У сталіцы прайшло першае пасяджэнне камісіі “Конкурсу маладзёжных ініцыятыў” з удзелам міністра адукацыі Ігара Карпенкі — 18 праектаў атрымалі статус “Рэкамендаваны для падтрымкі”.
“Фактычна ў краіне пакладзены пачатак фарміраванню грантавай сістэмы ў межах маладзёжных ініцыятыў”, — адзначыў старшыня камісіі міністр адукацыі Ігар Карпенка.
Новы праект, які стартаваў 3 лістапада пад эгідай БРСМ пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і Банка развіцця, накіраваны на прыцягненне моладзі да творчай дзейнасці і сацыяльнай практыкі, стаў першым вопытам Беларусі ў гэтым кірунку.
Арганізатарам паступілі ўжо 230 заявак, з іх з улікам прадастаўленых поўных пакетаў дакументаў паспяхова прайшлі рэгістрацыю 116 праектаў. 48 атрымалі ацэнку незалежнай экспертызы і былі прадстаўлены ў Рэспубліканскім доме моладзі. У выніку 18 атрымалі рэкамендацыі для падтрымкі.
Нагадаем, у верасні бягучага года Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падтрымаў стварэнне ў краіне сістэмы малых грантаў на рэалізацыю маладзёжных ініцыятыў. Гаворка ішла ў першую чаргу пра дзяржаўна-прыватнае партнёрства, рэалізацыю грамадзянскіх ініцыятыў.
Новы конкурс носіць галосны і сістэмны характар. “Разам з тым патэнцыяльныя праекты-пераможцы павінны быць арыентаваны на большую колькасць юнакоў і дзяўчат. Акрамя таго, важна разумець, на які перыяд часу разлічаны праект. Неабходна распрацаваць механізм зваротнай сувязі пераможцаў конкурсу з экспертамі ў частцы рэалізацыі праекта”, — адзначыла сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Варвара Сярова.
Да ўдзелу ў “Конкурсе маладзёжных ініцыятыў” запрашаюцца маладзёжныя і дзіцячыя грамадскія аб’яднанні, установы адукацыі і арганізацыі. Для атрымання малога гранта на конкурснай аснове неабходна да канца лістапада накіраваць свае заяўкі на адрас арганізатараў. Кантакты можна знайсці на сайце БРСМ.
Падрыхтавала Вольга БАРЫСЕВІЧ.