Любімы настаўнік… Як многа ў двух знаёмых словах! Напэўна, няма чалавека, чыё сэрца не адгукнецца на іх удзячнасцю. Яны больш каштоўныя, чым афіцыйныя статусы. Званні заслужанага, народнага настаўніка — знак прызнання і павагі. Любімы настаўнік — гэта невымерна вышэй.

Маю першую настаўніцу звалі Любоў. Яна свяцілася любоўю і спагадай усё сваё зямное жыццё: наша сонейка ласкавае, на якое толькі зрэдку набягалі строгія хмурынкі… Калі ў маёй сям’і здарылася бяда (дарослыя па “хуткай” трапілі ў бальніцу, і васьмігадовае дзіця засталося без нагляду), першай, каго я ўбачыла на парозе, была настаўніца. Птушкай прыляцела, абняла, забрала з сабой. Не ведаю, ці давялося ёй афармляць нейкія дакументы, але я жыла ў яе кватэры, пакуль не выпісалі маці. У прыгарадную школу мы ездзілі з Віцебска. Двойчы ў дзень такое падарожжа для дзіцяці — прыгода. Толькі дзяліцца ўражаннямі з сябрамі мне не хацелася: інтуітыўна адчувала, што настаўніца гэта не ўхваліць. Яе любоў была па-хрысціянску сціплай. Думаю, многіх маіх аднакласнікаў звязвалі з ёй падобныя гісторыі. А клас яна паспела выпусціць далёка не адзін.
У школьныя і студэнцкія гады мне пашчасціла вучыцца ў выдатных прафесіяналаў — з улікам цяперашняга вопыту магу сцвярджаць гэта ўпэўнена. Многіх маю гонар называць сваімі любімымі настаўнікамі. З кожным адчуваю непарыўную сувязь, бо роднасць па крыві вызначае фізічнае аблічча, а роднасць духоўная — якія мы людзі. Таму не стану прыніжаць пашану да сваіх настаўнікаў пералікам прозвішчаў: я іх усе помню, старонняму ж чалавеку той доўгі спіс нічога не скажа. Можа, аднойчы з’явіцца магчымасць сабраць успаміны ў кніжку — атрымалася б цікавая.
Потым я сама была настаўніцай у роднай школе, выкладчыцай у каледжы і ва ўніверсітэце, дзе раней вучылася. Даўно змяніла прафесійную сферу, але дагэтуль адзін з самых прыемных жыццёвых сюрпрызаў, калі на вуліцы выпадковы прахожы раптам спыняецца, прыглядаецца і ледзь не бяжыць да цябе з радасным: “Добры дзень, Таццяна Віктараўна!” — і ты пазнаеш свайго вучня. Мінулым летам колішні навучэнец патэлефанаваў, мы дамовіліся пабачыцца. Між тым ён ужо кандыдат навук. Свой зборнік мне падарыў — добрыя вершы. Асаблівае ўзлётнае пачуццё, калі ў службовай камандзіроўцы завітаеш у школу, дзе табе прапануюць педагога ў якасці героя публікацыі — а гэта аказваецца, напрыклад, твая былая студэнтка.
Хаця часцей ва ўстановах адукацыі сустракаю аднакурснікаў і знаёмых па ўніверсітэце. Сярод іх начальнікі і спецыялісты аддзелаў па адукацыі, дырэктары школ, вучоныя, завучы, метадысты, кіраўнікі школьных музеяў. Больш за ўсё вопытных педагогаў-прадметнікаў. Нам ёсць пра што пагаварыць і па рабоце, і па-за работай. У іншым выпадку лёгка загадзя прадказаць, што размова пойдзе пра нашых універсітэцкіх выкладчыкаў. Яны таксама нашы настаўнікі, блізкія нам людзі. Нас сёння аб’ядноўвае тое, што мы ў іх вучыліся.
Працуючы ў “Настаўніцкай газеце”, штодзень вучуся ў нашых настаўнікаў і кіраўнікоў. Магчыма, мяне ў журналістыцы трымае менавіта захапленне кожным героем артыкула, кожным новым знаёмствам з педагогам. Удвая радуюць сустрэчы з даўнімі сябрамі і што гэтае сяброўскае кола пастаянна мацнее, расце. Шчыры дзякуй і паклон вам, нашы дарагія, шаноўныя, любімыя. З Днём настаўніка!
Фота на прэўю з архіва рэдакцыі, носіць ілюстрацыйны характар





