму ва ўстановы ССА на базе ПТА сёлета выкананы на 100%.

Між тым высокі конкурс можа быць абумоўлены не толькі папулярнасцю спецыяльнасці, але і асаблівасцямі тэрытарыяльнага размяшчэння навучальнай установы, насычанасцю рынку працы пэўнымі спецыялістамі ў тым ці іншым рэгіёне. Так, напрыклад, па спецыяльнасці “Дакументазнаўства і дакументацыйнае забеспячэнне кіравання” ў Наваполацкім дзяржаўным політэхнічным каледжы конкурс сёлета наогул адсутнічаў, а ў Лінгвагуманітарным каледжы МДЛУ ён складаў 3,6 чалавека на месца. Такая ж сітуацыя і са спецыяльнасцю “Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў”: у Барысаўскім політэхнічным каледжы конкурс на яе складаў 1 чалавек на месца, у Бабруйскім аўтатранспартным каледжы — 1,5, у Гомельскім дарожна-будаўнічым — 2,9, у Мінскім аўтамеханічным — 3,5.

— А ці многія спецыяльнасці не карыстаюцца попытам у абітурыентаў? Якія меры прымаюцца да іх: непапулярныя спецыяльнасці закрываюцца ці маладым людзям прапаноўваюцца нейкія прывабныя сацыяльныя “штучкі”?

— Рашэнне аб закрыцці спецыяльнасцей не прымаецца ў адзін момант: яму папярэднічае вялікая аналітычная работа, паколькі спецыяльнасць можа быць незапатрабавана сёння, а заўтра яна зноў спатрэбіцца. Ды і ўвогуле, аптымізацыя структуры — вельмі складаны працэс. Падыходзіць да гэтага пытання трэба з усёй сур’ёзнасцю.

Не вельмі папулярны “Заатэхнія”, “Тэхнічнае забеспячэнне працэсу сельскагаспадарчай вытворчасці”, “Спартыўна-педагагічная дзейнасць”, “Металарэжучыя станкі і інструменты». Апошняя была закрыта летась у Мінскім аўтамеханічным каледжы. Падстава — адсутнасць заявак ад наймальнікаў.

Што да спецыяльнасцей сельскагаспадарчага профілю, то Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчу прымае пэўныя захады для таго, каб павысіць да іх цікавасць маладых людзей: даецца добрая рэклама спецыяльнасцей, навучэнцам прадастаўляюцца месцы ў інтэрнатах, маладым спецыялістам выдзяляюцца кватэры і г.д. Увогуле ўсе каледжы праводзяць вялікую прафарыентацыйную работу. На жаль, сацыяльны заказ не заўсёды супадае з жаданнем наймальнікаў.

— А па якіх новых спецыяльнасцях пачалася падрыхтоўка ў гэтым навучальным годзе?

— Сёлета падрыхтоўка па новых спецыяльнасцях, якія нядаўна ўнесены ў Агульнадзяржаўны класіфікатар, не ажыццяўляецца (адкрыццё новых спецыяльнасцей — працэс працаёмісты, ён патрабуе маркетынгавых даследаванняў і аналітыкі). У гэтым годзе можна гаварыць пра тыя спецыяльнасці, якія ўжо існуюць на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі: установы адукацыі, якія раней не навучалі па гэтых спецыяльнасцях, вывучыўшы рынак працы і адпрацаваўшы пытанне з наймальнікамі кадраў, адкрылі падрыхтоўку па наступных з іх: “Рамонтна-абслуговая вытворчасць у сельскай гаспадарцы” (Клічаўскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж), “Кіраванне ў аграпрамысловым  комплексе” (Смілавіцкі дзяржаўны аграрны каледж), “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва” (Бабруйскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны мастацкі каледж імя А.Я.Ларына), “Паштовая сувязь” (Гродзенскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж), “Наладка і эксплуатацыя абсталявання электравакуумнай вытворчасці” (Брэсцкі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж прыборабудавання) і “Страхавая справа” (Брэсцкі дзяржаўны каледж сувязі).

— Марына Эдуардаўна, папулярнасць сярэдняй спецыяльнай адукацыі апошнім часам павышаецца — гэта патрэба часу. А якія аргументы на яе карысць можаце прывесці вы?

— Эканоміка не стаіць на месцы, і сёння сярэднюю спецыяльную адукацыю атрымліваюць пісьменныя і дальнабачныя людзі. Навучэнцы набываюць выдатныя практычныя навыкі, адпрацоўваючы іх на прадпрыемствах і ў арганізацыях. Пры гэтым тэарэтычнае навучанне ў каледжах сугучнае з вышэйшай школай, і тэарэтычная падрыхтоўка выпускнікоў каледжаў таксама захоўваецца на высокім узроўні. Калі выпускнік каледжа захоча стаць прадпрымальнікам ці высакакласным арганізатарам, ён без праблем зможа атрымаць дадатковую адукацыю ва ўстанове вышэйшай адукацыі. Гэтаму садзейнічае і развіццё інтэграцыйных форм навучання (каледж — універсітэт). Бывае і так, што маладыя людзі знаёмяцца ў каледжах з асновамі юрыспрудэнцыі ці бухгалтарскага ўліку, а потым паступаюць у акадэмію ці ўніверсітэт на інжынерныя спецыяльнасці. На выхадзе атрымліваецца выдатны кіраўнік, які дасканала ведае сферу інжынерыі і адначасова можа пракантраляваць і іншыя ўчасткі работы.

Гутарыла Глафіра ЛЯТКОЎСКАЯ.
liatkouskaya@ng-press.by
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.