Хочаш размаўляць на замежнай мове? Практыкуйся!

- 6:18Наша пошта

Добры дзень, паважаная рэдакцыя!

Хачу звярнуцца да вас з наступным пытаннем. Мой сын у будучым годзе закончыць 9 клас, але ўжо сёння перад намі паўстала дылема выбару навучальнай установы. Справа ў тым, што хлопчыку лёгка даюцца замежныя мовы і ён выказвае жаданне пасту­паць пасля 11 класаў у Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. Аднак нашы знаёмыя раяць яму пасля 9 класа прадоўжыць вучобу ў Лінгвагуманітарным каледжы МДЛУ. Маўляў, закончыўшы каледж, будзе лягчэй паступіць ва ўніверсітэт. Ці так гэта? А калі сын не захоча потым паступаць у вышэйшую навучальную ўстанову, куды ён зможа працаўладкавацца, набыўшы сярэднюю спецыяльную адукацыю ў названым каледжы?

Ірына Свірыдовіч, Асіповічы.

Для таго, каб грунтоўна адказаць на пытанне нашай чытачкі, мы звярнуліся да намесніка дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Лінгвагуманітарнага каледжа МДЛУ Маргарыты ХАМЯНОК.

— Маргарыта Мікалаеўна, ці сапраўды тыя юнакі і дзяўчаты, якія пачынаюць атрымліваць лінгвістычную адукацыю ў вашай навучальнай установе, аказваюцца ў выйгрышы пры паступленні ў ВНУ ў параўнанні з выпускнікамі 11-х класаў ? Калі так, то ў чым заключаецца іх перавага?

— Па-першае, конкурс у лінгвагуманітарны каледж крыху ніжэйшы, чым у МДЛУ. А па-другое, — і гэта, пэўна, самае галоўнае — каледжы (раней вучылішчы) заўсёды вызначаліся вялікім практычным складнікам. У нас вельмі шмат практык па ўсіх спецыяльнасцях. Напрыклад, атрымліваючы спецыяльнасць “Замежная мова”, навучэнцы ўжо на 2 курсе праходзяць псіхолага-педагагічную практыку. На 3 курсе іх чакаюць нават тры практыкі — па падрыхтоўцы да аздараўленча-выхаваўчай работы з дзецьмі ў летні перыяд, летняя практыка, пробныя ўрокі і заняткі. На 4 курсе восенню зноў пачынаюцца пробныя ўрокі і заняткі і, канечне, пераддыпломная практыка на працягу сямі тыдняў. Такой колькасці практык не прапаноўвае ні адна ВНУ.

Навучэнцы спецыяльнасці “Лінгвістычнае забеспячэнне сацыякультурнай дзейнасці” праходзяць азнаямленчую практыку, дзве тэхналагічныя і пераддыпломную. Што да спецыяльнасці “Дакументазнаўства і дакументацыйнае забеспячэнне кіравання”, то там юнакам і дзяўчатам прапаноўваецца камп’ютарны практыкум, практыкум па справаводстве, тэхналагічная і пераддыпломная практыкі.

І яшчэ адзін важны момант: паколькі каледж з’яўляецца структурным падраздзяленнем МДЛУ, нашы выпускнікі могуць паступаць у згаданы ўніверсітэт на скарочаныя тэрміны навучання — на другі ці на трэці курс, у залежнасці ад таго, як самі пажадаюць. Тэрмін жа навучання ў Лінгвагуманітарным каледжы складае 3 гады 10 месяцаў.

— Але ж веданне замежнай мовы не перашкаджае паступленню і ў іншыя ВНУ. Студэнтамі якіх яшчэ навучальных устаноў, акрамя МДЛУ, становяцца вашы выпускнікі?

— Сапраўды, нашы выпускнікі паступаюць таксама ў БДЭУ, БДУ, БНТУ. І ўзровень ведаў, атрыманых у каледжы, дазваляе ім вучыцца далей без асаблівых цяжкасцей. Дарэчы, на вывучэнне замежнай мовы на ўсіх нашых спецыяльнасцях выдзяляецца каля 1500 гадзін. А калі гаварыць менавіта пра лінгвістычны ўніверсітэт, то нашы выпускнікі, якія туды паступаюць, вызначаюцца на фоне астатніх студэнтаў толькі ў лепшы бок. Ім значна лягчэй вучыцца, і добрая маўленчая практыка тут адыгрывае не апошнюю ролю.

— А калі выпускнік каледжа не жадае працягваць вучобу ў ВНУ, то дзе ён можа працаўладкавацца?

— Выпускнікі спецыяльнасці “Замежная мова”, як правіла, ідуць працаваць у школы. Выпускнікі спецыяльнасці “Дакументазнаўства і дакументацыйнае забеспячэнне кіравання” атрымліваюць кваліфікацыю “Сакратар-рэферэнт”, якая таксама запатрабавана сёння на рынку працы. Да таго ж навучэнцы гэтай спецыяльнасці на працягу ўсёй вучобы ў каледжы вывучаюць дзве замежныя мовы і валодаюць імі на дастатковым узроўні. Напрыклад, выпускнікі гэтага года ў якасці дадатковай мовы вывучалі нямецкую і іспанскую (на выбар); неўзабаве, спадзяёмся, дабавіцца яшчэ і італьянская мова.

Што да выпускнікоў спецыяльнасці “Лінгвістычнае забеспячэнне сацыякультурнай дзейнасці”, то яны могуць праца­ваць экскурсаводамі, гідамі-перакладчыкамі, адміністратарамі гасцініц і кіраўнікамі гурткоў англійскай мовы. Дарэчы, азнаямляльную практыку навучэнцы названай спецыяльнасці праходзяць у сталічным атэлі “Мінск”, культурна-забаўляльным цэнтры “Вікторыя”, гасцініцах “40 гадоў Перамогі”, “Юбілейная”, у Нацыянальным мастацкім музеі, Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь.

— Наколькі нам вядома, спецыяль­насць “Лінгвістычнае забеспячэнне сацыякультурнай дзейнасці” адкрылася ў вашай установе не так даўно. Раней такіх спецыялістаў рыхтавалі толькі вышэйшыя навучальныя ўстановы.

— Названая спецыяльнасць вельмі запатрабавана: напрыклад, у мінулым го­дзе конкурс на яе складаў 2,5 чалавека на месца, у той час як на спецыяльнасць “Замежная мова” ён быў 1,8. Першы выпуск каледжа па спецыяльнасці “Лінгвістычнае забеспячэнне сацыякультурнай дзейнасці” адбыўся ў мінулым годзе. Гэта была адна група, на платнай аснове. Складалася яна з выпускнікоў 11-х класаў. А сёлета мы ўжо выпускалі навучэнцаў, якія прыйшлі ў каледж пасля заканчэння дзевяці класаў. І вучыліся яны на бюджэтнай аснове. Усе, дарэчы, былі размеркаваны.

— Куды, калі не сакрэт?

— З размеркаваннем, канечне, не заўсёды атрымліваецца так, як хацелася б выпускнікам. Справа ў тым, што маладыя людзі, якія атрымалі названую спецыяльнасць, у пераважнай большасці бачаць сябе адміністратарамі буйных сталічных атэляў. Безумоўна ж, атэляў на ўсіх не хапае, таму сваіх выпускнікоў у асноўным мы размеркавалі ва ўстановы сістэмы адукацыі: працаўладкавалі кіраўнікамі гурткоў англійскай мовы, краязнаўчых гурткоў у цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Але сярод навучэнцаў былі і такія, хто сам знайшоў сабе работу адміністратара. Усе індывідуальныя запыты былі задаволены, у тым ліку і з турыстычных фірм.

Глафіра ЛЯТКОЎСКАЯ.
liatkouskaya@ng-press.by
Фота аўтара.