Годна прадставіць нашу Беларусь

- 9:00Актуально, Апошнія запісы, Спартыўныя падзеі

Учора ў Мінскай гарадской ратушы прайшлі ўрачыстыя провады беларускай спартыўнай дэлегацыі на Сусветныя школьныя гульні да 15 гадоў. Цёплыя словы і пажаданні ўдалага выступлення юным спартсменам сказалі прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, Міністэрства спорту і турызму, Беларускай асацыяцыі школьнага спорту, Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.

Cусветныя школьныя гульні да 15 гадоў пройдуць у адным з найстарэйшых гарадоў Еўропы — Бялградзе. Менавіта ў сталіцы Сербіі з 11 па 19 верасня школьнікі-спартсмены з усяго свету будуць выступаць у 14 відах спорту. Нашу краіну на гэтым міжнародным форуме прадставяць 26 хлопчыкаў і дзяўчынак, якія будуць змагацца за медалі ў 4 відах спорту: лёгкай атлетыцы, дзюдо, плаванні і таэквандо.

— Вы ўжо з’яўляецеся пераможцамі, пераможцамі над сабой, таму што спорт робіць чалавека мацнейшым, загартоўвае не толькі цела, але і дух. Адборам на Сусветныя школьныя гульні з’яўляюцца рэспубліканскія спаборніцтвы, школьныя спартакіяды. Міністэрства адукацыі ў звязцы з Міністэрствам спорту і турызму, настаўнікі фізічнай культуры і здароўя ў шчыльным тандэме з трэнерамі робяць так, каб вы былі заўважаны і ваш талент развіваўся. Хочацца падзякаваць вашым педагогам, трэнерам, бацькам, непасрэдна вам за тое, што вы паказалі выдатныя вынікі і змаглі быць адабраны на гэты міжнародны спартыўны форум. Няхай наш дзяржаўны сцяг падымаецца на гульнях як сцяг краіны-пераможцы, — звярнуўся да ўдзельнікаў беларускай дэлегацыі намеснік міністра адукацыі Аляксандр Уладзіміравіч Кадлубай.

Некаторымі сакрэтамі ўдалага выступлення падзяліліся намеснік міністра спорту і турызму Міхаіл Пятровіч Партны і алімпійскі чэмпіён па грэблі на байдарках і каноэ член прэзідыума выканаўчага камітэта Беларускай асацыяцыі школьнага спорту Андрэй Віктаравіч Багдановіч. Па словах Міхаіла Пятровіча, у спорце нярэдка бывае, што больш маральна падрыхтаваныя перамагаюць больш фізічна падрыхтаваных.

— Не трэба баяцца. Трэба памятаць, што сіла не толькі ў мышцах — яна ў галаве, душы, сэрцы, у тых, хто побач з вамі, сіла ў вашай камандзе, людзях, якія вас трэніравалі. Сіла — тое, што вы едзеце прадстаўляць нашу краіну, — звярнулася да юных спартсменаў і сакратар ЦК БРСМ Варвара Ягораўна Сярова.

Ад імя юных спартсменаў капітан каманды, якая будзе змагацца за медалі ў лёгкай атлетыцы, падзякавала за добрыя словы і пажаданні і запэўніла, што разам з таварышамі па камандзе прыкладзе ўсе намаганні, каб апраўдаць высокі давер і годна прадставіць нашу Беларусь.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.